Трэба палюбіць кіроўцу з расійскім сцяжком
Заклік Глеба Лабадзенкі «палюбіць Саладуху» даволі спрэчны. Але ў тых, хто жадае, каб Беларусь была беларускай, няма іншага выбару, апроч як палюбіць сваіх суайчыннікаў. Бо як іначай заразіць іх любоўю да беларушчыны?
Алесь Мазанік
Напачатку жніўня інтэрнэт-сайт газеты «Наша Ніва» змясціў заметку пра невядомых хлопцаў, якія прадаюць аўтамабілістам на сталічных скрыжаваннях пару сцяжкоў —
афіцыйны беларускі разам з расійскім. Чытачы ў каментарах адзначалі, што таксама бачылі гэтых прадаўцоў у розных месцах Мінску.
Аднойчы кінулася ў вочы Алесю Мазаніку, прадпрымальніку, які гандлюе беларускімі кніжкамі, дыскамі, майкамі з нацыянальнымі сімваламі і г.д. Заўважыўшы тыя сцяжкі ў кабіне кіроўцы аўтобуса, ён
запісаў нумар і даслаў ліст са скаргай у аўтобусны парк.
Неўзабаве Алесь атрымаў адказ, дзе паведамлялася, што «парушэнне ліквідаванае». У размове з «Еўрарадыё» дырэктар аўтапарку падкрэсліў: знялі не таму, што гэта
той ці іншы сцяг, а таму, што правіламі забаронена змяшчаць на лабавым шкле староннія прадметы.
Адна акалічнасць справы выклікала гарачыя спрэчкі – аўтапарк пазбавіў кіроўцу аўтобуса, Васіля Ананіча, прэміі. Нямала было з гэтай нагоды каментароў у тым
духу, што з «імі» так і трэба, па-жорсткаму, іначай «яны» не разумеюць.
Інтэрнэт-каментатары паспрачаліся ды забылі, але Мазанік не забыў. Як стала вядома «НЧ», Алесь наважыўся на даволі неардынарны крок. Ён вырашыў замірыцца з Васілём Ананічам,
прычым не толькі на словах.
А таксама падарыць яму кнігу Уладзіміра Арлова «Краіна Беларусь» з імянным аўтографам. Гэтую кнігу ён лічыць «найлепшай энцыклапедыяй гісторыі нашай
Бацькаўшчыны», і ўпэўнены, што з яе дапамогай зможа данесці свае перакананні да Васіля.
У аўтапарку Мазаніку адмовілі ў арганізацыі сустрэчы з іх супрацоўніком, не далі і ягоных кантактаў. Таму Алесь даслаў на імя Васіля Ананіча ў аўтапарк пасылку з кнігай і лістом – з
прапановай кампенсацыі прэміі.
«Мы» і «яны», «нашыя» і «вашыя» – такі падыход не вельмі канструктыўны, – тлумачыць свой крок
Мазанік. – «Падзяляй і ўладар» – вось формула ўдалага кіравання яшчэ з часоў Аляксандра Македонскага. Кіраўніцтва Аўтобуснага парку №2 вырашыла
зрабіць вінаватым звычайнага пралетара-кіроўцу, замест таго, каб проста прыбраць сцяжкі і прынесці прабачэнні».
«Калі Глеб Лабадзенка нядаўна праз суд дамогся 500 тысячаў штрафу ад дырэктара ЖЭСу, то
тут насамрэч было б дзіўна, каб спадар Лабадзенка вырашыў кампенсаваць гэты штраф, – працягвае Алесь. – Той дырэктар неаднаразова зняважліва ставіўся да
законнай просьбы адказваць на мове звароту. У маім жа выпадку штраф, нават калі гэта 50-100 тысячаў, не ёсць неабходнасцю, нават залішні. Да таго ж, мяркую, варта паказваць прыклад, як можна
«палюбіць кіроўцу» па аналогіі з заклікам «палюбіць Саладуху» згаданага спадара Лабадзенкі».
У артыкуле для сайта naviny.by Глеб Лабадзенка заклікаў чытача «укусіць сябе за палец» і «любіць сваё». Хаця гэта часам і досыць цяжка, але «іншага
свайго не будзе».
«Мы жывем у Рэспубліцы Беларусь, мы – грамадзяне Беларусі, мы ўжо адзін народ, таму ўсе межы і перашкоды для яднання і агульнай добрай будучыні ствараем сабе самі,
– разважае Мазанік. – Калі кожны з нас пачне думаць не толькі пра сябе – усё нармалізуецца і я веру, што гэта рэальна».
Заклік Глеба Лабадзенкі «палюбіць Саладуху» падаецца даволі спрэчным. На шчасце, пакуль ёсць з чаго выбіраць, таму гвалтаваць свой густ няма пільнай патрэбы. Але ў тых, хто
жадае, каб Беларусь была беларускай, сапраўды няма іншага выбару, апроч як палюбіць сваіх суайчыннікаў. Іншых варыянтаў заразіць іх любоўю для беларушчыны папросту няма.