Місіі ЗША і ЕС у АБСЕ падтрымалі ініцыятыву Святланы Ціханоўскай
Сёння, 18 сакавіка, місія ЗША ў АБСЕ падтрымала заяву Ціханоўскай аб галасаванні за мірнае развязанне крызісу шляхам дыялогу і заклікала Лукашэнку і прадстаўнікоў рэжыму прыняць яе прапанову аб старце перамоў. Таксама місія заклікала партнёраў і саюзнікаў ЗША падтрымаць беларускі народ у яго барацьбе за свабоду і дэмакратыю.
«ЗША з гонарам падтрымліваюць сённяшні заклік да дыялогу паміж уладамі, Каардынацыйнай радай і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, — гаворыцца ў адмысловай заяве. — ЗША дзякуюць шведскаму старшыню АБСЕ за прапанову арганізаваць нацыянальны дыялог паміж уладамі Беларусі і тымі, хто заклікае да дэмакратыі і захавання правоў чалавека».
Нагадаем, сёння Святлана Ціханоўская ў спецыяльным выступе абвесціла галасаванне на платформе «Голас» за мірнае развязанне крызісу праз дыялог з беларускімі ўладамі і Аляксандрам Лукашэнкам.
Пазней ініцыятыву Святланы Ціханоўскай падтрымала таксама місія Еўрапейскага Саюза ў АБСЕ.