Акцыя ў падтрымку музея Максіма Багдановіча прайшла без затрыманняў

Акцыя "Чытачы Багдановіча абараняюць музей Максіма, чытаючы вершы", што адбылася 16 снежня на прыступках музея ў Мінску, прыцягнула пільную ўвагу праваахоўных органаў, але прайшла без затрыманняў.



01_maxim_muzey.jpg

Прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, абураныя звесткамі пра знішчэнне музея класіка, сабраліся ў 18.00 на ганку музея, каб чытаць вершы Багдановіча. Да музея прыйшлі пісьменнік Уладзімір Арлоў, мастак Алесь Марачкін, перакладчык Лявон Баршчэўскі, прадстаўнікі СМІ і сябры грамадска-палітычных арганізацый. Прадстаўнікі праваахоўных органаў у цывільным заявілі, што акцыя несанкцыянаваная, і папрасілі ўсіх разысціся. Арлоў пайшоў у музей, каб спытацца, ці можна пачытаць вершы класіка ўнутры, але там нікога не аказалася, акрамя ахоўніка.
У той час як Баршчэўскі каля музея пачаў чытаць вершы Багдановіча, Арлоў размаўляў з адным з міліцыянераў, а другі здымаў прысутных на відэакамеру. Удзельнікі акцыі на працягу 40 хвілін чыталі вершы і спявалі песні на словы Багдановіча.

02_maxim_muzey.jpg


Вершы Максіма Багдановіча чытае Алесь Марачкін
Арлоў у каментарыі БелаПАН адзначыў, што паводле пастановы Савета міністраў аб рэарганізацыі музейнай сферы, якая зараз рыхтуецца, музей Багдановіча губляе юрыдычны статус, і "тыя, хто сабраўся тут сёння, нязгодныя з праектам гэтай пастановы, бо калі музей губляе статус, скарачаецца яго штат". "Калі ў такім цудоўным будынку будзе працаваць не 30, а восем чалавек, паўстане пытанне: а навошта нам такі будынак пад філіял? Давайце мы перададзім яму некаму іншаму, а нашаму генію, нашаму класіку адвядуць сціплую залу ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры", — сказаў Арлоў.
Ён спадзяецца, што "ў кабінетах Саўміна, дзе гэты пакт, падпісаны міністрам культуры, будзе візіравацца, знойдуцца людзі, якія больш за міністра ведаюць, хто такі Максім Багдановіч, больш цэняць яго спадчыну, для якіх беларуская культура — гэта сапраўды нацыянальная каштоўнасць".
Пісьменнік лічыць невыпадковым, што рэарганізацыя музея праводзіцца ў той час, калі ён закрыты на капітальны рамонт: "Цікава, чаму менавіта ў такі час робіцца спроба ператварыць яго ў філіял з даволі цьмянымі перспектывамі?"
"Мы лічым, што наш геній Максім Багдановіч варты не залы, а самастойнага музея, як Янка Купала і Якуб Колас. Сёння мы кажам пра лёс музея. Але мы можам падумаць, каму выгадна зачыняць музей, дзе працуе цудоўная сучасная экспазіцыя, якую за год наведваюць дзясяткі тысяч наведнікаў. Чаму менавіта над гэтым музеем занесеная сякера?" — сказаў Арлоў.
Сустрэчы на ганку планаваліся быць штодзённымі да таго часу, пакуль улады не адмовяцца ад скасавання музея. Гаворачы пра далейшыя сустрэчы ў падтрымку музея, Арлоў адзначыў: "Супрацоўнікі праваахоўных органаў нам патлумачылі, што сённяшняя акцыя лічыцца несанкцыянаванай, што яе арганізатары (а я не ведаю, хто арганізатары, акцыя стыхійная) павінны звяртацца ў адпаведнасці з устаноўленым парадкам ў Мінгарвыканкам па дазвол. Заява разглядаецца на працягу двух тыдняў, але, наколькі мне вядома, лёс музея павінен быць вырашаны да 1 студзеня 2014 года".
 БелаПАН