«Прыназоўнікі» супраць «Іскандэраў» ад Вінцука Вячоркі

Трохсотстаронкавую кнігу пад назвай «Не смяшыце мае прыназоўнікі» прэзентаваў у Цэнтры гарадскога жыцця ў Гродне мовазнаўца і палітык Вінцук Вячорка.

v1_1.jpg

“Чаму мая кніга мае назву “Не смяшыце мае прыназоўнікі”? Бо яна гучыць як выклік расейскаму выразу “Не смешите мои «Искандеры»”, — адразу на пачатку сустрэчы патлумачыў Вінцук Вячорка.

Гэта ўжо другая кніга пра беларускую мову, і складзена яна з тых нарысаў, што гучалі на “Радыё Свабода” пачынаючы з 2014 года (першая кніга выбраных тэкстаў з гэтай серыі “Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам” выйшла ў “Бібліятэцы Свабоды” ў 2016 годзе).

Кніга складаецца з сямі частак: “Беларуская дзяржава”, “Беларуская годнасць”, “Беларускае імя”, “Беларускае слова”, “Беларускі тэрмін”, “Беларуская экспрэсія” і “Беларуская нагода”. Кожная гэтая частка складаецца з артыкулаў, прысвечаных гэтым тэрмінам.

 

v4_0.jpg

 “Жанр кнігі хутчэй эсэістычны, ні ў якім разе не навуковы. І падручнікам я б яе таксама не назваў, каб не адпалохваць магчымых чытачоў”, — кажа Вінцук Вячорка.

На пытанне пра тое, каго аўтар бачыць сваім чытачом, Вячорка кажа, што арыентаваўся на ўсіх адукаваных людзей.

Зусім не абавязкова на філолагаў, лінгвістаў. Проста на адукаваных і неабыякавых да нашай культуры, гісторыі і да нашай ідэнтычнасці людзей, — падкрэслівае аўтар “Прыназоўнікаў”. — Я імкнуўся ставіць калі-нікалі парадаксальныя пытанні пра беларускую мову і вельмі рашуча выводзіць яе ва ўсясветны кантэкст.

Вельмі часта мы мыслім катэгорыямі супастаўлення беларускай мовы і расійскай, радзей — беларускай і польскай. Але, па праўдзе, лёс нашай мовы, яе праблемы часта бываюць падобнымі да тых, якія перажывалі іншыя мовы Еўропы і свету. Напрыклад, каталонская мова.

Сярод тэкстаў у гэтай кнізе ёсць некалькі сацыя-лінгвістычных, прысвечаных перапісам, нашай моўнай свядомасці, таму, як іншыя народы ў праблемнай моўнай сітуацыі спрабуюць ратаваць сваю моўную будучыню. Уся першая частка кнігі прысвечана пераадоленню пэўных нашых комплексаў “Не мы адны такія — і ўсё ў нас будзе добра”. 

v2_0.jpg

Таксама Вінцук Вячорка ў кнізе надаў увагу беларускім тапонімам і антрапонімам.

У кнізе я сканцэнтраваўся на мове зямлі, на геаграфічных назвах. Падштурхнула мяне да публікацыі вельмі рашучая змена, якая адбылася ў нашых паўднёвых суседзяў. Украінцы, трэба аддаць ім належнае, дэсаветызавалі дзясяткі населеных пунктаў. Гэта было вельмі няпроста: дзе можна было вярнуць старажытны тапонім — яго вярталі, а цяжэй, калі само паселішча новае ці адносна новае, альбо ўзнікла ў імперскі час.

Нам у пэўным сэнсе лягчэй. У нас большасць назваў паселішчаў лёгка паддаюцца рэканструкцыі. Светлагорск — гэта Шацілавічы, альбо Шацілкі, Акцябрскі — гэта Рудабелка, якая не мае нічога супольнага з рудымі белкамі, якія па-беларуску “вавёркі”. А звязаная яна з адбельваннем балотнай жалезнай руды, якую ўмелі здабываць нашыя продкі. Бальшавікі былі агрэсіўныя ў сваім памкненні сцерці з геаграфічных мапаў карэнную памяць усіх народаў, якія трапілі пад іх уладу. Але рана ці позна мы вернем свае прыгожыя старыя назвы.

 На сустрэчу з Вінцуком Вячоркам завіталі гродзенцы рознага ўзросту, дыскусія па моўных і палітычных пытаннях зацягнулася больш за гадзіну. А пасля сустрэчы ўсе прысутныя атрымалі кнігі з аўтографам аўтара.

baj.by