Актывісты правялі ў лесе пікет з «экстрэмісцкімі» плякатамі. ФОТА
Актывісты кампаніі Legalize Belarus, якая выступае за змякчэнне пакаранняў за «нарказлачынствы» і легалізацыю марыхуаны, правялі акцыю салідарнасці з пакаранымі за «экстрэмізм», піша «Радыё Свабода».
Фота пікету актывісты размясцілі на Facebook-старонцы кампаніі.
Увечары 14 сакавіка актывісты фатаграфаваліся ў лесе з плакатамі, у якіх прыводзіліся цытаты з беларускага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў.
У Беларусі караецца, напрыклад, распаўсюд графічных файлаў «Vr3pVg67J8c» і «mPQGJNVPBbw» і відэа «Без названия» — але што за выявы ў гэтых файлах, невядома.
Адзін з актывістаў трымаў плакат з надпісам «Изображение размером 594x840мм…» — наўпроставую цытату з апісаннем аднаго з экстрэмісцкіх матэрыялаў. Мяркуецца, што так апісваецца фота акцыі мастака Алеся Пушкіна, які ў 1999 годзе вываліў тачку гною да рэзідэнцыі прэзідэнта.
Таксама актывісты трымалі плакаты з «экстрэмісцкімі» надпісамі «перавернутымі» люстэркава.
За шапку з адным з такіх, які перакладаецца як «класавая
вайна» (забароненая фраза на англійскай мове), двойчы штрафавалі актывістаВячаслава Касінерава (шапка належыць яму), ягоную жонку і ягонага сябра (яны не
насілі шапку, толькі размясцілі фота парушальніка).
Шэраг актывістаў таксама фатаграфаваліся на ўваходзе ў бізнес-цэнтр
«Красавік» — з той часткай надпісу, літары якой нагадваюць «экстрэмісцкую»
абрэвіятуру.
За другую абрэвіятуру, якую расшыфроўваюць як «усе міліцыянты — кепскія людзі» (або ў жарт — «усе каты́ прыгожыя»), быў пакараны анархіст і журналіст Мікола Дзядок (пасля суду яго затрымалі яшчэ на два дні і пасля «даштрафавалі» за пікет).
Ён жа 25 лютага запусціў у сацсетках флэшмоб #яэкстрэміст, у рамках якога і адбылася акцыя Legalize Belarus. Як напісаў актывіст ў сваім маніфесце, гэты флэшмоб — толькі частка аднайменнай кампаніі, мэта якой — не дазволіць дзяржаве адняць у беларусаў апошнія астраўкі свабоды слова і спыніць крыміналізацыю іншадумцаў:
"Вы думаеце, вас гэта не закране – вы не анархіст і не посціце гітлераў на старонцы? Тады паглядзіце на тэндэнцыі. Пад прэс трапляюць пратэстанты і сведкі Іеговы, прыхільнікі легалізацыі марыхуаны, прадстаўнікі ЛГБТК і свінгеры хай не ў кожным разе гучыць слова «экстрэмізм», але яго ўсе часцей выкарыстоўваюць для абагульнення і крыміналізацыі ўсе большай колькасці людзей. [...] Нас пазбаўляюць свабоды, бяспекі і годнасці.
У красавіку ў Палаце прадстаўнікоў будуць разглядаць чарговую папраўку ў «Закон аб барацьбе з экстрэмізмам». Вы запытаецеся, куды яшчэ ўзмацняць? Яны знайшлі куды. Павялічэнне штрафаў – раз. Крыміналка за «рэабілітацыю нацызму» (рыхтуйцеся, гісторыкі) – два. Увод адміністрацыйнай адказнасці за «дэманстрацыю сімволікі экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый» - тры. [...] Грамадства ўжо ўпусціла момант, калі ў яго забралі права ўзбурацца і размаўляць на вуліцы. Зараз, пабачыўшы, што «схавалі», хочуць забраць тыя ж правы і ў інтэрнэце.
Калі гэта не спыніць, пасля штрафаў за рэпосты, хутка пойдуць суткі, а потым і крыміналкі, як у Расіі. Яны АБАВЯЗКОВА дойдуць да гэтага, калі мы прамаўчым.
Аднак мы не прамаўчым. Мы не хочам такой будучыні ані сабе, ані сваім дзецям. Выхад адзін, як і ва ўсе вякі – супраціў. Калі грамадства маўчыць – чаму б не заганяць пад лаву? Калі супраціўляецца – тройчы падумаюць перад тым, як закруціць гайкі."
Паводле www.svaboda.org і ўласнай інфармацыі.