Студэнт БДУ атрымаў чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за кінуты камень
У судзе Маскоўскага раёна Мінска вынесены прысуд палітвязню Івану Дацышыну. Яго прызналі вінаватым паводле ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму: менавіта такое пакаранне прасіў пракурор.
21-гадовы хлопец — студэнт чацвёртага курса факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ. Справу разгледзела суддзя Таццяна Пірожнікава, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымаў пракурор Валеры Гадуноў. Іван Дацышын цалкам прызнаў віну.
Пры затрыманні супрацоўнікі нічога не тлумачылі
Сведка Дзмітрый Тарасаў — кіроўца аўтобуса, які ў той дзень пашкодзілі. У момант здарэння ён знаходзіўся ў салоне. Дзмітрый Мікалаевіч распавёў, што ён ездзіў па праспекце Дзяржынскага, калі спыніўся каля прыпынку ля парка Паўлава, адчыніў дзверы, усе супрацоўнікі выбеглі.
На прыпынку, расказаў Дзмітры Тарасаў, людзі чакалі транспарту: яны не паводзілі сябе агрэсіўна. За прыпынкам таксама стаялі людзі — каля дзвюх тысяч чалавек, якія стаялі і шумелі. Паводле сведчанняў Тарасава, супрацоўнікі выбеглі і адразу пачалі затрымліваць людзей, ён не чуў ніякіх тлумачэнняў з іх боку. І хаця першапачаткова на этапе следства кіроўца казаў пра агрэсію людзей, якія знаходзіліся на прыпынку, на судзе ён прызнаў, што ў той момант многае дадумаў.
На пасяджэнні адвакат зрабіў заяву: на яго погляд, агучыўшы сведчанні Тарасава следчаму, суддзя пачала задаваць яму пытанні, адказы на якія можна выкарыстоўваць у якасці доказаў віны яго падабароннага; іх мусіў задаваць пракурор. Адвакат папрасіў суддзю быць бесстаронняй.
СІЗА — нібыта дзіцячы лагер
На паседжанні выступіў намеснік дэкана БДУ Алег Людчык, дзе вучыцца Іван Дацышын. Ён і кафедра характарызавалі студэнта як станоўчага. Таксама ён распавёў, што на факультэце дапамагаюць студэнтам, якія «спатыкнуліся» і «трапілі ў разнастайныя сітуацыі». І калі Іван атрымае рэальны тэрмін, яны дапамогуць яму скончыць ВНУ дыстанцыйна.
Станоўча характарызаваў Івана і яго 65-гадовы сусед. Ён распавёў, што ведае абвінавачанага практычна ад нараджэння: ён даглядае пляменнікаў, дапамагае сваім бабулям, адна з якіх перажыла раскулачванне і акупацыю. Таксама сусед распавёў, што Ваня займаецца танцамі: яны разам з партнёркай былі чэмпіёнамі Беларусі сярод юніёраў.
У матэрыялах справы прагледзелі расшыфроўкі размоў са сваякамі, падчас якіх ён абмяркоўваў пратэсты, на якія хадзіў.
У апошнім слове Іван Дацышын параўнаў знаходжанне ў СІЗА з дзіцячым лагерам. Распавёў, што, калі падпрацоўваў у дзіцячым лагеры, саджаў двух дзяцей, якія не ладзяць паміж сабой, у адзін пакой і даваў ім агульнае заданне: падрыхтаваць песню да конкурсу. Пасля гэтага яны пачыналі ладзіць. Шмат чаму Івана навучыла і знаходжанне ў СІЗА: ён абяцаў больш не паўтараць памылак, якія зрабіў.
Пракурор запрасіў чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму: суддзя Таццяна Пірожнікава вынесла менавіта такі прысуд. Кампенсацыю ў 340 рублёў 84 капейкі аўтапарку ўжо пакрылі. Таксама Дацышын мусіць пакрыць судовыя выдаткі.