А дзе правы пасажыра-беларуса? Гэта ўжо дыскрымінацыя!

Некалькі месяцаў вёў перапіску з прадстаўнікамі Беларускай чыгункі Аляксандр Стэпановіч. Пачынаючы ад начальніка станцыі Стоўбцы, дзе летам гукавыя апавяшчэнні з беларускай мовы цалкам перавялі на рускую і заканчваючы праўленнем. Што ў выніку?

Карыкатура Радыё "Свабода"

Карыкатура Радыё "Свабода"


Асноўны пасыл маіх зваротаў заключаўся ў тым, што ўся інфармацыя павінна быць даступная на беларускай мове (гэта датычыць і ўсіх інфармацыйных надпісаў, і гукавых апавяшчэнняў), што карэнныя беларусы не абавязаны ведаць другую дзяржаўную мову (рускую), а дзяржава згодна з Канстытуцыяй павінна забяспечыць усе ўмовы, каб любая інфармацыя была даступна на дзяржаўнай беларускай мове. — лічыць спадар Аляксандр. — Для зручнасці замежных турыстаў, якія не валодаюць беларускай мовай, можна дадаткова дубляваць інфармацыю на другой дзяржаўнай мове (рускай) і па-ангельску, але НЕ ЗАМЕСТ беларускай”.

Але ў большасці выпадкаў на звароты грамадзяніна Беларусі прыходзяць фармальныя адпіскі са спасылкамі на заканадаўства. Маўляў, яны маюць права выкарыстоўваць адну з дзяржаўных моў на выбар (беларускую АБО рускую).

Атрымліваецца, што кліент (пасажыр) такога права выбару мовы абслугоўвання не мае. А гэта ўжо дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце.

Хаця, дзеля справядлівасці, трэба зазначыць, што ў цэлым нейкая праца вядзецца. Аляксандру Стэпановічу паведамілі, што з восені ўкараняюцца беларускамоўныя абвесткі і надпісы на ўсіх чыгуначных станцыях.

Але ніяк не магу дабіцца каб па-беларуску аб'яўлялі не толькі ў прыгарадных цягніках эканомкласу, але і ў гарадскіх лініях, міжрэгіянальных лініях бізнэс-класу, міжрэгіянальных лініях эканом-класу, — дадае спадар Аляксандр. — Мне кажуць, няма такога распараджэння (унутранае распараджэнне БЧ што да абвестак па-беларуску датычыць толькі прыгарадных цягнікоў эканомкласу). Ад начальніцы станцыі Стоўбцы ўвогуле атрымаў адказ не на мове звароту, а па-руску, што ўжо з'яўляецца грубым парушэннем закону "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб". Дарэчы, кіраўніцтва БЧ паведаміла, што ёй за гэта было вынесена строгае папарэджанне”.

Каб пазбегнуць такіх сітуацый у далейшым, спадар Аляксандр прапанаваў кіраўніцтву БЧ пры прыёме супрацоўнікаў на працу, асабліва на кіроўныя пасады, праводзіць праверку кандыдатаў на абавязковае веданне дзяржаўнай беларускай мовы і беларускага заканадаўства, а таксама правесці адпаведнае навучанне для цяперашніх супрацоўнікаў.

Стэпановічу на гэта адказалі, што паводле заканадаўства не маюць права аддаваць перавагу таму ці іншаму кандыдату па моўнай прыкмеце.

Але гэта няпраўда, — лічыць спадар Аляксандр. — Бо калі для выканання службовых абавязкаў на той ці іншай пасадзе патрабуецца веданне той ці іншай мовы, то аб гэтым канкрэтна пішуць у патрабаваннях да кандыдата. У сувязі з гэтым лічу неабходным дабівацца ўвядзення на заканадаўчым узроўні абавязковага патрабавання на веданне беларускай мовы для кіраўнікоў і для супрацоўнікаў, якія працуюць з кліентамі, а таксама звязанае з гэтым патрабаванне — кліента абавязаны абслугоўваць па-беларуску, калі ён звяртаецца на беларускай мове (няважна, пісьмова ці вусна). Патрабаванне цалкам аналагічнае патрабаванню даваць адказы на мове звароту, замацаванае ў законе "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб".

У ідэале было б добра, канечне, каб за беларускай мовай замацавалі асаблівы статус нацыянальнай мовы, — каб з дзвюх дзяржаўных моў перавага аддавалася ёй, а руская магла выкарыстоўвацца толькі дадаткова, але не замест”, — упэўнены Аляксандр Стэпановіч.