Тры з паловай гады за абязбольваючае?

Літовец вёз у Беларусь лекі для жонкі, а апынуўся ў турме.

golubeva.jpg


Ігараус Галубевас з жонкай.

Ігару 45 год, ён родам з Коўна. У 2017-м годзе ён вёз у Беларусь лекі — абязбольваючае-апіят «Трамадол» для жонкі, прыкутай да інваліднага вазку. У выніку апынуўся ў беларускай турме на тры гады. Прыводзім ягоны ліст у перакладзе на беларускую з невялікімі скарачэннямі і праўкамі.
«Я знаходжуся ў зняволенні з 24.03.2017. У гэты дзень я перасякаў пункт пропуска «Бігасава-1» з Літвы ў Беларусь, меў пры сабе лекі — Трамадол 150 мг, куплены ў Коўна (Ігараўс прыводзіць нават назву паліклінікі і імя лекара, які выпісаў рэцэпт — НЧ), для жонкі — інваліда 1 групы, якая перасоўваецца ў інвалідным вазку. Інваліднасць атрымала ў 2009 годзе ў выніку ДТЗ, ёй пастаянна патрэбныя моцныя абязбольваючыя. На момант затрымання жонка, Голубева Ганна, грамадзянка Беларусі, знаходзілася ў гасцях у сястры — у Віцебску.
Пасля размовы са следчым мытнага дэпартаменту РБ я зразумеў, што здзейсніў незаконны ўвоз дадзенай партыі медыкаментаў на тэрыторыю Беларусі. Гэта стала магчымым з-за майго поўнага няведання, што прэпарат, афіцыйна набыты мной у Літоўскай Рэспубліцы, забаронены да ўвозу ў РБ і з'яўляцца псіхатропным. Тым самым не асэнсоўваючы і не пераследуючы ніякага злачыннага намеру я ажыццявіў гэты ўвоз. Таксама я не ведаў, што гэты прэпарат трэба дэклараваць. Я даведаўся ад супрацоўнікаў мытні толькі пасля ягонага выняцця. У Літве ён лічыцца анальгетыкам, а ў РБ — псіхатропам. Дадзены прэпарат знаходзіўся на заднім сядзенні майго аўтамабіля, і я не спрабаваў яго схаваць, і пры першым жа патрабаванні супрацоўнікаў мытні прадставіў для дагляду. 08.08.2017 судом першай інстанцыі Верхнядзвінскага раёну Віцебскай вобласці быў прызнаны віноўным у незаконным перасоўванні праз мяжу РБ псіхатропных рэчываў (ч.1 ст. 328), было назначана пакаранне ў выглядзе 3 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму. Суд канфіскаваў аўтамабіль Опель Зафіра — як сродак ажыццяўлення злачынства і «скрывання ад мытнага кантролю шляхам недэкларавання».
Падчас судовага разбіральніцтва не было ўзятае да ўвагі, што мае абвінавачанне пабудаванае выключна на паказаннях супрацоўнікаў мытні. Не ўлічваюцца паказанні маёй жонкі і іншых сведкаў, дзе мы выразна паяснялі і прадстаўлялі дакументальнае пацверджанне сваім словам. Таксама не быў узяты да ўвагі аўдыё і відэазапіс мытнага дэкларацыйнага пункта, з якога вынікае, што медпрэпараты былі прадстаўленыя да дэкларацыйнага агляду. Аднак відэазапіс і паказанні супрацоўнікаў мытні цалкам адрозніваюцца, на відэа выразна бачна, што я прадстаўляю да дэкларацыйнага агляду лекі.
Таксама судом не было прынята да ўвагі, што з боку супрацоўнікаў мытні ў дачыненні мяне адбылася правакацыя. На дэкларацыйным пункце па загадзе супрацоўнікаў мытні разам з імі я праехаў у ангар паглыбленага дагляду пункту пропуска «Грыгароўшчына», тым самым незаконна перамясціў медыцынскія прэпараты. Бо ў першасных паказаннях супрацоўнікаў мытні якраз і было ўказана, што ў ангары паглыбленага дагляду «Грыгароўшчына» нібыта і быў знойдзены медпрэпарат, што ён адпавядае відэазапісу. Аднак відэазапіс не быў нават прагледжаны на судзе. Падчас знаёмства з пратаколам судовага паседжання я пабачыў, што ён не адпавядае рэчаіснасці, многія паказанні і факты перакручаныя і запісаныя няверна. Мне было адмоўлена ў вырабленні копіі дакументаў. 17.10.2017 адбыўся апеляцыйны суд, на якім я патрабаваў сваёй прысутнасці для растлумачэння паказанняў, аднак суд прайшоў без мяне. Апеляцыйная калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суда пакінула прысуд без зменаў. 27.12.2017 адбыўся надзорны разгляд у Віцебскім абласным судзе. Прысуд таксама быў пакінуты без зменаў. Пастанова надзорнай інстанцыі не была выдадзеная на рукі, што зʼяўляецца тормазам для падачы скаргі ў Вярхоўны суд.
