А вёска слухае ды п’е
Аляксандр Рыгоравіч пужае сельскую гаспадарку тым, чаго не можа быць. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова абяцаў, што возьмецца за праблему сельскай гаспадаркі, як у свой час браўся за будаўніцтва.
Дзеля гэтага была створана адмысловая працоўная група, якую напачатку тыдня прыняў кіраўнік дзяржавы.
Сітуацыя ў сельскай гаспадарцы вельмі дзіўная. У першым квартале 2014 года, па дадзеных Белстата, 24% сельгаспрадпрыемстваў у Беларусі былі стратнымі, нягледзячы на тое, што вытворцам і экспарцёрам беларускага харчавання аказваецца беспрэцэдэнтная дзяржаўная падтрымка. Так, 28 верасня 2013 года Лукашэнка агучыў: штогадовая дапамога вёсцы складае да 2 мільярдаў долараў, а ўсяго за апошнія гады ў сельгаспрадпрыемствы было інвеставана 50 мільярдаў долараў. А гэта амаль чатыры бюджэты ўсёй Беларусі на 2014 год!
У тым жа першым квартале 2014 года рэнтабельнасць сельгасарганізацый склала 5,7%, нягледзячы на тое, што нашы кошты даўно пераўзышлі польскія і літоўскія. Значная частка беларускай сельгаспрадукцыі экспартуецца ў Расію, але і гэта стратаў не перакрывае.
Такім чынам, мы «закапалі ў зямлю» аграменныя грошы без якога-кольвек бачнага эфекту.
Лукашэнка знайшоў, здавалася б, простае выйсце з гэтага тупіка. «Сёння ўжо цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю як гуртам, так і раздробна такія, што нашай сельскай гаспадарцы, якая атрымала немалую падтрымку ад дзяржавы ў папярэднія дзве пяцігодкі, можна жыць самастойна і зарабляць», — заявіў Лукашэнка. «Мы дамовіліся, што мы павінны падтрымаць тых, хто сёння можа выйсці на бясстратную працу і працаваць самастойна, а тым, якія не хочуць і не могуць, мы павінны даць тэрмін як мінімум да канца года і прыватызаваць, прадаць тым, хто хоча працаваць. Таму хай думаюць і вырашаюць», — запатрабаваў беларускі кіраўнік, напалохаўшы, што пасля змены ўласніка кіраўніцтву і супрацоўнікам такіх прадпрыемстваў прыйдзецца шукаць новую працу.
Варта зазначыць, што Аляксандр Рыгоравіч ужо не ў першы раз пужае вяскоўцаў альбо пазбаўленнем дзяржпадтрымкі, альбо выхадам на самаакупнасць, альбо новымі ўласнікамі. Былі і «рэвалюцыйныя захады» кшталту абавязкаў прыбытковым прадпрыемствам і арганізацыям (кшталту Нацбанка) узяць «шэфства» над занядбанымі калгасамі. Была і спроба продажу стратных сельгаспрадпрыесмстваў «за адзін рубель» тым, хто, на думку кіраўніцтва, здольны падняць сельскую гаспадарку.
Але нездарма ў савецкія часы існавала показка: «Ці можа слон захварэць на грыжу? — Так, калі паспрабуе падняць сельскую гаспадарку». Сапраўды, некаторыя «падшэфныя» моцным прадпрыемствам і банкам калгасы і саўгасы выйшлі на новы ўзровень. Скажам, сетка сельгасарганізацый «пад Нацбанкам» была аб’яднаная ў агракамбінат «Мачулішчы». У развіццё агракомплексу цэнтральны банк краіны ўклаў, па лічбе на пачатак 2010 года, больш за 600 мільёнаў долараў.
Аднак, па-першае, не ва ўсіх калгасах былі такія спонсары. Па-другое, як ні вярці, але гэта ўсё роўна — апасродкаваная дзяржпадтрымка сельскай гаспадаркі. Ад якой, нагадаем, кіраўнік дзяржавы імкнецца (прынамсі, на словах) пазбавіцца.
Ну і, канешне, прыбытковым прамысловым прадпрыемствам і дарма не патрэбныя актывы, якія «праядаюць» іхні прыбытак. Таму яны ад такіх «няпрофільных» актываў усімі шляхамі імкнуцца пазбавіцца.
Тое ж самае адбылося з «прыватызацыяй за адзін рубель». Яна не мела поспеху, таму што ў дадатак да купленага прадпрыемства той, хто пажадаў гэта зрабіць, атрымліваў усе абавязкі па пазыках гэтага сельгаспрадпрыемства. А да таго ж павінен быў захаваць ягоны профіль і працоўных. Аб стварэнні на месцы кароўніка, напрыклад, аграсядзібы альбо вырошчванні на бульбяных палях лесу размовы не ішло. За свае грошы атрымаць шматмільённыя даўгі? Дзякуй, не трэба.
Але самай галоўнай перашкодай такой прыватызацыі з’яўляецца ўласнасць на зямлю. У кніжцы «Цяжка быць богам» братоў Стругацкіх дон Румата Эсторскі думкамі спрачаўся з Аратай Гарбатым: «Па дабрыні ты станеш раздаваць зямлю сваім паплечнікам, а нашто паплечнікам зямля без прыгонных?». Тут сітуацыя падобная, толькі без прыгонных. Можна прадаць калгас. А нашто патэнцыйнаму інвестару калгас без зямлі?
Нагадаем, на рэферэндуме 1996 года 82,88% ягоных удзельнікаў выказаліся супраць «свабоднага, без абмежавання, пакупкі і продажу зямлі». І таму з прыватызацыяй сельгаспрадпрыемстваў узнікаюць праблемы юрыдычнага і маральнага плана.
Па-першае, рашэнне, прынятае на рэферэндуме, можна адмяніць толькі рэферэндумам. Па-другое, можна ўзгадаць, што рэферэндум быў «кансультацыйным». Але іншыя тады ўзгадаюць, што такімі ж кансультацыйнымі былі і пытанні аб змене Канстытуцыі і замене Вярхоўнага Савета на двухпалатны парламент. Можна звыкла «не заўважыць» вынікі рэферэндуму і дазволіць продаж зямлі «валютнарысцкім рашэннем». Але тады трэція будуць дамагацца такога ж «валюнтарысцкага рашэння» па адмене смяротнага пакарання.
Так што ў бліжэйшым часе вёска можа піць, есці ды спаць спакойна. Ніякай прыватызацыі не будзе, таму што без зямлі сельгаспрадпрыемствы анікому не патрэбныя. Ёсць толькі адзін выпадак такой «прыватызацыі»: гэта калі занядбаны кароўнік выкупіла царква «Новае жыццё» і зрабіла ў гэтым будынку малельны дом для сваіх прыхаджан. Але і гэтую «прыватызацыю» вернікі адстойваюць амаль 10 год, праз суды і малітоўныя пратэсты.