Асацыяльны кантракт дзяржавы: льготы — толькі сілавікам

Лукашэнка паступова пазбаўляе дзяржаўнай падтрымкі самыя ўразлівыя сацыяльныя групы. Гэтым разам «дастанецца» шматдзетным сем'ям.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларускі кіраўнік, прызначаючы новым міністрам працы і сацыяльнай абароны Наталлю Паўлючэнка, даручыў «не раскідвацца льготамі і рознымі прывілеямі». На думку Лукашэнкі, чыноўніцы трэба сур'ёзна прадумаць пытанне, аж да ўстаноўкі бар'ераў у дапамозе шматдзетным — бо, маўляў, насельніцтва і так «зальгатаванае», а «лішніх грошай не бывае».

А доўгія гады менавіта сацыяльна-арыентаваная палітыка была каньком Лукашэнкі і пернікам для электарату. У Беларусі з самых высокіх трыбун гучалі абяцанні дапамогі маладым сем'ям, заклікі нараджаць больш дзяцей і атрымліваць ад дзяржавы розныя «плюшкі», у тым ліку кватэры — бясплатна або з кампенсацыяй большай часткі кошту.

Чаму ж цяпер здарыўся такі рэзкі паварот, калі ў Лукашэнкі праз год «прэзідэнцкія выбары» і быццам бы трэба забяспечыць усплёск народнай любові? Ці ўжо не трэба — бо ЦВК «сумленна і прыстойна» намалюе патрэбныя лічбы, а сілавікі столькі разоў трэніраваліся адбіваць прывідныя пагрозы электаральнай кампаніі, што забяспечаць поўную зачыстку?

Пра тое, чым выкліканы заклік Лукашэнкі «удасканаліць» сістэму льгот і больш рупліва арганізаваць сацпадтрымку шматдзетных беларускіх сем'яў, «Філін» пагаварыў з эканамістам Яраславам Раманчуком.


Глядзіце таксама

— Цікавы яго выбар ільготнікаў, — звяртае ўвагу эканаміст. — Калі б Лукашэнка сказаў: мы кармілі баранавіцкае БВБА, кармілі льнокамбінат, цэментны завод, «Беллегпрам», «Белкаапсаюз» (можна пералічыць яшчэ сотню стабільных рэцыпіентаў, якія атрымліваюць датацыі з бюджэту і нанеслі краіне шкоду ў дзясяткі мільярдаў долараў), — а цяпер давайце скароцім гэтыя льготы і не будзем даваць крэдыты, таму што яны на самой справе злоўжываюць імі.

Свежы прыклад: «Беларуская чыгунка», якая карыстаецца льготамі — і $3 мільёны знайшлі ва ўсяго толькі намесніка начальніка. Уяўляеце, які там узровень хабараў і карупцыі?

Але Лукашэнка так не сказаў. Ці то кавуны «не так зайшлі», ці то проста сезон такі — але ён паквапіўся на святое, на шматдзетныя сем'і, уласна, на тое, на чым грунтуецца яго афіцыйная прапаганда і яго ўяўленне пра тое, як трэба «купляць» электарат.

У такіх заяў, адзначае Яраслаў Раманчук, можа быць некалькі тлумачэнняў:

— Альбо Лукашэнка ў прынцыпе вырашыў, што можна ні перад кім не даваць справаздачу адносна выканання сацыяльнага кантракту. Альбо на перыяд да фармальных перавыбараў ён робіць стаўку зусім не на бюджэтнікаў, пенсіянераў і шматдзетныя сем'і, а на тых, каму сапраўды будзе дапамагаць: сілавікі, фінансісты, тыя, хто займаецца паралельным імпартам і «партнёры», звязаныя з рознымі АЗГ у Расіі.


Глядзіце таксама

На шматдзетных можна не звяртаць асаблівай увагі — іх, па-першае, даволі мала, па-другое, яны ні на што не ўплываюць. А ваўку, які канчаткова скінуў сёння авечую шкуру, рабіць выгляд, што ён стане вегетарыянцам або веганам, проста бессэнсоўна. Як і не трэба нікому даказваць, што ў Беларусі маладая дэмакратыя, мы вучымся ёй і будзем з усімі сябраваць — хто сёння паверыць рэжыму-суагрэсару?

