А потым будзе дэвальвацыя
Большасць з нас звыкла лічыць, што беларускія ўлады маюць пэўную палітычную лінію, згодна з якой кіруюць сацыяльна-эканамічнымі працэсамі. А на самай справе, хто кім кіруе — сабака хвастом, ці наадварот — на гэта пытанне няма выразнага адказу.
Большасць з нас звыкла лічыць, што беларускія ўлады маюць пэўную палітычную лінію, згодна з якой кіруюць сацыяльна-эканамічнымі працэсамі. А на самай справе, хто кім кіруе —
сабака хвастом, ці наадварот — на гэта пытанне няма выразнага адказу.
Прыкладам, відавочна свядома Лукашэнка даў распараджэнне Нацыянальнаму банку з сакавіка 2011 года спыніць продаж валюты імпарцёрам, што прывяло да дэвальвацыі і гіперінфляцыі, наступствы чаго
адчуваюцца і зараз. І таму няма ніякай яснасці, што будзе з беларускім рублём, колькі за яго дадуць напрыканцы года. А можа, ён абваліцца і раней, бо кіраўніцтва Еўразійскага банка развіцця,
спасылаючыся на невыкананне Беларуссю дамовы аб прыпыненні эмісійнага фінансавання дзяржпраграм, абвясціла пра несвоечасовасць выдзялення трэцяга транша крэдыту ЕўрАзЭС. У Мінску ж чакаюць, што грошы
паступяць з дня на дзень.
Заяўлена, што ўрад і Нацбанк не плануюць выкарыстоўваць на падтрымку рубля золатавалютныя рэзервы. Але калі затрымка з крэдытам працягнецца, можа і давядзецца тое зрабіць.
Разам з тым, на сустрэчы з Надзеяй Ермаковой 16 студзеня Лукашэнка зрабіў вельмі аптымістычную заяву. Маўляў, золатавалютныя рэзервы сёння, упершыню за ўсю гісторыю краіны, настолькі значныя, што
можна падтрымліваць які заўгодна курс рубля. І патлумачыў, што курс павінен быць абгрунтаваным, разумным, але абавязкова свабодным. Але ж тут не можа быць адназначнай трактоўкі. Прадаўцы долараў
маюць інтарэс у падвышэнні курса, пакупнікі — у зніжэнні. А ўрад і Нацбанк і прадае іх, і купляе. І пры гэтым, як паказала мінулагодняя фінансавая палітыка, часцяком паводзіць сябе, як слон
у пасуднай краме. Вызначае выгадны для сябе курс абавязковага продажу валюты ў экспарцёраў, забірае валюту сабе, а ўсіх астатніх садзіць на галодны паёк.
Апошняя частка заявы абвяргае папярэднюю. Бо свабодны курс складаецца суадносінамі попыту і прапановы, а «разумны» ўсталёўваецца пад ціскам валютных інтэрвенцый.
Атрымоўваецца адно з двух. Але магчыма яшчэ і нешта трэцяе. Восенню адбудуцца парламенцкія выбары, для падрыхтоўкі якіх дадатная доларавая дынаміка заробкаў, пенсій ды іншых выплат мае стратэгічнае
значэнне. Прынамсі, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Касінец ужо патрабаваў ад падначаленых падняць доларавую вартасць сярэдніх заробкаў на «падмандатнай тэрыторыі» да 500
у. а. Зараз, па інфармацыі Касінца, яна складае 280 долараў. Гэту немагчымую з пункту гаспадарчага разліку справу зрабіць яшчэ цяжэй, чым два гады таму, калі сярэдні заробак на Віцебшчыне складаў 300
долараў. Трэба дадаваць на дваццатку болей, чым тады. А крыніц амаль ніякіх. Нават наваполацкі НПЗ, некалі адно з самых паспяховых прадпрыемстваў краіны, зараз здабыткаў не прыносіць.
Нашы «губернатары» агучваюць толькі тыя задачы, якія ставяцца на самым версе. Таму, верагодней за ўсё, менавіта трэці варыянт. Для пад’ёма сярэдняга заробка да містычнай
вышыні ў 500 долараў зноў пачнуць раздаваць грошы. А для таго, каб пазбегнуць гіперінфляцыі ці, крый Божа, дэвальвацыі, давядзецца выдаткоўваць валютныя рэзервы на падтрымку рубля.
А пасля выбараў можна ўспомніць і пра дэвальвацыю?
Як адзначыла Надзея Ермакова, насельніцтва зараз прадае штодзень на 5–7 мільёнаў долараў болей, чым купляе, што дазваляе нават фінансаваць дэфіцыт знешняга гандлю. Усяго за 2011 год
насельніцтва прадало банкам валюты на 470,1 мільёна долараў болей, чым набыло. Такім чынам, самі людзі, з якіх адны займаюцца прадпрымальніцтвам, іншыя працуюць за мяжой і прывозяць большую частку
заробленага ў Беларусь, робяць сваю справу нашмат эфектыўней, чым буйныя «экспартаарыентаваныя» прадпрыемствы. І заробленыя імі грошы ідуць на фінансаванне гэтага бязглуздага
экспарту.
З другога боку, падвышаецца сума валютных укладаў насельніцтва. Толькі ў снежні памер валютных дэпазітаў насельніцтва ў беларускіх банках павялічыўся на 204,2 мільёны долараў, а з кастрычніка да
канца 2011 года валютныя дэпазіты выраслі на 652,7 мільёны долараў.
Такім чынам, у фармаванні валютнага курса суб’екты знешняга гандлю ў якасці прадаўцоў і пакупнікоў амаль не ўдзельнічаюць. Унутраны валютны рынак амаль цалкам «захоплены»
насельніцтвам, якое дапамагае ўладам больш-менш паспяхова вырашаць тыя праблемы, якія яны спарадзілі і ледзь не зруйнавалі фінансавую сістэму краіны.
То бок, беларусы і зарабляць умеюць, і жыць па сродках.
Як адзначаюць эксперты, гэта сітуацыя хутка зменіцца. Таму вясной ці напачатку лета інфляцыя пачне змяншацца, панізіцца стаўка рэфінансавання, пачнуць набываць папулярнасць у насельніцтва рублёвыя
крэдыты. Адначасова падвысіцца попыт на наяўную валюту, паколькі (як паказаў досвед 2011 года) працяглы перыяд умацавання рубля правакуе дэфляцыйныя чаканні.