Валанцёрку-беларуску не пусцiлi на аўтобус «Ecolines» ва Украiне з-за яе грамадзянства

Валанцёрка-беларуска распавяла, як яе не пусцілі на аўтобус «Ecolines». Нібыта паводле правіл кампаніі, цяпер грамадзян Беларусі і Расіі могуць не пускаць на аўтобус без удакладнення прычын. Адмову Ecolines ніяк не аргументаваў — проста «не возьмем».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Валанцёрка Дар’я паехала з сябрам-валанцёрам з Кракава адвезці ў Львоў машыну, якую там забіралі ваенныя і гналі на фронт. Яны дапамагаюць дабрачыннаму фонду польска-ўкраінскага супрацоўніцтва «U-WORK», распавядае гісторыю дзяўчыны «EX-PRESS». 

Машыну яны перадалi, але валанцёрку высадзiлi з аўтобуса ў Львове таму, што яна беларуска. Зараз яна плануе пiсаць скаргу.

— Пераехала мяжу добра, пасля допыту на мяжы нас пусцілі, — распавяла беларуска. — Але было некалькі важных дакументаў, якія дазволілі гэта зрабіць. У пятніцу, 30 снежня, калі мы аддалі машыну, часу, каб ехаць цягніком назад, у Польшчу, не было, бліжэйшым быў аўтобус «Ecolines» у 22.16, які павінен быў прыехаць у Кракаў у 5.30 раніцы 31 снежня, у суботу.

Аўтобус спазніўся на 20 хвілін, быў поўны. Я села. Праверылі мой квіток, а праз некалькі хвілін папрасілі дакументы, таму што я была адзінай беларускай у аўтобусе. Праз хвілін пяць вярнуўся кіроўца, які выбачыўся і паказаў перапіску ў вайберы, як я разумею, са сваім дыспетчарам. Там было напісана, цытую: «Не бяром, няхай тэлефануе на інфалінію, і ёй даюць квіток з адкрытай датай замест наяўнага».

Я спытала, што адбываецца? Як можна дыспетчару паказаць, што ў мяне ёсць усе валанцёрскія дакументы? Ён выбачыўся яшчэ раз — і ўсё. Мне прыйшлося выйсці. Хаця потым я зразумела, што трэба было выклікаць паліцыю.

Я патэліла дырэктару арганiзацыi, каардынатару нашай паездкі, і распавяла сітуацыю. Патэліла на інфалінію кампанii, дзе дзяўчына была «ні рыба нi мяса», як кажуць, і, пакуль я не настаяла, не выпісала мне гэты квіток. Гэта квіток з адкрытай датай, замест майго, па якім у любым кірунку цягам паўгода магу паехаць. І ўсё. Прыйшлося ісці ў хостэл, у які таксама не хацелі пускаць, бо было позна, але потым пусцілі.

Грошы дзяўчыне не вярнулі. Квіток быў куплены на польскай версіі сайта.

— Па польскім заканадаўстве не могуць нікога дыскрымінаваць ні па якой прычыне. А дакумент кампаніі не можа быць вышэйшым за заканадаўчы. Таму зараз я размаўляю з журналістамі, будзем пісаць скаргу, каб іх пазбавілі ліцэнзіі.

Па словах беларускi, прычыну адмовы яны сфармулявалі так: паводле правіл кампаніі, цяпер грамадзян Беларусі і Расіі могуць не пускаць на аўтобус без удакладнення прычын.

Дадому беларуска ехала цягнікамi: спачатку да Пшэмысля, а потым да Кракава.

Па словах iншага валанцёра, Крысцiяна, сiтуацыя, на жаль, вельмi сумная:

— Я асабіста з такім не сутыкаўся, хаця пра такія выпадкі чуў. Яны тычыліся таго ж самага «Ecolines», і перавозчык ніяк гэта не аргументуе, проста кажуць «не возьмем».

Па словах беларуса, выдача адкрытага білета — гэта ніякае не вырашэнне пытання, таму што наступны вадзіцель скажа тое ж самае:

— Сэнсу ў гэтым адкрытым квітку няма ніякага. Даша паказала валанцёрскія дакументы, пячатку ў пашпарце аб уездзе, што яна за суткі да гэтага ўехала ва Украіну (беларусаў проста так не ўпускаюць, толькі па тэзісна абгрунтаваных сітуацыях) і суправаджала гуманітарны груз. Па факце, дыспетчару было на гэта пляваць. Праблема заключаецца ў тым, што такімі дзеяннямі «Ecolines» фактычна наносіць шкоду нацыянальным інтарэсам Украіны і, наадварот, дапамагае Расіі, што я лічу недапушчальным.