Пяты аўтапрабег па мясцінах Першай сусветнай пачаўся ад брамы-капліцы, што будуецца ў Вілейцы
На Вілейшчыне прайшоў аўтапрабег па памятных мясцінах і месцах пахавання салдат Першай сусветнай вайны.
Традыцыйна ён адбываецца напярэдадні Дня прымірэння і памяці ахвяр гэтай вайны.
– Удзельнікаў аўтапрабегу было шмат. У калоне было больш за 25 аўтамабіляў і аўтобусаў, – распавёў дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея Сяргей Ганчар.
Удзельнічалі ў аўтапрабегу навучэнцы і настаўнікі некалькі школ горада і раёна, жыхары Вілейшчыны, краязнаўцы з Смаргоні, Мядзела і Вілейкі, госці з Расіі. А яшчэ – прадстаўнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Юны дэсантнік” з Маладзечна, ваенна-гістарычных клубаў з Брэста, Гомеля, Мінска. Сярод іх былі ўдзельнікі ў форме і рускай, і германскай армій.
Былі ўдзельнікі ў форме і рускай, і германскай армій
Аўтапрабег быў юбілейны: праводзіўся пяты год запар. Арганізоўвае яго фонд “Памяці Першай сусветнай вайны “Крокі” па ініцыятыве Барыса Цітовіча.
Новым у сёлетнім мерапрыемстве стала тое, што пачалося яно з могілак па вуліцы 1 Мая. Там узводзіцца брама-капліца ў гонар воінаў, якія паляглі пры вызваленні горада ў 1915 годзе.
Далей удзельнікі аўтапрабегу наведалі могілкі “Лясныя” у Вілейцы, дзе знаходзяцца тры брацкія магілы з перапахаваннямі астанкаў рускіх воінаў. Пабывалі на брацкай магіле каля вёскі Порса. Там пахаваны салдаты 27-га армейскага корпуса імператарскай арміі, якія загінулі пры ліквідацыі Свянцянскага прарыву.
Маршрут праходзіў па памятных месцах і пахаваннях у вёсках Бараўцы, Жарсцвянка, Нарач, Папоўцы, па мемарыяльных комплексах каля вёсак Рускае Сяло і Заброддзе.
На кожным памятным месцы святары правялі ліціі (кароткія памінальныя малітвы) на ўспамін усіх загінулых. Невялікую паніхіду адслужылі ў Барысаглебскай капліцы ў вёсцы Заброддзе.
Пазнаёміліся ўдзельнікі з музейнай экспазіцыяй па тэме Першай сусветнай вайны на Вілейшчыне.
– Як звычайна, на кожным прыпынку расказвалі пра гісторыю гэтага месца, – кажа Сяргей Ганчар. – Бо адна з мэт аўтапрабегу – каб дзеці больш ведалі пра падзеі тых часоў.
Расказвае Барыс Цітовіч
Па добрай традыцыі завяршыўся аўтапрабег сяброўскай гарбатай на беразе Нарачанкі.
Фота забяспечаныя Сяргеем Ганчаром