8 гадоў за смс пра наркотыкі: cмяротна хворая дзяўчына памірае ў турме
У рэдакцыю Еўрарадыё звярнулася Наталля Антанюк, чыя дачка Ірына адбывае васьмігадовы тэрмін за распаўсюджанне наркотыкаў. Жанчына распавядае, што яе дачка памірае з-за сур'ёзных захворванняў, якія турэмныя ўрачы не ў стане лячыць.
Гісторыя неадназначная: з аднаго боку, шэраг дыягназаў і жорсткі прысуд суда, з другога — вопыт ўжывання наркотыкаў і... тая самая злашчасная смс з каардынатамі закладкі, якая прывяла дзяўчыну ў калонію.
"Я разумею, калі б узялі хаця б з адной закладкай або з грашыма"
"Мая дачка знаходзіцца за кратамі ўжо 2,5 года. Яе асудзілі па ч. 3 арт. 328 на восем гадоў пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ў наяўнасці намеру і ў саўдзельніцтве ў распаўсюджанні наркотыкаў, — скрозь слёзы распавядае Наталля. — На суд дачку прывозілі з хлопцамі, якія працавалі ў інтэрнэт-краме з наркотыкамі. Ніякіх сведак менавіта па дачцэ не было, ніякага аператыўнага сачэння. Ніхто не пацвердзіў, што дачка сапраўды прадавала. Закладак няма, нічога нідзе не трымае. З яе проста зрабілі супрацоўніцу той інтэрнэт-крамы. Я разумею, калі б было распаўсюджанне, калі б яе ўзялі хоць бы з адной закладкай або з грашыма... Але яна ніякіх грошай не атрымлівала".
Ірына, цяпер 20-гадовая дзяўчына, трапіла ў міліцыю ўвечары 5 траўня 2016 года ў Брэсце, калі яна разам са сваім хлопцам вярталася з кіно. Затрымлівалі тады маладога чалавека, а яе саму прыцягнулі ў якасці сведкі. У хлопца знайшлі пакецік з забароненым рэчывам.
На наступны дзень Ірыну змясцілі ў СІЗА па падазрэнні ў саўдзельніцтве ў распаўсюджанні наркотыкаў.
"Падставай для прысуду сталі падзеі, якія адбыліся яшчэ ў 2015 годзе, прыкладна за дзевяць месяцаў да затрымання. Хлопец папрасіў яе купіць курыльную сумесь, бо сам нічога не мог знайсці. Яна і напісала ў тую злашчасную інтэрнэт-краму. Пакупку аплаціў ён. А калі ёй прыйшоў адказ з каардынатамі закладкі, пераслала яго хлопцу", — працягвае Наталля.
Калі працяглы тэрмін азначае смяротнае пакаранне
Дачка Наталлі на судзе пацвердзіла, што раней двойчы купляла наркатычную сумесь для нюхання. Па словах маці, яе можна зразумець, хоць і не апраўдаць. У Ірыны няма аднаго лёгкага, прагрэсуе бронхаэктатычная хвароба і эмфізэма іншага лёгкага, адзін з жалудачкаў сэрца знаходзіцца ў стане блакады і фактычна не працуе. Усяго ў дзяўчыны больш за дзясятак дыягназаў, якія патрабуюць медыцынскага назірання і пастаяннага лячэння.
Падчас суда дзяўчына ўжо была цяжка хворая. Пацвярджальныя дакументы былі паказаны на судовым працэсе. Аднак яе ўсё адно асудзілі на восем гадоў зняволення. Праўда, суд пакараў яе самым маленькім з тэрмінаў, магчымых па ч. 3 артыкула 328.
Па словах кіраўніка праваабарончай арганізацыі "Платформа" Андрэя Бандарэнкі, у прадстаўленых падчас суда медыцынскіх заключэннях маюцца адразу два дыягназы з пераліку захворванняў, якія перашкаджаюць далейшаму адбыванню пакарання. У гэтай сітуацыі працяглы тэрмін, па сутнасці, азначае смяротнае пакаранне.
