Ціханоўская: Перамовы вырашаць крызіс, прычына якога — «чалавек, які прайграў выбары»
Святлана Ціханоўская выступіла з відэазваротам да беларусаў, у якім заклікала іх прагаласаваць за перамовы дзеля перадачы ўлады пры міжнародным пасярэдніцтве.
У сваім звароце Ціханоўская ўпершыню сама назвала сябе лідарам, абраным беларускім народам, і абвясціла пра пачатак агульнанацыянальнага галасавання.
— Кожны з вас ведае, што ў краіне крызіс. І вырашыць яго мы можам мірным шляхам — праз перамовы пры міжнародным пасярэдніцтве, — заклікала экс-кандыдатка ў прэзідэнты.
— Перад 25 сакавіка мы разам з Каардынацыйнай радай, ByPol, фондамі салідарнасці і іншымі дэмакратычнымі сіламі запускаем вялікае галасаванне на платформе «Голас». Наша з вамі агульная задача — зрабіць так, каб прагаласаваў кожны адказны беларус — і тады ўжо да Дня Волі мы ўбачым першыя вынікі, — заявіла экс-кандыдатка ў прэзідэнты.
Паводле слоў Ціханоўскай, перамовы дапамогуць вырашыць крызіс у краіне, прычына якога ў тым, што «ўладу ўтрымлівае чалавек, які прайграў выбары».
— Ён адмовіўся сыходзіць з пасады, плюнуў у твар мільёнам беларусаў. Ён спрабуе кіраваць краінай з дапамогай гвалту і рэпрэсій, хоць нават гэта не прымусіла нас яму падпарадкавацца. І цяпер у нас закрываюць бізнесы, растуць цэны, а пенсіі і заробкі падаюць. З Беларусі сыходзяць інвестары і гандлёвыя партнёры. А галоўнае — у краіне ніхто не адчувае сябе бяспечна. У сваіх дамах людзі ўздрыгваюць, калі чуюць шум за дзвярыма. І баяцца выкліку да начальства, таму што кожны раз чакаюць, што ім не працягнуць кантракт, — заявіла Ціханоўская.
Паводле tut.by