Школа, вучаніца якой загінула на бульбе: Гэта быў выхаваўчы працэс, а не праца

Васьмікласніца Вікторыя Папчэня, якая загінула «на бульбе» ў верасні, трапіла на поле, бо ў школе не набралі неабходную колькасць старшакласнікаў.

Фота: zelenfermer.ru

Фота: zelenfermer.ru


Такая версія прагучала на судзе, дзе бацькі дзяўчынкі імкнуцца давесці, што паміж прадпрыемствам “Усход-агра” і іх дачкой мусілі існаваць працоўныя адносіны.

Пра гэта Еўрарадыё распавёў прысутны на судзе Андрэй Стрыжак, прадстаўнік прафсаюза РЭП у судовым працэсе.

Андрэй Стрыжак: “Аддзел адукацыі нібыта даў рэкамендацыю, а не распараджэнне ехаць на поле. Прадстаўнік школы распавёў, што менавіта ў гэтыя дні былі Дні самакіравання. Школа мусіла выставіць 20 чалавек, столькі не набралася, таму паслалі васьмікласнікаў”.

Чыноўнікі з аддзела адукацыі падтрымалі пазіцыю бацькоў: паміж Вікторыяй Папчэняй і прадпрыемствам, дзе працавалі школьнікі, мусілі быць працоўныя адносіны. Прадстаўнікі школы кажуць, што гэта быў выхаваўчы працэс, а не праца.

Маладзечанскі суд працягне разглядаць справу бацькоў загінулай на прыборцы бульбы Вікторыі Папчэні супраць раённай інспекцыі па працы 29 лістапада.

euroradio.fm