У Беларусі абмежавалі доступ да сайта «Голас»
Сёння, 19 сакавіка, прыкладна ў 10–11 гадзін раніцы карыстальнікі МТС сталі паведамляць, што не могуць зайсці на сайт ініцыятывы «Голас». У іншых аператараў старонка пакуль адкрываецца, паведамляе TUT.BY.
Калі
карыстальнікі робяць спробы зайсці на сайт, з'яўляецца паведамленне, што «доступ да рэсурсу абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі
Рэспублікі Беларусь, прынятага ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь
"Аб сродках масавай інфармацыі"». Альбо папросту старонка не
загружаецца.
Гэта значыць, што сайт трапіў у спіс рэсурсаў абмежаванага доступу «на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь» ад 19 сакавіка. Спіс з такімі рэсурсамі недаступны для прагляду звычайным карыстальнікам, але даступны для інтэрнэт-правайдараў.
Рашэнні аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў прымаюцца ўпаўнаважанымі органамі ў адпаведнасці з надзеленымі паўнамоцтвамі. Беларуская дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі (БелДІЭ) не прымае рашэнняў наконт абмежавання доступу да інтэрнэт-сайтаў, а толькі ўключае ў спіс абмежаванага доступу ідэнтыфікатары інтэрнэт-рэсурсаў (даменнае імя, IP-адрас, URL), якія змяшчаюцца ў рашэннях дзяржаўных органаў. Пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг, у сваю чаргу, абавязаныя абмежаваць доступ да інтэрнэт-рэсурсу, ідэнтыфікатар якога ўключаны ў спіс абмежаванага доступу.
Учора, 18 сакавіка, Святлана Ціханоўская выступіла з відэазваротам да беларусаў, у якім заклікала іх прагаласаваць на платформе «Голас» за перамовы з уладай пры міжнародным пасярэдніцтве.