Таму Лукашэнка запісаў шматдзетныя сем'і і ўразлівыя сацыяльныя групы ў катэгорыю «адпрацаваных», як казала Хілары Клінтан, disposables («расходны матэрыял»). Адсюль гэтае грэбаванне, нават пагарда: з яго пункту гледжання, наогул сышла палітычная мэтазгоднасць нешта рабіць для гэтых катэгорый насельніцтва.

І яшчэ адна думка, якая ў мяне з'явілася ў кантэксце гэтай навіны — для таго, каб таталітарны барак працаваў на ЗАТ «Сям'я», 9 мільёнаў людзей занадта шмат. Цалкам хопіць 6,5-7 мільёнаў чалавек. А не будзе хапаць рабочых рук — завязуць з Азіі.

— Гэта значыць, шматдзетным дзявацца няма куды — пацерпяць, пачакаюць?

— Вядома — яны ж не ўяўляюць сабой рэальную сілу, не ўваходзяць у больш-менш разумны прафсаюз або іншую структуру грамадзянскай супольнасці. А форма падачы скаргаў у Беларусі такая, што львіная доля накіроўваецца ў Адміністрацыю Лукашэнкі — ваўку скардзяцца на прагнасць і крыважэрнасць яго ад'ютантаў, гэта як?

Публічныя заявы Лукашэнкі паказваюць, што ён не бачыць неабходнасці праяўляць мала-мальскую павагу да чалавека, які мае патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы. А на свае папярэднія абавязацельствы можна і напляваць — за 30 гадоў я нават не ведаю, якое са сваіх абяцанняў ён не парушыў.

Цяпер яго задача — карміць сваіх цэрбераў, якія яго ахоўваюць, падтрымліваць тых, хто яму выгадны, з пункту гледжання знешніх крыніц — а на астатняе напляваць. Ён паважае і баіцца толькі сілу, а бюджэтнікі і шматдзетныя сем'і Беларусі, зацюканыя, зашуганыя, з яго пункту гледжання, гэтай сілы не ўяўляюць.


Глядзіце таксама

— І ўсё ж, паводле звестак Мінпрацы, у Беларусі блізу 124 тысяч шматдзетных, ды больш за два мільёны пенсіянераў, яшчэ нямала катэгорый ільготнікаў. Калі гайкі закруцяць вельмі жорстка, ці варта чакаць масавай незадаволенасці, або справа абмяжуецца зваротамі ў TikTok?

— Лукашэнка ж не будзе адразу прыбіраць усе льготы — паступова, аднаму, другому. Да таго ж, частку з іх «з'есць» інфляцыя, а таксама, напрыклад, тарыфы ЖКГ, якія растуць. Калісьці казалі, што мы выйдзем на 100%-нае пакрыццё выдаткаў, потым тэма сышла, газ і нафта ў Беларусі быццам бы супертанныя, а тарыфы ўвесь час паднімаюцца. Значыць, там, дзе манаполія, можна добра зарабляць на людзях.

Ці паглядзіце на беспрэцэдэнтны ўзровень рэнтабельнасці банкаў — 102% за першы квартал года. Такога я не памятаю за ўвесь час назіранняў. Было 50-60%. Так што набліжаныя да Лукашэнкі кланы і кланчыкі знайшлі спосаб, як яшчэ зарабляць на беларусах, і радуюцца, што ім такая «халява» перапала.

У Беларусі перамагае пакуль не эканоміка, а сілавы блок. З іншага боку, у Мінэканомікі разумеюць, што для выканання загадаў і пастаўленых задач патрэбныя людзі, а іх проста так не намалюеш. Любы з фактараў, які ўлады прыбіраюць, парушае далікатны баланс і прыводзіць да росту напружання ўнутры краіны. Але пакуль Лукашэнка лічыць, што ён усё кантралюе, і шукаць ласкі, тым больш перад шматдзетнымі, яму не трэба.