Архітэктара Вадзіма Дзмітронка пакаралі трыма гадамі «хіміі»

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 17 сакавіка абвясцілі прысуд мінскаму архітэктару Вадзіму Дзмітронку, якога абвінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Вадзім Дзмітронак, фота з Фэйсбука

Вадзім Дзмітронак, фота з Фэйсбука

На мінулым працэсе на судзе выступіў сведка – супрацоўнік ГУБАЗіКа, імя якога ў мэтах бяспекі было змененае на «Івана Іванова», і адбыліся спрэчкі бакоў. Таксама адбылася замена пракурора: замест Арцёма Цвяткова на баку абвінавачвання выступаў Іван Процкі. Ён зняў шэраг артыкулаў і пакінуў толькі арт. 342 Крымінальнага кодэкса, па якім запатрабаваў для Вадзіма Дзмітронка 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую калонію адкрытага тыпу.
15 сакавіка ў судзе сведка Іван Іваноў расказаў, што звярнуў увагу на падсуднага, бо той выкрыкваў розныя лозунгі, абразлівыя выразы ў бок супрацоўнікаў, «заводзіў» натоўп. А калі людзі пайшлі за ім, ён сышоў убок і знік, міліцыянты пачалі ўжываць светла-шумавыя гранаты.
Супрацоўнік ГУБАЗіК запомніў падсуднага па доўгай барадзе, куртцы цёмнага колеру і заплечніку, кажа, што на ім была адзетая маска чорнага колеру і бараду было відаць. Руху транспарту Дзмітронак не перашкаджаў, бо транспарт не хадзіў.
Пасля, у момант затрымання, Дзмітронак нібыта аказваў супраціў супрацоўнікам, якія яго затрымлівалі, хапаўся за абмундзіраванне, справабаў вырвацца і наносіць удары ў вобласць жывата, аднак такія дзеянні былі спыненыя. Сам сведка трымаў затрыманага за руку, фізічную сілу да яго не прымяняў. Затрыманне праводзілі каля 10 супрацоўнікаў. Потым Іван Іваноў адышоў ад затрыманага, сам не прымаў удзел у асабістым вобшуку, але бачыў, што было знойдзена пры ім. Сказаў, што не бачыў, каб Вадзіма Дзмітронка збівалі.
Абаронца ўказала на шэраг супярэчнасцей у паказаннях, дадзеных сведкам падчас суда і на папярэднім следстве: не супадае апісаны колер курткі, месца і час затрымання, а таксама той факт, што ён мог бачыць чорную бараду Дзмітронка, бо падчас мерапрыемства на «Плошчы Перамен» той насіў гэтак званую «матацыклетную трубу» — шалік, які закрывае ніжнюю палову твара і шыю.
У судзе былі прагледжаныя відэазапісы затрымання, выкладзеныя ў інтэрнэце, і тыя, што прадставіла жонка падсуднага. Іх далучылі да матэрыялаў справы. Таксама ў суд паступілі медыцынскія дакументы з указаннем цялесных пашкоджанняў, якія былі нанесеныя Дзмітронку пры затрыманні. Следчы камітэт адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да тых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія збівалі яго.
Пасля быў дапытаны ў якасці сведкі і сябра падсуднага Міхаіл Цвірко па характарыстыцы асобы падсуднага. Сведка распавёў, што ведае Вадзіма Дзмітронка каля 10 год, пазнаёміліся на працы, разам неаднаразова гулялі ў страйкбол, з’яўляюцца сябрамі рэспубліканскага грамадскага спартыўнага аб’яднання «Страйкбол». Паказаў таксама, што падчас гульняў часта выкарыстоўваюцца шашкі, петарды і падобныя рэчы, часцей за ўсё яны набываюцца перад імі. Абвінавачаны неаднойчы выкладваў фотаздымкі з гульняў у сваіх сацыяльных сетках. Сведка ахарактарызаваў Вадзіма Дзмітронка як чалавека адказнага, спакойнага, ведае яго толькі са станоўчага боку.
Абаронца прасіла таксама далучыць да матэрыялаў характарыстыкі на яе падабароннага.
Падчас спрэчак бакоў Іван Процкі адзначыў, што дзеянні падсуднага па арт. 293 і 296 Крымінальнага кодэкса следствам былі кваліфікаваныя няправільна. Ён зняў абвінавачанне па гэтых артыкулах у сувязі з адсутнасцю дастатковых доказаў датычнасці Вадзіма Дзмітронка да здзяйснення ўказаных злачынстваў.
А вось па арт. 342 КК пракурор палічыў віну падсуднага даказанай праз паказанні сведкаў Котава і Іванова, пісьмовыя матэрыялы справы. Змякчальнымі абставінамі лічыць наяўнасць малалетніх дзяцей ў Вадзіма Дзмітронка, абцяжарваючымі — здзяйсненне злачынства па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці.
Прасіў суд прызнаць падсуднага вінаватым і пакараць яго трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Абаронца на пачатку выступа адзначыла, што 80% падрыхтаванай прамовы можна не рабіць, бо дзяржабвінаваўца зняў адказнасць па арт. 293 і 296 Крымільнага кодэкса. Выказала згоду з пазіцыяй Процкага ў гэтай частцы. Але не пагадзілася, што дзеянні Вадзіма Дзмітронка можна кваліфікаваць па ч. 1 арт. 342 КК: на думку абаронцы, не было прадстаўлена аніводнага доказу таго, што яе падаабронны зрабіў хоць якое-небудзь дзеянне, указанае ў абвінавачанні, а прысуд не можа быць вынесены на здагадках.
Настойвала на тым, што ніякага намеру і непасрэднага здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў на «Плошчы Перамен» не рабіў. Прасіла суд пільна паставіцца да ўсіх доказаў, крытычна паставіцца да паказанняў сведкаў-міліцыянтаў і апраўдаць Вадзіма Дзмітронка.
У апошнім слове Вадзім Дзмітронак сказаў, што не зрабіў нічога супрацьзаконнага, каб адчуваць згрызоты сумлення і віну. Магчыма, яго трэба прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянавым мерапрыемстве па арт. 24.23 КаАП, але і тут яго віна пад пытаннем: 15 лістапада на «Плошчы Перамен» быў не мітынг — «людзі сабраліся стыхійна, каб ушанаваць памяць загінулага Рамана Бандарэнкі». Асабісты ўдзел у гэтым Вадзім Дзмітронак лічыць «сваім грамадзянскім абавязкам» і не бачыць нічога дрэнна ў тым, што людзі хацелі выказаць сваю пазіцыю і павагу загінуламу. Абвінавачаны папрасіў прабачэння толькі ў родных і сяброў за турботы і падзякаваў усім за падтрымку.  
Сёння суддзя Таццяна Акавітая палічыла віну Вадзіма Дзмітронка даказанай і асудзіла яго на 3 гады «хіміі», як таго і хацеў дзяржабвінаваўца. Мужчыну адпусцілі з-пад варты ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах на час абскарджвання прысуду.
spring96.org