АНТ распавяло пра Мільчакова і небясьпеку ваенна-патрыятычных лягераў
Тэлеканал АНТ у сваім сюжэце «Татуіроўкі за гранню маралі і закону: якая сімволіка падпадзе пад забарону?» закрануў тэму дзейнасці расійскіх нацыстаў у Беларусі.

Аляксей Мільчакоў (злева)
Як адзначаецца ў сюжэце, за час незалежнасці было шмат спробаў зрабіць неанацысцкі рух масавым. У якасці ілюстрацыі журналісты тэлеканалу прадэманстравалі кадры, дзе байцы беларускага аддзялення РНЕ зігуюць пад вокліч «Слава Расіі».
«Мабыць, самы наглядны прыклад — РНЕ, „Рускае нацыянальнае адзінства“. Яго актывісты заклікаюць беларусаў адмовіцца ад сваёй дзяржаўнасці і выкарыстоўваюць тыя ж жэсты, што і нямецкія фашысты. Вядомыя факты, калі актывісты РНЕ праз сацыяльныя сеткі спрабуюць вербаваць беларусаў для ўдзелу ў баявых дзеяннях на Данбасе. Каб узмацніць уздзеянне на розумы, неанацызм змешваюць з праваслаўнай сімволікай. Рэлігійную карту актыўна спрабуюць выкарыстоўваць і іншыя падобныя да Рускага адзінства рухі, арганізоўваюць паездкі ў падлеткавыя ваенна-патрыятычныя лагеры на тэрыторыі Расіі. А там вучаць ваяваць».
Далей у сюжэце распавядаецца пра расійскага неанацыста Аляксея Мільчакова, які працуе інструктарам у ваенна-патрыятычных лагерах для падлеткаў, куды ў тым ліку вазілі беларускіх дзяцей.

Аляксей Мільчакоў
«Гэта інструктар — Аляксей Мільчакоў. Са свастыкай ён пазіраваў з юных гадоў. А яшчэ любіў адразаць галовы сабакам і выкладваць фатаграфіі ў інтэрнэт. Пазней хобі спатрэбілася яму ў Данецкай вобласці, дзе неанацыст пазіраваў на фоне трупаў. Няцяжка здагадацца, чаму можа навучыць такі педагог».
Таксама АНТ узгадвае гісторыю 17-гадовай даўнасці, калі выхаванцы дзіцяча-юнацкай ваенна-спартыўнай школы выжывання «Беркут» з гораду Сургут захапілі беларускую вёску:
«Патрыятычныя лагеры з праваслаўным ухілам пад сцягам расійскай імперыі фіксуюць у розных частках Беларусі, а чым заканчваюцца такія гульні ў „Зарніцу“, выдатна памятаюць жыхары вёскі Мікалаеўка Гомельскай вобласці. 17 гадоў таму гэты населены пункт захапілі падлеткі адной з расійскіх ваенна-патрыятычных арганізацыяў. Людзей збілі і ўзялі ў закладнікі. І хоць гэтыя „вучэнні“ скончыліся для іх арганізатара, грамадзяніна Расіі, трыма гадамі турмы, падобныя педагогі не перавяліся».
Тэма ваенна-патрыятычных лагераў для падлеткаў, дзе інструктарамі выступаюць расійскія нацысты, атрымала вялікі рэзананс вясной гэтага года.

У траўні газета «Наша Ніва» паведаміла, што беларускіх дзяцей з Віцебску, Друцку і Талачына сёлета вазілі ў Расію на ваенныя зборы, якія праводзілі баевікі брыгады «Русіч» і асабіста яе камандзір Аляксей Мільчакоў. Гаворка ішла пра тое, што дзяцей на зборы адпраўлялі праз мясцовыя ваенна-патрыятычныя клубы, у тым ліку пры праваслаўных прыходах.
Пазней Мільчакоў і «E.N.O.T. Corp» пацвердзілі “Радыё Свабода” сваю датычнасць да арганізацыі і правядзення ваенных збораў з удзелам беларускіх дзяцей.
У праваахоўных органах Беларусі заяўлялі, што інфармацыя пра ўдзел беларускіх падлеткаў у ваенна-патрыятычных зборах, арганізаваных неанацыстамі, правяраецца і вывучаецца.