Расія адклікала амбасадара з ЗША пасля новых санкцый
Кансультацыі з амбасадарам патрэбныя для таго, каб прааналізаваць, «што рабіць і куды рухацца» ў кантэксце адносін паміж Расіяй і ЗША. У Маскве лічаць, што адносіны з Вашынгтонам «зайшлі ў тупік».
Міністэрства замежных спраў выклікала амбасадара РФ Анатоля Антонава з Вашынгтона для кансультацый. Такое рашэнне было прынятае пасля таго, як ЗША абвясцілі пра новыя санкцыі супраць Расіі. Пра гэта гаворыцца ў заяве на сайце расійскага МЗС у сераду, 17 сакавіка, паведамляе korrespondent.net.
Як адзначылі ў Маскве, кансультацыі з амбасадарам патрэбныя для таго, каб прааналізаваць, «што рабіць і куды рухацца» ў кантэксце адносін паміж Расіяй і ЗША.
«Для нас галоўнае — вызначыць, якімі могуць быць шляхі выпраўлення расійска-амерыканскіх сувязей, якія знаходзяцца ў цяжкім стане і якія Вашынгтон завёў у апошнія гады ў тупік. Мы зацікаўленыя ў тым, каб не дапусціць іх незваротнай дэградацыі, калі амерыканцы ўсведамляюць звязаныя з гэтым рызыкі», — заявілі ў МЗС РФ.
Нагадаем, учора, 17 сакавіка, ЗША ўвялі эмбарга на гандаль зброяй з Расіяй. Амерыканскае Мінгандлю пашырыла экспартныя абмежаванні ў дачыненні да Расіі праз справу Аляксея Навальнага.