За заклікі ў тэлеграм-чаце «Водители 97%» палітвязня Сяргея Брыля асудзілі да трох гадоў «хіміі»

Суд Заводскага раёна Мінска асудзіў 26-гадовага палітзняволенага слесара з Барысава Сяргея Брыля на тры гады «хіміі».

Сяргей Брыль. Фота з асабістага архіва

Сяргей Брыль. Фота з асабістага архіва

Суддзя Генадзь Янкоўскі прызнаў яго вінаватым па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за заклікі ў тэлеграм-чаце «Водители 97%», а таксама за ўдзел у жнівеньскіх акцыях пратэсту. Адразу на Сяргея завяілі крымінальную справу па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса, але потым справу перакваліфікавалі на больш мяккі артыкул.

Палітзняволенага ўтрымлівалі пад вартай з 23 верасня, а 17 сакавіка пасля абвяшчэння прысуду яго вызвалілі ў залі суда.

«Мінсктранс» заявіў пазоў на суму у 38 тысяч рублёў — на столькі арганізацыя ацаніла шкоду, якую Сяргей прычыніў сваімі дзеяннямі падчас пратэстных акцый. Суддзя пастанавіў разглядаць гэты пазоў у грамадзянскім парадку.

Дзяржаабвінавачванне па гэтай справе падтрымлівала пракурорка Качанава. На судзе віна палітзняволенага абгрунтоўвалася скрыншотамі перапісак у тэлеграм-чаце «Водители 97%». Сярод заклікаў — «Пара пераварочваць аўтазакі!». Таксама Сяргея Брыля абвінавацілі ва ўдзеле ў мітынгах 9, 10, 16 жніўня.

Фота- і відэадоказаў факту ўдзелу ў масавых мерапрыемствах няма, але сам Сяргей не адмаўляў на судзе свой удзел у пратэсных акцыях.  


Сяргея Брыля затрымалі 23 верасня ў Мінску на працы на «Белпрамімпэкс», дзе ён працуе слесарам. Супрацоўнікі органаў сустрэлі яго на прахадной і на падставе таго, што ён з'яўляецца сведкам па справе нейкага ўгону аўтамабіля, павезлі ў аддзяленне.

Сяргея Брыля дапыталі без адваката. Пасля гэтага яго затрымалі на 72 гадзіны да «высвятлення абставін». На гэтай падставе Сяргея змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна, а потым перавялі ў СІЗА-1. Па месцы яго жыхарства быў праведзены вобшук і канфіскаваная ўся тэхніка.