Армія Украіны трапіла ў топ-15 наймацнейшых у свеце. А на якім месцы беларуская?
Узброеныя сілы Украіны (УСУ) упершыню ў гісторыі ўвайшлі ў топ-15 рэйтынгу войскаў свету, які складаецца экспертамі кампаніі «Global Firepower» (GFP).
Год таму армія Украіны займала ў рэйтынгу 22-е месца. Сёлета УСУ абышла арміі Ірана, Ізраіля, Аўстраліі, Саудаўскай Аравіі, Іспаніі, Тайваня і Германіі.
«Украіна палепшыла свой індэкс «GFP» за мінулы год у выніку аказанага Расіі адпору, фінансавай і матэрыяльнай падтрымкі з боку Захаду і ўвядзення новых ключавых параметраў», — гаворыцца ў каментарах экспертаў.
Армія Расіі ў рэйтынгу «GFP» засталася на другім месцы, аднак эксперты папярэдзілі, што скараціўся разрыў паміж ёй і арміяй Кітая, якая займае трэцяе месца. Кітай, паводле «GFP», узмацняе свае пазіцыі дзякуючы прасоўванню ў ключавых катэгорыях, у той час як распачатая Расіяй вайна прадэманстравала абмежаванасць яе патэнцыялу.
На першым месцы па-ранейшаму застаюцца ЗША. А Беларусь у сёлетнім рэйтынгу «GFP» займае 60-е месца — паміж Марока і Балгарыяй. У 2019 годзе беларускае войска займала 39-е месца ў рэйтынгу «GFP», у 2021 годзе — 50-е.
Спіс наймацнейшых армій свету «GFP» складае штогод, пачынаючы з 2006 года. Прадстаўленыя ў ім дзяржавы (у цяперашняй рэдакцыі рэйтынгу іх 145) ранжыруюцца, зыходзячы з даных аб колькасці ўзброеных сіл, іх аснашчэнні і падрыхтоўцы, патэнцыяле абароннай і іншай прамысловасці, а таксама фінансавых магчымасцях дзяржавы, запасах карысных выкапняў, плошчы краіны, працягласці яе меж, колькасці дзяржаў, з якімі яна мяжуе, і па шэрагу іншых чыннікаў.
Пры гэтым у залік ідуць толькі канвенцыйныя ўзбраенні, без уліку ядзернай зброі.