Гурневiч: «Прапанова Ціханоўскай — гэта не сіла і не слабасць, гэта разуменне рэальнасці»

Апанентаў улады не стала менш, наадварот. Але ў атмасферы поўнай беспакаранасці сілавікоў і амаральнасці ўлады мірныя пратэсты менавіта цяпер не прымусяць узурпатара «адляцець на верталёце». Вядомы журналiст Дзмітрый Гурневiч выказаўся пра заяву Святланы Ціханоўскай.

Фота з сацсетак Дзмітрыя Гурневіча

Фота з сацсетак Дзмітрыя Гурневіча

— Плану хуткай перамогі, якога шмат хто чакаў ад каманды Ціханоўскай, не можа быць у прынцыпе, — пiша Дзмітрый Гурневiч. — Калі б яна заклікала масава выходзіць на вуліцу і страйкаваць ад 25 сакавіка, то яе б імгненна абвінавацілі ў безадказнасці, падстаўленні людзей пад дручкі. Каб пратэставаць, як паказалі лета і восень, увогуле непатрэбныя палітыкі, дастаткова месенджараў і некалькіх тэлеграм-каналаў.

Калі б Ціханоўская абвясціла сябе прэзідэнткай, то яе б крытыкавалі, што ўжо позна і што гэта смешна.

Прапанова Ціханоўскай галасаваць за перамовы з уладай — гэта не сіла і не слабасць, гэта разуменне рэальнасці. І гэта ніяк не выключае наяўнасці пратэстаў. Наадварот, без іх ніхто ні на якія перамовы ніколі не пойдзе.

Апошнія паўгода паказалі, што нават паўмільёна на вуліцах не прымусяць узурпатара сысці. А цяпер, пасля месяцаў тэрору, такой масавасці і не паўтарыць, якія б ілюзіі хто ні будаваў. Апанентаў улады не стала менш, наадварот. Але ў атмасферы поўнай беспакаранасці сілавікоў і амаральнасці ўлады мірныя пратэсты менавіта цяпер не прымусяць узурпатара «адляцець на верталёце». Выключэнне — нейкія працэсы ўнутры самой сістэмы, пра якія мы не здагадваемся, або сур’ёзная памылка, якая стане пачаткам чарговага грамадзкага выбуху.

Нават у Польшчы часоў «Салідарнасці» ў пачатку 1980-х, дзе страйкавала проста ўся краіна, а студэнты тысячамі начавалі ў залах ВНУ, з падтрымкай дзясяткаў тысяч на вуліцах, рэжым Ярузэльскага трымаўся яшчэ 8 гадоў. І сышлі польскія камуністы не пад уплывам пратэстаў, а ў выніку перамоў, новых выбараў і поўнай перамогі на іх апазіцыі. Гэта забяспечыла краіне мірны пераход улады, без пераваротаў кожныя некалькі гадоў, якія мы бачым на постсавецкай прасторы. Ды і нейкі захоп будынкаў пратэстоўцамі, як у суседзяў, — гэта ўвогуле не беларуская тэма.

Падсумоўваючы, пра што кажа Ціханоўская. 1) Мірныя пратэсты рознага фармату, каб ціснуць на ўладу. 2) Перамовы пра выбары. 3) Перамовы з Лукашэнкам ці без, напрыклад, з чыноўнікамі, якія возьмуць на сябе адказнасць. Сёння гэта выглядае як фантастыка, але фантастыкай яшчэ 7 месяцаў таму мы лічылі ўсё, што бачым апошнія паўгода.

І апошняе. Прапанова ці патрабаванне перамоў выбівае і ў рэжыму аргумент, што іх нехта хоча гвалтам звяргаць і страляць у дварах. Нехта скажа, што ім гэты аргумент да лямпачкі. Не. Менавіта іх неразуменне гэтага аргументу і прывяло да поўнага непрыняцця людзьмі гэтай улады. Калі «губазікі» бегалі за мірнымі пратэстоўцамі з аўтаматамі і білі шкло, каб увайсці ў кавярню, ці судзілі людзей за аркуш белай паперы на балконе, кожны ўбачыў, што ў гэтай улады паехаў дах.

Ціханоўская агучыла ўсяго толькі стратэгію. Дарэчы, яе плюс яшчэ ў тым, што яна робіць амаль немагчымай інтэрвенцыю Расіі. А тактыка — гэта ўжо справа, здаецца, саміх беларусаў. Тут ужо і не патрэбная Ціханоўская, каб вадзіць за ручку. Як дамаўляцца і нешта планаваць, апошнія паўгода ўсіх навучылі.

Паводле gazetaby.cot.lt