Ціханоўская абмеркавала сітуацыю ў Беларусі з амерыканскімі кангрэсменамі
У Камітэце па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША абмяркоўвалі беларускі дэмакратычны рух і ролю ў ім жанчын. На пытанні кангрэсменаў адказвала Святлана Ціханоўская.
![photo_2021_02_21_13_53_14.jpg photo_2021_02_21_13_53_14.jpg](/img/v1/images/photo_2021_02_21_13_53_14.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сустрэча членаў падкамітэта па справах Еўропы, энергетыцы, навакольным асяроддзі і кібербяспецы прайшла ў анлайн-фармаце. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі абедзвюх пануючых ў амерыканскай палітыцы партый — дэмакратычнай і рэспубліканскай. Пасяджэнне прайшло пад кіраўніцтвам старшыні падкамітэта Уільяма Кіцінга.
На сустрэчы кангрэсмены камунікавалі са Святланай Ціханоўскай. Парламентарыі цікавіліся цяперашняй сітуацыяй у нашай краіне, дзеяннямі ўлад і адказам на іх з боку апазыцыйных сіл, а таксама той дапамогай, якую ЗША могуць аказаць, каб падтрымаць рух беларусаў да дэмакратыі. І тэма, і склад удзельнікаў сустрэчы (палову складалі жанчыны), вызначыла цікавасць да гендарнай праблематыкі ў рамках крызісу ў Беларусі.
Ціханоўская ў сваёй заяве заклікала да пашырэння абмежавальных мер, накіраваных супраць дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама індывідуальных санкцый, у тым ліку супраць беларускіх бізнесменаў, якія маюць цесныя адносіны з кіраўніцтвам нашай краіны. Таксама Ціханоўская казала пра неабходнасць дыпламатычнага ціску на беларускі рэжым і магчымае пасярэдніцтва ЗША праз АБСЕ ў развіцці грамадскага дыялогу. Ціханоўская заклікала ЗША распрацаваць своеасаблівы «план Маршала» для Беларусі — праграму эканамічнай дапамогі, якая дапамагла б паспяхова пераўтварыць краіну.
Кангрэсмен-рэспубліканец Браян Фіцпатрык папрасіў занесці ў пратакол пасяджэння ліст ад прадстаўнікоў абедзвюх партый і палат Кангрэса, у якім запытваецца вылучэнне 30 мільёнаў долараў ў 2022 годзе для падтрымкі грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнага руху ў Беларусі.
Пазней Святлана Ціханоўская адзначыла, што, улічваючы бесперапынныя пратэсты і рэакцыю на іх улад, неадкладная дапамога патрэбна проста цяпер. Яна таксама пазначыла сферы, у якіх варта пашырыць эканамічныя санкцыі супраць беларускіх улад: прадпрыемствы нафтагазавага і калійнага сектараў.
Адказваючы на пытанне кангрэсвумен Сьюзан Уайлд аб працы амерыканскага дыпламатычнага корпуса ў Беларусі, Ціханоўская распавяла пра сваю нядаўнюю сустрэчу з паслом ЗША ў нашай краіне Джулі Фішэр і дала ёй найлепшую характарыстыку, заявіўшы, што дыпламатка зможа займацца маніторынгам сітуацыі ў беларускіх турмах і судах. Таксама яна адзначыла, што Фішэр пакуль не ўручыла даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, што, на думку Ціханоўскай, з'яўляецца выражэннем пазіцыі ЗША ў пытаннях легітымнасці дзяржаўнай улады ў нашай краіне.
У адказ на пытанне дэмакрата Брэда Шнайдера аб тым, якія канкрэтна крокі могуць распачаць ЗША цяпер для падтрымкі беларускага дэмакратычнага руху, Ціханоўская прывяла ў прыклад дзеянні краін-суседзяў Беларусі, якія ўзбуджаюць крымінальныя справы ў дачыненні да беларускіх сілавікоў на падставе міжнароднай юрысдыкцыі.
Таксама ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі ролю Расіі ў крызісе ў Беларусі, ціск на праваабаронцаў і журналістаў, формы, якія набыў пратэсны рух, працу Каардынацыйнай рады і рэпрэсіі супраць яе членаў, а таксама меркаваную вясновую пратэсную актыўнасць, у тым ліку ў святле надыходзячага Дня Волі.
tut.by