Следчы камітэт адмовіў у крымінальнай справе за незаконны доступ да тэлефона журналіста

З тэлефона Паўла Дайліда падчас яго допыту ў Івацэвіцкім РАУС выдалілі суполку ў Вайбэры. Але міліцыя паведаміла, што запісы з відэакамер назірання зніклі, таму высветліць, хто зрабіў гэта, не атрымаецца.

47deae9b_7328_4765_8a46_bfba018791cc_w1023_r1_s.jpg


Следчы камітэт адмовіўся завесці крымінальную справу па факце незаконнага доступу да тэлефоа рэдактара сайту «Першы Рэгіён» Паўла Дайліда. Гэта вынікае з адказу Івацэвіцкага раённага аддзела СК на заяву журналіста, у якой той прасіў распачаць справу па артыкуле 203 КК (парушэньне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоваў, тэлеграфных ці іншых паведамленняў), піша Радыё Свабода са спасылкай на сайт 1reg.by.

Падставай для звароту сталі падзеі 24 снежня 2020 году, калі Дайліда выклікалі ў Івацэвіцкі РАУС для допыту ў якасьці сведкі. Дапытвалі па крымінальнай справе па факце надпісаў на плоце дома, у якім жыве старшыня Івацэвіцкага райвыканкаму Аляксандар Грыцук.

Падчас допыту тэлефон рэдактара сайта знаходзіўся ў камеры захоўвання Івацэвіцкага РАУС. Акурат у гэты час з яго ўліковага запісу ліквідавалі суполку ў Вайберы, створаную для прасоўвання навін выдання ў Драгічынскім раёне.

5 студзеня Дайлід звярнуўся ў Івацэвіцкі райаддзел СК з просьбай распачаць крымінальную справу па гэтым факце. У заяве ён прасіў зняць запісы відэакамер у Івацэвіцкім РАУС, у тым ліку ў памяшканні для захоўвання асабістых рэчаў грамадзян. Гэтую заяву следчыя перанакіравалі ў… Івацэвіцкі РАУС!

12 студзеня начальнік РАУС Вадзім Пастаялка вярнуў заяву следчым у сувязі з тым, «што заявы аб злачынствах, учыненых супрацоўнікамі міліцыі ў сувязі з іх службовай дзейнасцю, аднесены да кампетэнцыі органаў папярэдняга следства».

Праверка па выкладзеных у заяве Дайліда фактах пачалася 14 студзеня, а праз чатыры дні раптам высветлілася, што відэазапісы ад 24 снежня ўбачыць не атрымаецца, хоць яны павінны захоўвацца не меней за 30 дзён. 12 студзеня ў будынку РАУС быццам бы адключалася электрычнасць, і «архіў запісаў з камер відэаназірання згубіўся па тэхнічных прычынах».

«Ці часта з жорсткіх дыскаў кампутараў знікаюць відэафайлы, якія там захоўваюцца, з-за таго, што знікла электрычнасць? Па-мойму, нават пяцікласнік вам скажа, што гэта сур’ёзны нонсенс. [...] Невядома, ці праводзілася экспертыза кампутара Івацэвіцкага РАУС, на якім захоўваліся запісы з камер відэаназірання за 24 снежня», — пракаментаваў сітуацыю Павал Дайлід.

Экспертыза мабільнага тэлефону журналіста нічога высветліць не змагла, у выніку 15 сакавіка Івацэвіцкі аддзел СК адправіў журналісту пастанову аб адмове пачынаць крымінальную справу.

Раней пра тое, што нехта карыстаўся яго сацсеткамі, заяўляў іншы карэспандэнт «Першага рэгіёну» Сяргей Гардзіевіч.