96 гадоў таму завершылася Першая сусветная вайна

Сёння – гадавіна завяршэння Першай сусветнай вайны. Яна забрала жыцці прыкладна дзесяці мільёнаў чалавек, ячшэ 20 мільёнаў было паранена. 



images50.jpg

Вайна працягвалася з 1914 па 1918 год, прывяла да вялікіх палітычных зменаў, а таксама грамадскіх зрухаў.

Адначасова завяршэнне Першай сусветнай вайны стала пачаткам незалежнасці некалькіх нацый, якія стварылі або адбудавалі свае дзяржавы. Пра вынікі Першай сусветнай вайны Радэк Дамброўскі распытваў гісторыкаў: прафесара Антона Мірановіча і прафесара Алега Латышонка.

Алег Латышонак:

— Не буду арыгінальны, Першая сусветная вайна — гэта канец еўрапейскага панавання. Гэта была, па сутнасці, хатняя еўрапейская вайна, у выніку якой Еўропа перастала быць “пупам свету”. Тыя нацыі, якія былі ўнутранымі калоніямі, змаглі адсвяткаваць канец каланіяльнай эры. Для ўсяго каланіяльнага свету гэта быў пачатак вызвалення. Трэба ўспомніць, што і палякі за гэтую вайну маліліся.

Антон Мірановіч:

Найбольш выйгралі ад гэтай вайны румыны. Яны атрымалі сваю этнічную тэрыторыю амаль цалкам і 40% суседніх. Венгры — народ, які найбольш прайграў. Пасля Першай сусветнай вайны пераможцамі былі і палякі, якія атрымалі большасць сваёй этнічнай тэрыторыі і частку тэрыторый, на якіх пражывалі беларусы і ўкраінцы.

Кожнай вайны можна пазбегнуць, але ў чалавечай натуры адсутнічае такое імкненне. Малыя народы, малыя палітыкі думаюць, што гуляюць у вялікую гульню, а насамрэч імі маніпулююць ад пачатку да канца. Так было і ў Першую сусветную вайну і ў Другую сусветную, тое ж самае адбываецца і зараз. Напрыклад, падзеі ў Югаславіі дзесяць гадоў таму. Там свае інтарэсы мелі: Германія, ЗША, Расея, Францыя, Англія, Турцыя. Кожны імкнуўся вырашыць там нейкія свае інтарэсы. У выніку, на гэтым канфлікце, фактычна, прайгралі ўсе.

Першая сусветная вайна завяршылася 11 лістапада 1918 года перамогай дзяржаваў Антанты. Прывяла яна да развалу трох еўрапейскіх імперый і адраджэння або стварэння новых дзяржаў, такіх як Польшча, Чэхаславакія Фінляндыя, Югаславія, Літва, Латвія і Эстонія.
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя