2 тысячы беларусаў адмовіліся аддаваць свае органы пасля смерці
За апошнія 6 гадоў у Беларусі выканана больш за 1 тысячы аперацый па трансплантацыі ныркі.
Больш за 2 тысячы чалавек у Беларусі афіцыйна напісалі адмову стаць донарамі органаў і тканак. Кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак Алег Румо лічыць, што гэта ў працэнтных адносінах з агульнай колькасцю насельніцтва "стандартныя лічбы, як ва ўсім свеце".
Раней паведамлялася, што людзей, якія напісалі адмову быць донарамі органаў і тканак пасля смерці, было каля 50. У сувязі з гэтым Румо растлумачыў, што пасля прыняцця адпаведнага закона, у краіне пачаў фарміравацца адзіны рэгістр донараў органаў, куды і заносіцца інфармацыя пра людзей, якія напісалі адмову. Галоўны трансплантолаг Міністэрства аховы здароўя адзначыў, што з разуменнем ставіцца да пазіцыі людзей, якія напісалі адмову стаць донарамі органаў пасля смерці. "У выпадку неабходнасці і яны будуць пастаўлены ў лік чакання на правядзенне ім аперацый па трансплантацыі органаў і тканак”, — дадаў Румо.
За апошнія 6 гадоў у Беларусі выканана 244 перасадкі печані, 125 перасадак сэрца, больш за 1 тысячу аперацый па трансплантацыі ныркі. У Беларусі, у адпаведнасці з заканадаўствам, у сферы трансплантацыі органаў і тканак дзейнічае прынцып прэзумпцыі згоды.
Рэлігійныя арганізацыі не выступаюць супраць выкарыстання чужых органаў. Да прыкладу ў Гомелі па ініцыятыве прыхаджан і пры падтрымцы парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў касцёле прайшла акцыя: каталікі падпісалі добраахвотную згоду на выкарыстанне пасля смерці сваіх унутраных органаў у транспланталогіі.