Марына Золатава пасля абвяшчэння прысуду. Фота Дзіяны Пінчук
Як прызналася сама
Марына Золатава, для яе такі вырак быў нечаканым. Нагадаем, дзяржабвінаваўца
Юлія Харчэйкіна прасіла пакараць Золатаву штрафам у 1000 базавых велічыняў (25,5 тысяч рублёў). Цяпер жа галоўная рэдактарка мусіць выплаціць 7 650 рублёў і яшчэ 6000 рублёў судовых выдаткаў, пра што хадайнічалі прадстаўнікік БелТА.
— Для мяне стала палёгкай тое, што ўсё скончылася, што сёння, у Дзень беларускай міліцыі мне абвясцілі прысуд, — жартуе Марына Золатава пасля абвяшчэння выраку. — Канешне, я не спадзявалася, што можа быць апраўдальны прысуд, але тое, што гэта не 1000 базавых, а 300 — ужо значна лепей. Калі б я не захоўвала аптымізм, я б даўно ўжо не працавала б у такой сферы. Ёсць розныя фактары, якія паказваюць, што кантроль у ёй будзе значна больш жорсткі, але гэта не значыць, што мы павінны спыніць працу і кудысьці з’ехаць. Проста трэба рабіць сваю працу так, як трэба.
Калі сама цяпер ужо былая падсудная не хавае аптымізму, то праваабаронцы ацэньваюць прысуд хутчэй адмоўна, чым станоўча.
— Яшчэ напачатку Беларуская асацыяцыя журналістаў звязала гэты працэс не з нейкімі эканамічнымі злачынствамі, а з ціскам на свабоду слова. Ён не стаў нечым незвычайным: у гэтым годзе было некалькі такіх захадаў з боку ўладаў. На мой погляд, абсалютна відавочна, што сэнс судовага пераследу быў у тым, каб перафарматаваць інтэрнэт-прастору Беларусі, у якой сёння незалежныя інтэрнэт-рэсурсы, у першую чаргу TUT.BY, займаюць вядучае месца, — распавёў «Новаму Часу» старшыня ГА БАЖ Андрэй Бастунец.
На яго думку, на вобраз Беларусі ў міжнароднай прасторы адмоўна паўплываў не столькі прысуд, калькі сам факт судовага працэсу супраць Марыны Золатавай. Пра гэта пісалі вядучыя сусветныя медыя, у тым ліку выказалася Рада Еўропы, і Еўразвяз, і АБСЕ.
— На жаль, тыя, хто гэтую справу пачынаў, менш за ўсё думалі пра імідж Беларусі, — рэзюмаваў Андрэй Бастунец.