«Валадарка была санаторыем». Жыхар Барысава стаў фігурантам справы «аб масавых беспарадках»
Фігурантам справы аб удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса) стаў 25-гадовы барысаўчанін Сяргей Брыль. Па словах яго дзяўчыны Анастасіі, на яго распачалі крымінальную справу з-за ўдзелу 9 і 10 жніўня ў мітынгах і за актыўнасць у такіх телеграм-чатах як "Водители 97%". Дзяўчына Сяргея Брыля распавяла «Вясне» гісторыю яго пераследу.
Сяргей Брыль. Фота з асабістага архіва
Павезлі ў аддзяленне міліцыі як сведку па ўгону аўтамабіля
Сяргея Брыля затрымалі 23 верасня ў Мінску на працы на "Белпрамімпэкс", дзе ён працуе слесарам.
"Раніцай мы развіталіся з Сяргеем і раз'ехаліся па працоўных справах.
Пасля 16:00 ён перастаў выходзіць на сувязь. Як пазней высветлілася, супрацоўнікі органаў сустрэлі яго прама на прахадной, і на падставе таго, што ён з'яўляецца сведкам па справе нейкага ўгону аўтамабіля, павезлі ў аддзяленне", – распавядае Анастасія.
Па словах дзяўчыны, Сяргея Брыля дапыталі без адваката. Пасля гэтага яго затрымалі на 72 гадзіны да "высвятлення абставінаў". На гэтай падставе яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.
"Дома канфіскавалі ўсю тэхніку і сказалі, што звяжуцца са мной"
"Дома пасля працы мяне ўжо чакаў "сюрпрыз". На ператрус прыйшлі трое супрацоўнікаў міліцыі. У іх была пастанова на ператрус, дзе было пазначана, што Сяргей праходзіць у якасці падазраванага па ўдзеле ў масавых беспарадках. Дома канфіскавалі ўсю тэхніку і сказалі, што звяжуцца са мной", – распавядае дзяўчына Сяргея.
28 верасня Сяргея Брыля перавялі з ІЧУ на Акрэсціна ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. 2 кастрычніка яму прад'явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Санкцыя гэтай нормы прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.
Сяргей Брыль: "Валадарка была санаторыем"
Адразу ж яго перавялі ў Жодзіна і працягнулі арышт на 2 месяцы. У лістах ён распавядае, што ўмовы там горшыя, чым на "Валадарцы".
Па словах Анастасіі, Сяргей лісты амаль не атрымлівае – даходзяць толькі ад маці. А яго лісты прыходзяць з выкрасленымі цэнзарам радкамі.
"Першы ліст ад яго амаль увесь закрэслены быў. Можа ў найбліжэйшай будучыні нешта зменіцца і ён нарэшце атрымае ўсе астатнія лісты. Вельмі хочацца, каб ён адчуваў нашу падтрымку", – кажа дзяўчына Сяргея.
"Ім усім вельмі патрэбна наша падтрымка"
"Я не магла паверыць у арышт Сяргея, асабліва, калі абвінавачванне прад'явілі. Да гэтага часу не веру. Ніколі б не магла падумаць, што вось так можа быць у нашай роднай краіне. У нас жа ёсць права слова, права выбару, права на свабоду думак. Вельмі спадзяюся, што справядлівасць будзе вышэй за ўсіх падзей, якія адбываюцца навакол.
Веру ў тое, што ўсё будзе добра. Жадаем тым, хто трапіў у падобную сітуацыю, знайсці ў сабе сілы і не здавацца. Ім усім вельмі патрэбна наша падтрымка, як ніколі, таму мы павінны ў іх верыць. Спадзяюся, у хуткім часе мае лісты трапяць да яго, як і лісты ўсіх астатніх. Вельмі сумую і спадзяюся, што ўсё хутка скончыцца", – кажа Анастасія.
Адрас для лістоў Сяргею: СТ-8, вул. Савецкая, 22А, г. Жодзіна, 222160