Андрэй Белавешкін: Цяпер мы бачым рост метастазаў тэрору і дыктатуры
Ракавая пухліна — гэта паразіт. Рак прымушае працаваць цела на сябе. Ракавыя клеткі прымітыўныя і не могуць нічога стварыць, так і рэжым бясплодны — ён не здольны нічога вырабіць, акрамя гвалту і разбурэння. Доктар Андрэй Белавешкін параўнаў дыктатуры з ракам, які знішчае здаровае грамадства.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка ў 1937 годзе ў Мінску былі расстраляны больш за 100 чалавек з беларускай эліты, у тым ліку і 22 паэты. Тэрор, як і цяпер, так і тады імкнуўся знішчыць нацыянальных творцаў, чыноўнікаў, настаўнікаў, навукоўцаў.
За час тэрору быў рэпрэсаваны кожны дзясяты беларус і расстраляна 90% нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі.
Але, на жаль, грамадства не засвоіла гэты ўрок. Вуліцы і гарады так і засталіся названымі ў гонар катаў, забойцам стаяць помнікі, доступ да архіваў забаронены, а даследаванні згорнуты.
Ахвяры застаюцца безназоўнымі, а нашчадкі катаў з задавальненнем бравіруюць формай НКУС.
На жаль, не засвоены ўрок гісторыі будзе вяртацца зноў і зноў для яго засваення.
Так рэцыдывуе і рак. Недастаткова проста выдаліць большую частку пухліны, неабходна поўнае выдаленне драбнюткіх ачагоў нават у межах здаровай тканіны. Пашкадуеш — і вырачаш пацыента на рэцыдыў.
Так і цяпер мы бачым рост метастазаў тэрору і дыктатуры, тое, як яны праймаюць цела грамадства.
Пухліна, як і дыктатура, спачатку вонкава не здаецца небяспечнай. Але логіка яе росту прадвызначана — яна будзе расці і метастазіраваць.
Вы бачыце, як павялічваецца градус нянавісці і гвалту. Так і ракавая пухліна — узровень яе злаякаснасці толькі расце з часам.
Вы дзівіцеся: як жа так, гэтыя забойцы і каты — яны ж хлопцы з нашага двара. Так і ракавая пухліна — гэта вашы ж клеткі. Але гэта генетычнае сваяцтва нічога не змякчае. Кожны чалавек наіўна думае «не палезу ў палітыку – мяне не закране». Гэта так жа наіўна, як быццам бы печані не пагражае пухліна ў лёгкіх.
Пухліна — гэта паразіт. Як пухліна механізмамі ракавай кахексіі выклікае распад мышачнай і тлушчавай тканкі, а ракавыя клеткі купаюцца ў глюкозе ў той час, як астатняе цела чэзне і гіне, так і рэжым абкрадвае грамадства, людзі галеюць, пакуль прыслужнікі рэжыму багацеюць.
Рак прымушае працаваць цела на сябе. Ракавыя клеткі прымітыўныя па сваёй будове і функцыях і не могуць нічога стварыць, так і рэжым бясплодны — ён не здольны нічога вырабіць, акрамя гвалту і разбурэння.
Рост пухліны толькі прыводзіць да некрозу і распаду ракавых вузлоў, так і любыя спробы рэжыму нешта стварыць прыводзяць толькі да разрухі.
Рак — гэта перамога прымітыўнасці над складанасцю, гэта прымітыўныя недыферэнцыяваныя клеткі, але яны могуць ставіць на калені развітыя і складаныя.
Зёлкі або лячэнне сокамі не дапаможа. Чым складанейшая пухліна — тым агрэсіўнейшым павінна быць лячэнне, і тым менш, на жаль, шанцаў на выздараўленне.
Чым мацней метастазіраваў рэжым у цела грамадства, тым цяжэй будзе ранам загаіцца.
Але пры гэтым усім арганізм выдатна сябе адчувае без пухліны, так і грамадства без дыктатуры. А вось пухліна не зможа існаваць па-за грамадствам, на якім паразітуе.
І ў памяць паэтаў успамінаецца гэты верш Караткевіча:
Быў. Ёсць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мільярды двухногіх.
За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры,
Хто ў гарачым пекле металу,
За ўсіх, хто змагаецца з небам і морам,
За жывых і за тых, што сканалі.
За ўсіх, хто крывёю піша
Ў нязгодзе
З рабства подлай дарогай,
Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы
Паўстане нават на Бога.
За ўсіх, хто курчыцца ў полымі вёсак,
Хто ратуе краіну ад краху,
За ўсіх, хто бясстрашна глядзіць у нябёсы
З барыкады,
З пушчы
І з плахі.
Хто са смерцю гаворыць з вока на вока,
З яе усмешкаю ветлай,
І ўсё ж узводзіць — нясцерпна далёкі —
Храм наш агульны і светлы.
А калі ён горда заззяе ў зеніце —
Непарушны — ўзнясецца ў неба,
Вы з распятага сэрца кроплю вазьміце.
Апошнюю.
Болей не трэба.
І няхай яна збоку, недзе на ганку,
Дагарае й дзяцей не страшыць
На граніце любові,
На граніце світанку,
На граніце велічы вашай.
09.12.1976