Каталіцкая царква ўпершыню выдала Новы Запавет па-беларуску
Прэзентацыя пройдзе ў рамках біблейскага сімпозіума «Слова Божае 1517 — 2017».

25 лістапада ў мінскім каталіцкім касцёле св. Сымона і св. Алены (вул. Савецкая, 15, актавая заля касцёла) пройдзе біблейскі сімпозіум «Слова Божае 1517 - 2017», падчас якога адбудзецца прэзентацыя першага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання Новага Запавету на беларускай мове.
Сімпозіум праходзіць у рамках святкавання 500-годдзя выдання першай друкаванай Бібліі Скарыны Францішка. Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля запрашаюць біскупаў, святароў, законнікаў і законніц, выкладчыкаў, студэнтаў і выпускнікоў каледжа, а таксама ўсіх жадаючых прыняць удзел у біблейскім сімпозіуме «Слова Божае 1517 - 2017».
Пачатак сімпозіума ў 10.00. Урачыстая імша, якую ўзначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, адбудзецца ў 12.00, паведамляе Catholic.by.
Нагадаем, раней Беларуская праваслаўная царква прэзентавала свой пераклад Новага Запавету на беларуску мову.
Паводле katolik.life