Тры запалкі. Наўздагон ТоnqiХod’у

Звычайная запалка гарыць секунд дваццаць. Калі пашчасціць — трыццаць. Потым ужо балюча трымаць. Тры запалкі разам — крыху даўжэй, амаль сорак.

io.jpg

 

Што потым? Палі што яшчэ. Сыходзь дзе святлей. Ці глядзі далей сваю цемру і гадуй апечаныя пальцы.

Абвестка пра фактычны фінал (акей, “бестэрміновы творчы адпачынак”) арт-прагрэсіў-рок-бэнду ТоnqiХod — акурат пра гэта. Пра стомленасць прагрэсараў. Пра скокі ў беспаветранай прасторы і безнадзейнасць эстэцкага культур-партызанства. Пра дзіўны беларускі поспех даўжынёй у тры запалкі.

Стары рок-н-рольны прыпеў: “Жыць хутка, памерці маладым, у труне ляжаць прыгожым”. Той, хто гэта прыдумаў, дакладна не рабіў музыку ў нашым сэрцы Еўропы. Бо тут гэта ўсё можна атрымаць без дадатковых высілкаў. Проста на падставе лакальнай прапіскі.

Такая краіна. Такая культурка. Пасечаная, як піца. Падзеленая, як чужое бабло. Дурнаватая, нібыта бігмак. Фэйкавая, як Дажынкі. Закрытая, як вясковая крама а пятай раніцы. Самотная, як фікус Андруся Горвата.

Тут ёсць два сцэнары: дзяржзамова і самадзейнасць. І калі ты не здольны арганізаваць сабе легалайз — цябе папросту няма. Ты — самапальны энтузіяст, невядома хто невядома адкуль. Як ні вычварайся ў фэйсбуку. Як ні спасылайся на Джойса, Мана Рэя і Эндзі Уорхала. Як ні аджыгай у Вільні ці Варшаве. Бо зверху цябе не замаўлялі, а ўнізе рэй вядуць маскоўскія.

Тут што ні рух, то прабел. Супраціў матэрыялу — звычайная справа, калі не граеш блатняк пад гарэлачку ці салодкі джазец пад ружовае марціні. Што, зрэшты, фактычна тое самае. Стабільнасць — гэта кома нефармату. Дакладней, ператварэнне яго ў дыялог з пустэчай.

Каб разумець нефармат, трэба ведаць коды. Каб іх ведаць, трэба іх выкладаць. Без адбудаванай сістэмы культурных спасылак і школы чытання знікае адукаваны спажывец складаных тэкстаў. Застаюцца сямейнікі, фанаты і выпадковыя мінакі.

Ім ўсім хапае таго, што ёсць. Ці чаго няма. Яны загадзя згодныя. Ці абыякавыя. Рабі што хочаш. Усё адно застанешся дзе быў. Са сваімі запалкамі. Са сваёй нізкай столлю.

Выдаў кніжку. Зрабіў выставу. Запісаў альбомчык. Атрымаў Гедройца ці прыз ад experty.by. З’ездзіў кудысьці. І што? І ўсё. Пішы яшчэ кніжку. Рабі музыку. Можа, зноў штосьці дадуць. А потым будзе чарговае рахманае шоў. На той самай пляцоўцы. З тымі самымі фэйсамі ў зале. Мо яшчэ квіток у Браціславу.

Гарызантальны пейзаж не разлічаны на вертыкальны ўзлёт. Рэзанансу няма. Рэха не стае. Беларускае шчасце — знайсці сабе нішу. Легчы ў яе. І лічыць сняжынкі на вуснах.

Незалежная культура? Ага. Айчынны андэграўнд — самы незалежны ў свеце. Бо ад яго татальна нічога не залежыць. У найлепшым выпадку, айцы нацыі штосьці прыдбаюць сабе па прыколе — як славутае “Саня останется с нами”. А так — гуляйцеся, дзеткі, у сваім куточку. Шызуйце паціху. Грайце свае бясплатныя канцэрцікі ў сваіх смешных клубах. Посціце фоткі. Друкуйце плыткі. Не замінае. Бо нястрашна. Неістотна.

У гэтым раскладзе гурт ТоnqiХod аказаўся абсалютна нязручным, бо хацеў зашмат. І адмаўляўся быць неабавязковым. Яны не пісалі маніфестаў. Яны самі былі маніфестам. Шматслойныя п’есы нявызначанага прызначэння прарасталі скрозь непазбежныя песнярызмы, абрыдлую верасовасць, камфортную крамаватасць і звычайны дзюбелізм — каб нагадаць пра тое, чаго ў нас не было. Пра гераічную замежную традыцыю “высокага попсу”, здольную спалучыць канцэптуальны мэсідж, цвярозы разлік, авангардную шызу і шаманскі шарм. Гэты мікс аказаўся рэальнай культурнай інтэрвенцыяй: ён прэзентаваў адначасова вінтажны саўнд, прасунутую вершаванку, канцэптуальны стыль-дызайн і сталічны фасон філфакаўскіх разумнікаў. Жыхары Вавілонскай бібліятэкі выйшлі пагуляцца ў рок-н-рол. І самі сабе рэжысіравалі мінулае і будучыню.

Яны відавочна былі тутэйшымі замежнікамі. Самаробнае Радыё Шамбала. Бо дзейнічалі не проста як электрычны бэнд з празмернымі амбіцыямі. Шэсць гадоў свайго трыпу тройца “балотных ідальга” існавала ў прынцыпова новым для нашай багны статусе — як лабараторны эксперымент па перапраграмаванні супольнай свядомасці. Ін’екцыя еўрапейскасці. Папсовы овердоўз філарманічнай якасці.

Аднак паспрабуйце на ім зарабіць у нашым аграгарадку імя хору Турэцкага. А за мяжой у нешта падобнае — калярова-сімпатычна-хаатычна-псіхадэлічнае — нагуляліся яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя. ТоnqiХod зрабіўся нармальным артэфактам запаволенай мадэрнасці — забаўкай свядомай меншасці, адсунутай ад рычагоў кіравання культурным працэсам. Спробай паразумецца з тым, хто не хоча тваёй мовы.

Гурт адгучаў, як сігналы ніадкуль. Як дэманстрацыя іншага складу мыслення — дзёрзкага. Амбітнага. І непазбежна стратнага.

Пустэча нараджае пустэчы. Героі на радзіме жывуць нядоўга. Дзе Янка Маўзер? Куды сышлі The Toobes? Хто заўважыў, што скончыўся Zygimont Vaza? Чаму знікла з радараў BosaeSonca? Цяпер вось вычарпаліся “тонкія”.

Гарым паасобку. Зіхацім коратка. Сыходзім ціха.

Чэсныя айчынныя запалкі.

budzma.by