«Дзеля павагі чалавечай годнасці». ЕС і Рада Еўропы заклікалі Беларусь да адмены смяротнага пакарання
Еўрасаюз і Рада Еўропы заявілі аб непрыманні смяротнага пакарання ва ўсіх краінах свету і пры любых абставінах, перадае Радыё Свабода.

«Смяротнае пакаранне — гэта жорсткае, бесчалавечнае і прыніжальнае для годнасці пакаранне, якое супярэчыць праву на жыццё. Яго адмена неабходная дзеля павагі чалавечай годнасці», — гаворыцца ў сумеснай заяве кіраўніка дыпламатыі ЕС Жазепа Барэля і генеральнага сакратара Рады Еўропы Марыі Пэйчынавіч-Бурыч з нагоды Еўрапейскага і Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка.
«Мы заклікаем Беларусь перайсці да адмены пакарання смерцю», — гаворыцца ў заяве Барэля і Пэйчынавіч-Бурыч.
У заяве падкрэсліваецца, што адмена смяротнага пакарання — гэта перш за ўсё пытанне палітычнай волі. Лік краін, у якіх караюць смерцю людзей, працягвае скарачацца. У мінулым годзе пакаранні не праводзіліся ў 176 краінах. Гэта 91% дзяржаў-чальцоў ААН.