Зісер пра вырак Золатавай: «Гэта яшчэ мяккі прысуд, і я лічу яго перамогай»
Заснавальнік Tut.by Юрый Зісер пракаментаваў «Радыё Свабода» гэты прысуд.
4 сакавіка суд пакараў Марыну Золатаву штрафам у памеры 7650 рублёў (300 базавых велічынь). Таксама Золатава мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) у памеры 6000 рублёў.
«Цалкам зразумела ўсім, што Марына не вінаватая, — адзначае заснавальнік Tut.by Юрый Зісер. — Але ўлічваючы мэты, якія ставілі перад сабой замоўнікі гэтай справы, і спецыфіку нашага правасуддзя, гэта яшчэ мяккі прысуд, і я лічу яго перамогай. А ўжо што будзе рабіць Марына, абскарджваць ці не, не ведаю. Я думаю, ёй і ўсім усё гэта ўжо надакучыла».
Паводле Юрыя Зісера, прысуд мяккі, бо магло быць і горш.
«Магло быць горш: калі не турма, дык магло быць пазбаўленне права займаць пасады. Мог быць такі штраф, які пракурор запрасіў.
Але ўсё роўна вялікі штраф і судовыя выдаткі юрыстаў БелТА. І яшчэ дагэтуль аплочаны нібыта ўрон, які панеслі. А ніякага ўрону там не было. Там налічылі нейкія астранамічныя сумы. Хоць Марына адзіная з фігурантак справы БелТА, якая не карысталася гэтай стужкай».
Паводле Зісера, ва ўладаў не было палітычна іншага выйсця, як прызнаць Марыну Золатаву вінаватай.
«Яны самі сябе ў гэта загналі. Проста не магло быць нешта іншае. Хаця абвінавачанне падчас суду зусім развалілася. Нават тыя хісткія падпоркі, якія былі».