7 месяцаў у «дзіцячых месцах пазбаўлення волі» за адсутнасць працы ў мамы

Газета «Витебский курьер» распавядае пра незвычайную справу, якая 28 лістапада разглядалася ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска.

Ілюстрацыйнае фота, 24smi.org

Ілюстрацыйнае фота, 24smi.org

Заяўнікам выступіла 16-гадовая дзяўчынка Анастасія Антоненка, якую ў снежня 2014 года адабралі ў сям'і і адвезлі ў сацыяльна-педагагічны прытулак, бо ў мамы не было афіцыйнага працаўладкавання. 
Насця прасіла разгледзець адказ кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Віцебска Сяргея Сташэўскага, які пакінуў без разгляду скаргу падлетка на пастанову органаў апекі.
Насцю Антоненка забралі проста з урокаў у школе, не паведаміўшы пра гэта бацькам. І 16 снежня 2014 года пастановай камісіі па справах непаўналетніх адміністрацыі Кастрычніцкага раёна было прызнана, што дзяўчынцы патрэбна дзяржаўная абарона. А гэта азначала, што дзіця, якое прызвычаілася да хатняга цяпла і клопату, апынулася ў стрэсавай сітуацыі. Якімі б выдатнымі ні былі ўмовы ў дзяржаўных установах, яны ніколі не змогуць замяніць дзяўчынцы паўнавартасную сям'ю. Ды і балюча ўсведамляць, што бацькі, якія не з'яўляюцца ні хранічнымі алкаголікамі, ні наркаманамі, ні дармаедамі, раптам атрымліваюць статус сацыяльна небяспечных.
«Мае права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, на неўмяшальніцтва ў сямейнае жыццё, былі ўшчэмленыя, — паказала ў сваёй скарзе Насця, — мяне насуперак маёй волі і волі маіх бацькоў разлучылі са сваёй сям'ёй».
Нямала прыйшлося перажыць і яе бацькам, якія з усіх сілаў стараліся як мага хутчэй вярнуць дачку дадому. Маці ўладкавалася на афіцыйную працу, у доме быў праведзены рамонт. Бацькі Анастасіі знаходзіліся ў разводзе, але бацька спраўна плаціў аліменты, удзельнічаў у выхаванні дачкі. Аляксандр Антоненка пастаянна наведваў сваё дзіцяці ў прытулку і вельмі перажываў за Насту.

Анастасія Антоненка і яе бацька Аляксандр. Фота Яўгена Масквіна

Анастасія Антоненка і яе бацька Аляксандр. Фота Яўгена Масквіна


На жаль, у апошні час спраў аб канфіскацыі дзяцей з сям'і становіцца ўсё больш.
З дзіцячага дома, дзе Наста апынулася пасля знаходжання ў прытулку на Залатагорскім, дзяўчынка вярнулася толькі ў ліпені 2015 года. Гэта значыць, больш за 7 месяцаў ёй давялося пражыць па-за сям'ёй, у «дзіцячых месцах пазбаўлення волі», як трапна выказаўся праваабаронца Павел Левінаў.
«Маю дачку з прытулку не адпусцілі нават наведаць у бальніцы хворую маму», —- абураўся Аляксандр Антоненка.
А сама Насця дадала, што на камісіі па справах непаўналетніх яе нават не сталі слухаць.
Не пагадзіўшыся з пастановай камісіі па справах непаўналетніх адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, Анастасія Антоненка паспрабавала абскардзіць яе ў адміністрацыі. Аднак у гэтай установе скаргу пакінулі без разгляду. Сваё рашэнне кіраўнік адміністрацыі Сяргей Сташэўскі матываваў адсутнасцю права ў дзяўчынкі на зварот ад свайго імя ў сувязі з тым, што яна не дасягнула паўналецця.
«Я хацела аформіць даверанасць на прадстаўленне маіх правоў на імя праваабаронцы Паўла Левінава, — патлумачыла Анастасія, — але толькі яе не падпісаў ні дырэктар прытулку, ні дырэктар дзіцячага дома. У выніку былі прапушчаныя ўстаноўленыя законам тэрміны на абскарджанне».
А яе бацька, Аляксандр, дадаў, што ў прытулку Насці не давалі ні паперы, ні канвертаў, каб напісаць скаргу, што дзяўчынка не была нават азнаёмленая з пастановай камісіі, якая пазбавіла дзіцяці бацькоўскай апекі.
Сам кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна горада Віцебска Сяргей Сташэўскі не прыйшоў на судовае паседжанне. Прадстаўнік органаў апекі заявіла, што ўсе падставы для канфіскацыі дзіцяці з сям'і былі, што адказ кіраўніка адміністрацыі быў цалкам вычарпальным. А знаходзілася Насця ў прытулку так доўга, паколькі бацькі не выконвалі ўсе рэкамендацыі, дадзеныя супрацоўнікамі органаў апекі. Ды і тэрміны на абскарджанне былі прапушчаны.
«А ці растлумачвала апека Насце тэрміны для абскарджання? — пацікавіўся Павел Левінаў. — І чаму не прапанавалі дзяўчынцы азнаёміцца ​​з пастановай і не дазволілі выступіць на камісіі? І яшчэ пытанне такое: чаму кіраўнік адміністрацыі напісаў, што Анастасія валодае няпоўнай грамадзянскай дзеяздольнасцю? Гэта парушэнне правоў дзіцяці, якiя вызначаны Канвенцыяй Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый. Насця мела права звяртацца ў камісію па справах непаўналетніх, органы апекі і папячыцельства, пракуратуру, а пасля дасягнення чатырнаццацi гадоў — у суд для абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў».
Суд Кастрычніцкага раёна г. Віцебска пакінуў без задавальнення скаргу Анастасіі Антоненка. Сама дзяўчынка і яе бацькі маюць намер дамагацца адмены пастановы ў Камітэце па правах чалавека.