“Амерыканка”. All includet
“Амерыканка”. All includet” — так называецца новы фільм рэжысёра Віктара Корзуна, прэзентацыя якога прайшла ў Мінску ў “Арт-сядзібе”. Стужка створана па матывах кнігі аднаго з лідараў (у мінулым) грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Аляксандра Фядуты “Амерыканскія вершы”.

Фільм зняты ў даволі незвычайным жанры. Гэта сімбіёз анімацыі і кінадакументалістыкі. Галоўнай дзеючай персонай з’яўляецца сам Аляксандр Фядута. Ён пасля трагічных падзеяў 19 снежня 2010 года правёў працяглы час у следчым ізалятары КДБ, які ў народзе завуць “амерыканкай”.
У гэтым фільме, які доўжыцца 50 хвілінаў, Фядута ад першай асобы распавядае пра свой арышт, пра допыты следчымі дзяржбяспекі, пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ. Усё гэта суправаджаецца гратэскнай мультыплікацыяй.

Незвычайны фармат стужкі
Па словах рэжысёра Віктара Корзуна, гэта была спроба не тое каб зрабіць экранізацыю нейкага літаратурнага твора, бо тут прысутнічае шмат чаго, што не прысутнічае ў літаратурнай аснове.
“Кніга пісалася не для гэтага. Гэта быў фактычна дзённік з пэўнымі літаратурнымі амбіцыямі, гэта не быў гатовы сцэнар. Але адразу зацікавіла кіношнасць гэтага матэрыялу. І калі б нехта раней напісаў у падобным ключы свае ўспаміны, дзённікі пра любы час, тады паўстала б пытанне, ці можна гэта экранізаваць у спосабе кампазіцыйнай з мультыплікацыяй і гратэскам. Гэта вельмі істотна, бо зрабіць рэканструкцыю нейкіх інтэр’ераў, недаступных для дакументальных здымкаў (а інтэр’еры “амерыканкі” менавіта такімі і з’яўляюцца — заўвага Г. К.), вельмі важна, — адзначыў рэжысёр. — І калі герой прэзентаваў нам сваю кнігу, і мы пачулі ягоныя чытанні, тады падумалася, каб яе паставіць. Спачатку думалі зрабіць аўдыёкнігу, бо Фядута, як высветлілася, вельмі добра чытае. Але потым вырашылі рабіць кіно”.
Чаму Фядута?
“Мне падалося, што ў гэтым творы ёсць тое, чаго не было ў тым, што нам траплялася раней. Тут такая самаіронія, і ў той жа час творчае стаўленне да сваёй крытычна-трагічнай сітуацыі. І гэтае стаўленне, як мне падалося, уратоўвала персанажа ад таго, каб ён проста не звар’яцеў, не сканаў псіхалагічна ў гэтых умовах”, — падкрэсліў Віктар Корзун.
“Гэта чалавек неардынарны, я яго ведаю даўно. Ён цікавы, дзіўны, таму нам цікавей было рабіць фільм пра яго, чым пра персанажа, героя, які, так бы мовіць, на адной фазе”, — адзначыла прадусар стужкі Кася Камоцкая.
Мастацтвазнаўца і крытык Максім Жбанкоў выказаў меркаванне, што фільм зроблены на добрым міжнародным узроўні, адное што крыху зацягнуты. “Хвілінаў дзесяць можна было б скараціць”, — сказаў эксперт. Але меркаваць пра гэта варта ўжо тым, хто на ўласныя вочы пабачыць гэты сапраўды неардынарны фільм.