У галасаванні, абвешчаным Ціханоўскай, за 2 гадзіны прагаласавалі больш за 130 тысяч чалавек

Платформа «Голас» дасягнула лічбы у 133 тысячы за няпоўныя дзве гадзіны пасля звароту Ціханоўскай.

photo_2021_02_22_15_50_35.jpg


Святлана Ціханоўская выступіла з анлайн-зваротам, у якім заклікала да агульнанацыянальнага галасавання за перамовы аб мірным выхадзе з крызісу, паведамляе «Радыё Свабода».

Вялікае галасаванне пры падтрымцы Каардынацыйнай рады, ByPol і іншых дэмакратычных арганізацый адбудзецца на платформе «Голас». Дзеля гэтага Ціханоўская заклікала ўсталяваць чат-бот «Голаса» ў Тэлеграме і прагаласаваць.

Тым, хто ўдзельнічае ў галасаванні, прапануецца адказаць станоўча ці адмоўна на адно пытанне:

«Я патрабую мірнага вырашэння крызісу ў Беларусі шляхам перамоў. Я заклікаю Святлану Ціханоўскую правесці іх пры міжнародным пасярэдніцтве».

Тэлеграм-канал «Матолька, дапамажы» паведамляе, што з-за велізарнай колькасці запытаў чат-бот платформы «Голас» можа трохі падтарможваць. У той жа час напісана пра першую рэакцыю ўлад: «Пару хвілін таму адключылі доступ да сайта "Голаса" праз карпаратыўныя DNS "Белтэлекама". Па VPN доступ ёсць».

У сваім звароце Ціханоўская заявіла, што яе каманда і іншыя дэмакратычныя арганізацыі Беларусі зробяць усё, каб «на другую хвалю пратэсту ў рэжыму не хапіла ні сіл, ні грошай».