"Рашэнне суда не столькі несправядлівае, колькі бездухоўнае і наогул амаральнае, — лічыць праваабаронца. — Самой па сабе перадачы наркатычных сродкаў або мэты да распаўсюджання ў дзяўчыны не было. Так, фармальна тут можна ўгледзець мэту збыту наркатычных сродкаў. Але калі падыходзіць абсалютна лагічна, то чалавек не збіраўся нічога распаўсюджваць: Ірына проста перадала хлопцу каардынаты з эсэмэскі, то бок распаўсюдзіла не самі наркатычныя сродкі, а толькі інфармацыю аб іх месцы знаходжання. Антанюк не мела дачынення да гэтай "крамы" і распаўсюджання наркатычных сродкаў".
"Самі разумееце, якая медыцына ў турме"
Першарадная задача для абаронцаў Ірыны цяпер — перавод дзяўчыны ў бальніцу. У калоніі стан дзяўчыны пагаршаецца, яна ўвесь час задыхаецца ад бесперапыннага кашлю. Ірыну даўно вызвалілі ад работ. Сукамерніцы стараюцца дапамагаць дзяўчыне, але часам ім у літаральным сэнсе даводзіцца адкачваць яе падчас прыступаў удушша.
"Турэмныя лекары праводзяць агляд і даюць нейкія прэпараты, але гэта не дапамагае. Думаю, вы і самі разумееце, якая там можа быць медыцына, — распавядае Наталля Антанюк. — Адзіная прычына, па якой Ірачка яшчэ не памерла — пасылкі з лекамі, якія мне дазволілі адпраўляць. Гэта ў абавязковым парадку інгалятары, вітаміны і шэраг таблетак. Але гэтыя прэпараты толькі душаць сімптомы, а не спыняюць невылечныя хваробы, які прагрэсуюць".
Жанчына спрабуе дамагчыся дэталёвага абследавання і шпіталізацыі Ірыны. Аднак МУС і ДВП у вызначэнні стану здароўя зняволенай і падстаў для яе вызвалення з-пад варты кіруюцца строгімі нарматывамі.
"На просьбы аб вызваленні Ірыны ў сувязі з яе станам здароўя органы адказваюць, што гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі будзе "трэцяя стадыя" фізічнага стану. Гэта значыць перадсмяротная, — працягвае Андрэй Бандарэнка. — Існуе ўсяго тры стадыі. Трэцяя — гэта ўжо той момант, калі чалавек фактычна не можа самастойна дыхаць і перасоўвацца. А стадыю здароўя Ірыны нават ніхто не вызначаў і не спяшаецца гэта зрабіць".
Па словах праваабаронцы, з апошняй размовы з прадстаўнікамі ДВП прайшло больш за паўгода, але ніякіх абследаванняў не праводзіцца. Праваабаронца лічыць, што гэта тлумачыцца тым, што суд закрыў вочы на дыягназы дзяўчыны, а пры паступленні ў калонію яе стан ужо характарызаваўся як цяжкі:
"Дэпартамент выканання пакаранняў выдатна разумее, чым гэта можа скончыцца. Тут ужо і кампенсацыя шкоды, нанесенай здароўю, і гэтак далей. І, магчыма, нават завядзенне крымінальнай справы за неаказанне належнай медыцынскай дапамогі. Таму ўсімі праўдамі і няпраўдамі Ірыне адмаўляюць у праходжанні гэтага абследавання. Бо без яго па дакументах будзе атрымлівацца так, што трапіла яна ў калонію здаровай".
Наталля Антанюк напісала пра сітуацыю ў Адміністрацыю прэзідэнта, але адказу не атрымала. Каб прыцягнуць увагу да праблемы сваёй дачкі, жанчына збіраецца абвясціць галадоўку.
Раман Пратасевіч, euroradio.fm