Валерый Карбалевіч: прапанова Ціханоўскай — механізм мабілізацыі соцень тысяч людзей
«Заява Святланы Ціханоўскай — гэта пачатак палітычнай вясны 2021 года», — лічыць вядомы палітычны эксперт.
Вядомы беларускі эксперт і палітолаг Валерый Карбалевіч выказаўся з нагоды ініцыятывы Святланы Ціханоўскай, якая заклікала праз платформу «Голас» прымусіць беларускія ўлады сесці за стол перамоў.
— Заява Святланы Ціханоўскай — гэта пачатак палітычнай вясны 2021 года, — піша Валерый Карбалевіч. — Тут якраз той выпадак, калі суб’ект палітыкі разумее, што афіцыйна абвешчаныя мэты відавочна не могуць быць рэалізаваныя. І галоўны сэнс прапановы палягае ў пабочных наступствах публічна абнародаванага праекту.
Відавочна, што ні на якія перамовы з апанентамі Лукашэнка не пойдзе. Калі ён не пагадзіўся на дыялог у найбольш крытычны для яго момант масавых пратэстаў у жніўні-верасні мінулага года, то цяпер, калі вуліца як чыннік палітыкі знікла, спадзявацца на гэта не варта.
Але прапанова Ціханоўскай ёсць механізм мабілізацыі і
актывізацыі тых соцень тысяч людзей, якія ўліліся ў палітыку мінулым годам.
Прычым мабілізацыі ў бяспечную для іх форму. Гэта спроба каталізаваць
палітызацыю грамадства, вярнуць яго ў палітычную гульню. І менавіта ў гэтым яе каштоўнасць.