«Адзін з найлепшых дзён у жыцці». Як палітвязень Святаслаў Герасімюк узяў шлюб у СІЗА

Таццяна і Святаслаў разам больш за 5 гадоў. Аднак 22 снежня пара нечакана разлучылася — Святаслава затрымалі за падзеі ў Брэсце 10 жніўня. Сёння хлопец знаходзіцца ў СІЗА-7, паведамляе «Свабода».

Таццяна Герасімюк пасля цырымоніі ў СІЗА-7 Брэста

Таццяна Герасімюк пасля цырымоніі ў СІЗА-7 Брэста

Святаслаў Герасімюк зрабіў дзяўчыне прапанову ў студзені ў адным з лістоў. Яна, не раздумваючы, пагадзілася. Са шлюбам маладая пара не цягнула. Распісацца вырашылі проста ў СІЗА. «Пасля 3 месяцаў расстання я да апошняга не магла паверыць, што нарэшце сустрэнуся з ім ужывую, а не толькі ў снах», — успамінае Таццяна.

Дзяўчына сцвярджае, што дзень рэгістрацыі шлюбу стаў для яе больш чым асаблівым. Цырымонія праходзіла ў маленькім пакоі. Сцены ў ім былі абвешаныя абразамі.

«Я хвалявалася, але жанчына-рэгістратар мяне супакоіла. Сказала, што паспрабуе даць нам магчымасць пабыць разам даўжэй, — успамінае Таццяна. — Калі Святаслава прывялі і мы з ім абняліся, у мяне адразу пакаціліся слёзы. Ён папрасіў не плакаць. Стрымаць эмоцыі было цяжка, але я справілася».

 

Святаслаў і Таццяна. Архіўнае фота

Святаслаў і Таццяна. Архіўнае фота

«Галоўнае не здавацца і працягваць ісці наперад»

Таццяна думае, што падрыхтавацца да дня роспісу Святаславу дапамаглі сукамернікі. Дату шлюбу яна паведаміла жаніху загадзя.

«Ён быў у пінжаку, туфлях. Раней я не бачыла яго ў такім дзелавым стылі», — кажа суразмоўца. Падчас рэгістрацыі шлюбу маладыя ўвесь час трымалася за рукі. Пасля абмену пярсцёнкамі іх абвясцілі мужам і жонкай. На заканчэнне пара пацалавалася.

Нягледзячы на тое, што цырымонія доўжылася каля 10 хвілін, Таццяна прызнаецца, што ў той момант, упершыню за 3 месяцы, адчула сябе неймаверна шчаслівай.

«Гэты дзень адназначна стаў адным з найлепшых у маім жыцці, — кажа дзяўчына. — На выхадзе з СІЗА мяне сустрэлі сябры — павіншавалі, падарылі кветкі. Пасля разам з сяброўкай (таксама жонкай палітвязня) мы пайшлі ў кавярню. На гэтым банкет закончыўся».

Таццяна запэўнівае, што незвычайныя абставіны шлюбу толькі ўмацавалі іх з мужам перакананне ў пазітыўным вырашэнні складанай жыццёвай сітуацыі.

«Усё, што цяпер адбываецца,гэта толькі часовыя цяжкасці, якія трэба пераадолець. Галоўнае не здавацца і працягваць ісці наперад», — запэўнівае суразмоўца.

 

Таццяна пасля цырымоніі ў СІЗА

Таццяна пасля цырымоніі ў СІЗА


«Спадзяёмся на лепшае»

25-гадовы Святаслаў Герасімюк знаходзіцца ў чацвёртай дзясятцы абвінавачаных паводле ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых беспарадках») за акцыі пратэсту ў Брэсце 10 жніўня. Таццяна мяркуе, што судзіць мужа будуць бліжэй да лета.

Паводле слоў дзяўчыны, у лістах Святаслаў піша, што ўмовы ў СІЗА нармальныя, просіць шмат у перадачах не перадаваць. Адчувае сябе здавальняюча. Шмат чытае, вывучае англійскую мову.

«Вядома, сваякі і сябры за яго хвалююцца і стараюцца падтрымліваць. Ён піша, што трымаецца, — кажа Таццяна. — Мы ўсе спадзяёмся на лепшае, але гатовыя да любога раскладу. Будзем дамагацца свайго шчасця. Ведаем, што, магчыма, не так хутка, як хацелася б, але ў выніку ўсё будзе добра».