Аляксандр Класкоўскі: верагодна, Пуцін настойвае на больш сур'ёзнай змене палітычнай сістэмы Беларусі

Палітычны аглядальнік у сваім тэлеграм-канале — пра прызначэнне рэферэндуму па новай Канстытуцыі, які Лукашэнка можа абвясціць у канцы студзеня.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

— Можна прадбачыць, што ўлады пастараюцца максімальна сціснуць кампанію ў часе. Рэферэндум у гэтым плане нашмат зручней за выбары. Невыпадкова мясцовыя выбары адкінулі аж на восень 2023 года, — піша Аляксандр Класкоўскі. — На канстытуцыйным жа рэферэндуме ніякай нават фармальнай канкурэнцыі не прадбачыцца.

Па-першае, таму, што на плебісцыце не будзе альтэрнатыўнага праекта Канстытуцыі ад апанентаў Лукашэнкі.

Па-другое, таму, што нават калі большасць прагаласуе супраць прапанаванага праекта і галасы пры гэтым будуць падлічаныя сумленна, то гэта будзе азначаць, што застаецца ў сіле старая Канстытуцыя, падагнаная ў свой час пад таго ж Лукашэнку.

Па-трэцяе, улады, напэўна, не дазволяць легальную публічную агітацыю супраць новай Канстытуцыі ў іх варыянце. Ды і ці шмат знойдзецца ўнутры Беларусі смельчакоў, якія паспрабуюць такую агітацыю разгарнуць, рызыкуючы тут жа быць схопленымі і абвінавачанымі ў распальванні якой-небудзь варожасці, паклёпе на самі ведаеце каго, антыдзяржаўнай дзейнасці і т. п.?

Нарэшце, ні пра які доступ апазіцыі ў выбаркамы, незалежных назіральнікаў, празрысты падлік галасоў зараз можна і не заікацца. З гэтым заўсёды было дрэнна, асабліва ўлада жэсціла з гэтымі момантамі падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. А ўжо пасля задушэння пратэстаў тут, зразумелая справа, усе шчыліны закаркуюць.

І набраць дастатковую колькасць пакорлівых членаў выбаркамаў, якія моўчкі падмахнуць любыя пратаколы, улады, напэўна, змогуць. Цяпер мы бачым, што пасля чыстак у дзяржструктурах, бюджэтных установах засталіся начальнікі і выканаўцы, якія пакорліва выконваюць усё, што даводзіцца зверху. Уключаючы самыя недарэчныя ўстаноўкі тыпу адмены масачнага рэжыму ў разгар кавіда, пры тым што ставіцца пад удар здароўе нацыі.

Мы бачым, што страх пакарання, страты цёплага месца ў многіх пераважае над сумленнем, асцярогамі трапіць пад суд у выпадку змены ўлады. Так што некалькі дзясяткаў тысяч «надзейных людзей» для фармавання выбаркамаў, якія гарантуюць «элегантны» вынік рэферэндуму незалежна ад рэальнай яўкі і рэальнага раскладу галасоў, рэжым напэўна знойдзе.

І яшчэ момант. Паміж Мінскам і Масквой у апошнія тыдні заіскрыла, верагодна, таму, што Пуцін настойвае на больш сур'ёзнай змене палітычнай сістэмы Беларусі, чым тая, на якую гатовы пайсці Лукашэнка. А можа, і на сыходзе самога Лукашэнкі, з чым той, як можна здагадацца, катэгарычна не згодны.

Да чаго можа прывесці такая калізія — асобная тэма. Калі коратка, то я не належу да тых, хто песціць надзею, што вось ужо цяпер Крэмль зваліць дакучлівага, таксічнага беларускага правадыра, які зноў упёрся рогам.

Як ні парадаксальна, але радыкальных метадаў супраць Лукашэнкі нават у яго сённяшнім няпростым становішчы ў Крамля, па вялікім рахунку, няма. Дакладней, няма рэальнай магчымасці іх прымяніць.

Колькі б Пуцін ні моршчыўся, ісці на рэзкае публічнае абвастрэнне адносін з Лукашэнкам, тым больш — на нейкую вайну супраць беларускага рэжыму (нават эканамічную, не кажучы ўжо пра танкі і пскоўскіх дэсантнікаў) ён не гатовы (што не выключае стварэння хаўруснічку адчувальнага дыскамфорту).

А вось Лукашэнка гатовы дзеля ўлады на ўсё. Так што ён не адчувае сябе безабаронным.

Іншая справа, што «цёркі» (з верагодным намацваннем нейкага кампрамісу ў пытанні транзіту ўлады) могуць зацягнуцца — і, у прыватнасці, адсунуць тэрміны рэферэндуму.