Акцыі пратэсту на польска-беларускай мяжы спыняюцца: ЕС уводзіць санкцыі
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Беларусі Павел Латушка заявіў аб спыненні акцый пратэсту на польска-беларускай мяжы пасля атрыманага ў суботу ліста ад прадстаўніка ЕC па міжнародных справах Жазепа Барэля. У сваім пасланні Барэль піша, што ў бліжэйшы час ЕС плануе прыняць санкцыйныя рашэнні ў дачыненні да Беларусі. Пра гэта Павел Латушка расказаў у эфіры Настоящего Времени.
Пры гэтым кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання адзначыў, што акцыі пратэсту працягваюцца ў іншых прымежных краінах, актывісты "не спыняюць свае патрабаванні" і будуць "далей на іх настойваць".
"На жаль, улады Латвіі не далі згоды на правядзенне акцый ля мяжы, таму беларуская дыяспара сабралася ў цэнтры Рыгі. Таксама нашы калегі ў Літве працягваюць пратэсную актыўнасць. Пры нашай падтрымцы далучылася Украіна", — распавёў Латушка.
Ён дадаў, што ў суботу пратэсныя акцыі на мяжы Польшчы і Беларусі праходзілі адразу на чатырох пунктах пропуску: Баброўнікі, Цярэспаль, Кукурыкі і Кузніца. Таксама ён адзначыў, што "самыя маштабныя і масавыя мерапрыемствы" доўжыліся 8 дзён і праходзілі на памежным пераходзе Баброўнікі.
Акрамя атрымання ліста Барэля, у якім гаворыцца аб хуткім увядзенні санкцый супраць Беларусі, Латушка адзначыў, што на мінулым тыдні была апублікаваная рэзалюцыя Еўрапарламента, якая ўключае таксама прапановы дэпутатаў па санкцыях.
"Гэта і персанальныя спісы, якія тычацца пракурораў, суддзяў, выбарчых камісій, іх удзельнікаў, якія фальсіфікавалі выбары, прапагандыстаў. Успамінаецца Марат Маркаў, які браў інтэрв'ю, калі яго можна такім назваць, у Рамана Пратасевіча, — тлумачыць Латушка. — Па нашых кантактах, на гэтым тыдні плануецца папярэдне агучыць спіс санкцый, а ўжо 21 чэрвеня на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў юрыдычна яго аформіць".