«Адзін з людзей у чорным закрычаў, што ён з Расіі». У Гродне пачаўся суд за бойку з амапаўцамі
12 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Гродна судзяць 5 чалавек за падзеі 6 верасьня. Адна з падсудных заявіла, што невядомыя ў чорным, якіх ў судзе назвалі амапаўцамі, крычалі, што прыехалі з Расіі. Прозвішчы супрацоўнікаў АМАПу падчас разгляду справы змененыя — «у мэтах бяспекі».
На лаве падсудных — браты Уладзімір і Юрый Седзянеўскія,
Аляксандар Якубоўскі, сёстры Жанна Захаркевіч і Надзея Сцяпанцава. Іх
абвінавачваюць па артыкулах 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя або ўдзел у
групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і па артыкуле 364
Крымінальнага кодэксу (непадпарадкаваньне супрацоўнікам пры выкананьні імі
службовых абавязкаў). Справа распачата за падзеі ў Гродна 6 верасьня, піша «Вясна».
Працэс вядзе суддзя Ганна Лявусік. Дзяржаўным абвінаваўцам
выступае старшы памочнік пракурора Аліна Чужаземец.
У справе фігуруюць 11 пацярпелых супрацоўнікаў МУС. Прычым
ніхто з іх на першае судовае пасяджэнне не прыехаў. Суд пастанавіў выклікаць
іх на другое. Пры гэтым прозвішчы амапаўцаў у справе змененыя, гэта
тлумачыцца «мерамі бяспекі».
Хто абвінавачаныя і што напісана ў пратаколах?
Уладзімір Седзянеўскі, мае траіх дзяцей 1, 7 і 9 гадоў. «Нібыта «натхняў» навакольных, нанёс шкоду аўтапарку ў памеры 20 рублёў і тралейбуснаму парку ў памеры 51 рубель. Разам зь іншымі выштурхоўваў супрацоўнікаў УУС з праезнай часткі, заклікаў іншых грамадзянаў да непадпарадкаваньня, што заахвоціла іх кідаць камяні».
Юры Седзянеўскі, мае дваіх дзяцей 2 і 7 гадоў, інжынэр. «Меў намер на ўжываньне гвалту да 13 супрацоўнікаў АМАПу».
Аляксандар Якубоўскі, двое дзяцей 2,5 і 4 гады, дырэктар прыватнай фірмы. «Прыняў удзел у несанкцыянаваным мітынгу, перашкодзіў службовай дзейнасьці 10 супрацоўнікаў міліцыі. Пагражаў прымяненьнем гвалту да іх, узяўшыся за рукі з чатырма іншымі ўдзельнікамі акцыі. Якубоўскі заахвоціў да гвалтоўных дзеяньняў, прычыніў фізычны боль».
Жанна Захаркевіч, двое дзяцей 14 і 16 гадоў. Абвінавачанні падобныя з тымі, што выставілі Юрыю Седзянеўскаму.
Надзея Сцяпанцава, мае сына 17 гадоў. «Перашкодзіла службовай дзейнасьці 12 супрацоўнікам АМАПу. Пагражала прымяненьнем гвалту да супрацоўнікаў, ударыла аднаго па твары. З-за далейшага ўдзелу ў шэсці да ўнівэрмагу «Берасьце» аўтапарку нанеслі шкоду памерам 61 рубель».
Што кажуць абвінавачаныя?
Аляксандр Якубоўскі сказаў на судзе, што 6 верасьня накіроўваўся ў кампутарную акадэмію «Шаг», запісвацца на курсы, убачыў групу людзей на вуліцы Гарнавых. Сцьвярджае, што ніякіх заклікаў да масавага мерапрыемства не чуў і ніхто з людзей не парушаў грамадзкі парадак. Яго схапіў невядомы ў балаклаве і без апазнавальных знакаў, пацягнуў, ударыў, потым адпусціў.
На іншых людзей наляцелі невядомыя ў чорнай вопратцы.
Якубоўскі заявіў, што ў мірных грамадзян не было ніякай агрэсіі і гвалтоўных
дзеянняў. Наадварот, быў гвалт у дачыненні мірных людзей, яго асабіста
таксама затрымалі і завезлі ў Кастрычніцкі РАУС, пазней аштрафавалі на 20
базавых велічынь па артыкуле 23.34.
Надзея Сцяпанцава сказала, што апрача роднай сястры Жанны
Захаркевіч іншых трох абвінавачаных раней не ведала. 6 верасня кіравалася ў
гандлёвы цэнтар, на вуліцы Гарнавых убачыла людзей у чорным і балаклавах, якія
пырскалі ў мірных людзей газам. Распавяла, што перажыла тады шок.
Сцяпанцава ўспомніла, што калі большасць людзей разбеглася,
пачалася бойка з людзьмі ў чорным, адзін з іх душыў чалавека каленам. Яшчэ
адзін з нападнікаў у чорным крычаў, што ён з Расіі, потым гэта крычалі і іншыя,
і пры тым лаяліся матам. Па яе словах, удары наносілі толькі людзі ў чорным,
мірныя жыхары гэтага не рабілі.
На гэтым першая частка судовага працэсу скончылася. Будзе працяг.