Я шматразова звяртаўся ў амбасаду Літвы, калі быў затрыманы і пасля ў статусе асуджанага, прасіў аб дапамозе і сустрэчы з прадстаўніцтвам консульства Літвы. Прыходзілі адказы з консульства, што яны не бачаць падставаў для сустрэчы».
У спробах дабіцца перагляду свайго прысуду Ігараўс нават звярнуўся ў прадстаўніцтва ААН, праўда, чамусьці Расійскай Федэрацыі. У скарзе ён кажа не толькі аб дзеяннях следства і суда, але і аб невыносных умовах утрымання ў ПК-3: знаходжанне 300 чалавек у бараку, разлічаным на 70, недахоп санітарна-гігіенічных прыладаў і часу на асабістую гігіену і гэтак далей.
Пракаментаваць словы асуджанага і ягоныя скаргі мы папрасілі праваабаронцу і былога адваката Мінскай калегіі адвакатаў Паўла Сапелку.
«Па ўсталяваных правілах, увезці ў Беларусь лекі, якія ўтрымліваюць псіхатропы, можна для прыватнага карыстання па медыцынскіх паказаннях пры наяўнасці пацвярджальных медыцынскіх дакументаў. Абавязковай умовай зʼяўляецца мытнае дэклараванне такіх лекаў.
Гэтыя правілы даступныя для азнаямлення на сайце Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі і ў месцах перасячэння мяжы.
Парушэнне гэтых правілаў можа прывесці да крымінальнай адказнасці па частцы 1 арт. 328 КК РБ. Гэтае злачынства адносіцца да катэгорыі цяжкіх: матывы, па якіх асоба незаконна (у тым ліку — без дэкларавання) перамясціла псіхатроп праз мяжу, не маюць вызначальнага значэння для кваліфікацыі дзеяння як злачынства.
У дадзеным выпадку органам папярэдняга следства варта было больш пільна праверыць абставіны, пры якіх адбывалася перамяшчэнне лекаў праз мяжу, довады абвінавачанага, а суду — даць належную адзнаку ўсім абставінам пры вынясенні прысуду: нават калі вынікі аб фармальным парушэнні правілаў перасоўвання лекаў верныя, то пры тых абставінах, на якія спасылаецца асуджаны, у суда былі падставы для прымянення пакарання больш мяккага, чым прадугледжана ч. 1 ст. 328 КК РБ, як па памеры так і па відзе. Мэты крымінальнай адказнасці цалкам маглі быць дасягнутыя, на мой погляд, прымяненнем штрафу альбо арышту.
Што датычна ўмоваў, у якія быў пастаўлены асуджаны пры адбыцці пакарання, калі ён пазбаўлены доступу да матэрыялаў справы і адказаў афіцыйных асобаў, прыцягваецца да забароненай міжнародным заканадаўствам прымусовай працы, гэта, безумоўна, ёсць падстава для зварота ў органы ААН і да іншых спецыяльных механізмаў ААН у адсутнасці магчымасці звярнуцца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека.
Але форма звароту ў ААН абраная няверная — гэтыя звароты, органы і працэдуры не зʼяўляюцца інстанцыяй для абскарджання прысудаў — у іх мае сэнс толькі паведаміць аб парушэннях асноўных правоў, прадугледжаных міжнароднымі дамовамі (напрыклад, прымусовую працу), пералічаных у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, канвенцый супраць катаванняў».
Дарэчы, увагі заслугоўвае той факт, што літоўскі консул «не знайшоў падстаў» для сустрэчы з Ігараўсам. Для параўнання, консул Вялікабрытаніі прымаў актыўны ўдзел у лёсе Алана Сміта. Чым бы не было прадыктаванае такое стаўленне: артыкулам ці непублічнасцю ягонай справы, такая пазіцыя амбасады будзе адназначна даваць адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі карт-бланш для далейшага парушэння правоў вязняў-іншаземцаў.