Дыпламатка: Крэмль выкарыстоўвае Беларусь як плацдарм для сваіх маніпуляцый міграцыйнымі патокамі
Украіна жадае развіваць добрасуседскія адносіны з Рэспублікай Беларусь як незалежнай, суверэннай і квітнеючай краінай, у якой адстойваюцца дэмакратычныя каштоўнасці і паважаюцца асноўныя свабоды, заявіла першая намесніца міністра замежных спраў Украіны Эмінэ Джапарава на нефармальным пасяджэнні Рады Бяспекі ААН 8 кастрычніка па сітуацыі ў Беларусі.
«На жаль, сёння Беларусь усё больш аддаляецца ад гэтай мэты», — сказала Джапарава. На яе думку, у рамках палітыкі прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна на ўсебаковае паглынанне і пазбаўленне Беларусі яе суверэнітэту фактычна адбываецца аншлюс краіны і яе ператварэнне ў новую вайсковую базу для дэстабілізацыі ў Еўропе.
Прадстаўніца ўкраінскага знешнепалітычнага ведамства «звярнула асаблівую ўвагу» на парушэнне правоў чалавека, якое працягваецца, і кампанію палітычных рэпрэсій у Беларусі, «якая толькі ўзмацняецца».
«Сказаць, што мы ўстрывожаныя, — гэта нічога не сказаць», — заявіла Джапарава. Паводле яе слоў, ахвярамі рэпрэсій сталі і грамадзяне Украіны. МЗС працягне прыкладаць намаганні «для вызвалення суайчыннікаў, якія незаконна ўтрымліваюцца» і абароны іх правоў.
Дыпламатка таксама адзначыла, што Крэмль выкарыстоўвае Беларусь як «плацдарм для сваіх маніпуляцый міграцыйнымі патокамі, якія накіроўвае на Польшчу і Літву». «Менавіта таму, на нашу думку, Захад павінен узмацніць ціск на Расію за яе дзеянні ў дачыненні да Беларусі», — заклікала яна.
Як падкрэсліла Джапарава, Украіне і ўсёй Еўропе вельмі важна, каб Беларусь заставалася суверэннай і незалежнай краінай, а далейшая інтэграцыя з РФ не прывяла да з'яўлення на межах Украіны і Еўрасаюза новых выклікаў і пагроз.
Раней паведамлялася, што міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс заклікаў на слуханнях праявіць цвёрдасць у патрабаваннях да афіцыйнага Мінска выконваць свае міжнародныя абавязанні.
Нефармальнае пасяджэнне (па т. зв. «формуле Арыі») ініцыявалі члены СБ ААН Эстонія, Вялікабрытанія, Ірландыя, Нарвегія, ЗША і Францыя. Суарганізатарамі сталі Украіна, Албанія, Аўстралія, Аўстрыя, Бельгія, Балгарыя, Германія, Грэцыя, Данія, Ісландыя, Італія, Канада, Коста-Рыка, Латвія, Літва, Люксембург, Нідэрланды, Польшча, Румынія, Паўночная Македонія, Славакія, Славенія, Фінляндыя, Харватыя, Чэхія і Японія.
Паводле naviny.online.