Амбасадары еўрапейскіх краін заклікалі адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі

Паслы Швецыі, Францыі, Швейцарыі ў Беларусі выступілі за адмену смяротнага пакарання. Такім чынам, яны далучыліся да «Тыдня Супраць смяротнага пакарання», які праводзіцца па ініцыятыве пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна». Тыдзень пачаўся 5 кастрычніка і скончыцца 10 кастрычніка — у Сусветны дзень барацьбы са смяротным пакараннем, піша reform.by.

pasol_sweden_1.jpg

Амбасадар Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханэсан (на здымку) падкрэсліла, што яе краіна разам з іншымі краінамі Еўрасаюза паслядоўна і актыўна выступае супраць смяротнага пакарання. Яна назвала дадзеную меру бесчалавечнай формай пакарання, якой няма месца ў сучасным цывілізаваным свеце.

«Адзін з галоўных аргументаў супраць смяротнага пакарання — магчымыя памылкі і недахопы судовай сістэмы, ад якіх могуць пацярпець невінаватыя. На жаль, пасля такія памылкі ўжо не выправіць. Акрамя таго, існаванне смяротнага пакарання нязменна вядзе да эскалацыі жорсткасці і нецярпімасці ў грамадстве», — адзначыла яна.

Пасол расказала, што ў Швецыі, згодна з рашэннем суда, апошні чалавек быў забіты ў 1910 годзе, і канчаткова смяротная кара была забароненая Канстытуцыяй у 1975 годзе.

«Мы бачым, што гэта было прагрэсіўнае рашэнне, якое спрыяла большай гуманізацыі нашага грамадства. Зыходзячы з міжнароднай практыкі і прынцыпаў гуманізму, мы заклікаем Рэспубліку Беларусь далучыцца да еўрапейскіх краін і адмяніць смяротнае пакаранне», — заявіла пасол.

Амбасадар Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Лакост падкрэсліў, што яго краіна працягвае шырокую кампанію з амбіцыйнай мэтай — дамагчыся адмены смяротнага пакарання ва ўсім свеце.

«Пазіцыя Францыі ў дачыненні да ўсеагульнай адмены смяротнага пакарання заўсёды з'яўляецца вырашальнай. Францыя разглядае смяротнае пакаранне як жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне», — заявіў ён.

«Тэндэнцыя да адмены смяротнага пакарання працягваецца ва ўсім свеце. З нагоды Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання Швейцарыя пацвярджае свой цвёрды намер падтрымліваць гэтую тэндэнцыю і абараняць любыя дасягненні», — заявіў амбасадар Швейцарыі ў нашай краіне Клод Альтэрмат у сваім відэазвароце.

Каардынатарам кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» з'яўляецца Андрэй Палуда. Напярэдадні Еўрасаюз і ПАРЕ апублікавалі заявы, у якіх заклікаюць Беларусь спыніць прымяненне смяротнага пакарання. У канцы верасня старшыня Канстытуцыйнай камісіі Пётр Міклашэвіч паведаміў, што пытанне аб смяротным пакаранні могуць вынесці на асобны рэферэндум.

Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе і адзінай у СНД, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне.