Адбылася прэзентацыя новых выданняў твораў Алеся Адамовіча
Вечарам 31 студзеня ў Мінску ў Палацы мастацтва адбылася прэзентацыя новых выданняў твораў славутага беларускага пісьменніка, літаратуразнаўцы і грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча.
Сярод кніг, што пабачылі свет у апошнія паўтары гады — том “Выбранага” з “Залатой серыі” мінскага выдавецтва “Кнігазбор”, “Блокадная книга”, створаная Алесем Адамовічам разам з рускім пісьменнікам Даніілам Граніным (Санкт-Пецярбург, “Ленвыдат”), мастацка-публіцыстычнае апавяданне “Каратели” з ілюстрацыямі народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча (Мінск, “Папуры”) і “Khatyn: „Хатынская аповесьць“ (Лондан, “Glagoslav Publicаtions”).
У вечарыне прынялі ўдзел вядомыя дзеячы беларускай культуры, сваякі Алеся Адамовіча, прыхільнікі ягонай публіцыстыкі (якую цікавей чытаць, чым мастацкую прозу) і ягонай дакументальнай ваеннай прозы (якую ён сам называў “літаратурай запечанай крыві”).
Падчас прэзентацыі адзначалася, што ў творах Алеся Адамовіча, на якой бы мове ён ні пісаў, глыбінна паказана Беларусь, гаварылася пра ўнёсак Алеся Адамовіча-літаратуразнаўцы ў вяртанне Бацькаўшчыне імя і творчасці класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, пра ролю Алеся Адамовіча — грамадскага дзеяча ў падтрымцы перабудовы, Беларускага народнага фронту, справы аднаўлення беларускай дзяржаўнасці, міжнароднага антыядзернага руху, а таксама ў адкрыцці праўды пра Чарнобыль.
Разам з тым, выступоўцы падкрэслілі, што дагэтуль не выданы шасцітомнік збораў твораў Алеся Адамовіча (першы том выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” 20 гадоў таму — у 1995 годзе), у краіне пакуль няма музея і помніка нашаму славутаму земляку, на Беларусі толькі дзве вуліцы (у рабочым пасёлку Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці і ў аграгарадку Калодзішчы Мінскага раёна Мінскай вобласці) носяць імя гэтага выбітнага чалавека.
Удзельнікі прэзентацыі звярнулі ўвагу на тое, што ў сітуацыі расійскай агрэсіі супраць Украіны і небяспекі новай сусветнай вайны набывае асаблівую актуальнасць антываенная лірыка-драматычная аповесць-перасцярога Алеся Адамовіча “Апошняя пастараль”, створаная ім у 1987 годзе.
Узгадвалася 20-годдзе штогадовай літаратурнай прэміі Беларускага ПЭН-цэнтра імя Алеся Адамовіча за найлепшую публіцыстычную кнігу года, якой адзначаны творы 35 вядомых літаратараў, выказвалася надзея на падрыхтоўку і выданне кнігі пра жыццё і творчасць пісьменніка, навукоўцы і грамадскага дзеяча.
На вечарыне, арганізаванай Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Беларускім ПЭН-цэнтрам, адзначалася вялікая роля дачкі пісьменніка, музеязнаўцы Наталлі Адамовіч у захаванні і папулярызацыі літаратурнай і навуковай спадчыны нашага выдатнага земляка.
Сваімі спевамі прэзентацыю ўпрыгожылі Таццяна Матафонава і Зміцер Бартосік.