Бабуля з Брэста спаліла 400 гектараў лесу. Вайскоўцы беспакарана пераўзыйшлі жанчыну

Цягам цёплага сезону бабця-дачніца ўчыніла пажар у Маларыцкім раёне. У Брэсцкім, стараннямі вайскоўцаў аднайменнага палігону, «ляснулася», скарыстаўшы вакабуляр сайту Брэсцкага лясгаса, ад тысячы да двух гектараў. Няйначай таму Маларыцкі і Брэсцкі раёны першымі на Берасцейшчыне ўвялі напачатку сухога і гарачага верасня забарону наведвання лесу.

Пагарэлы маларыцкі лес

Пагарэлы маларыцкі лес


Бабкін пажар

Фатаграфіі пажарышчаў мне атрымалася зрабіць да гэтага. За вёскай Струга (гэта Маларыччына) выгарэлі маладыя пасадкі і часткова дарослы лес. «Пачалося ад бабці, лецішча мае на краі пусткі, — распавёў ахоўнік Палігона цвёрдых бытавых адкідаў. — Колькі месяцаў таму было. Запаліла пустазелле і з’ехала ў Брэст. А тут як пайшло… Пад Арлянку лясы пагарэлі. І ў нас — нават шаша не спыніла. Частка нашага палігона сышла полымем, што нядобра для экалогіі. 700 гектараў палыхнула. Толькі шырокая прасека на захадзе спыніла».
Я распытваўся, таму што тыднем раней ездзіў па грыбы пад вёску Прылукі, на другі бок рыбаразводных азёраў. Там іншы палігон, вайсковы. Дык мусіў ехаць у іншае месца — там лес згарэў увесь. Пры стрэльбах нярэдка займаецца гарэць, але такога разлеглага і татальнага выгарання на маёй дастаткова доўгай памяці не было. Напрасткі ад Стругі туды кіламетраў з дваццаць, і падумалася, а ці не адтуль пажар прыйшоў. Аказваецца, не.
Лецішча, адкуль заняўся пажар, раней было адным з некалькіх дзясяткаў надзелаў. Але тут лютая няўродзіца, лясны пясочак, і да горада 30 кіламетраў. Людзі даўно адмовіліся ад зямлі, іх надзелы паглынула прырода. Упартая жанчына засталася сама сярод лесу. Адгарадзіла самаробнай сеткай сотак 20 ад звяроў, паставіла халупку, зладзіла калодзеж. Цяпер на месцы хаціны — кучка попелу. У калодзежы пакінулі толькі адно кольца, каб ніхто не ўваліўся.

Лецішча-крыніца пажару ў Маларыцкім раёне

Лецішча-крыніца пажару ў Маларыцкім раёне

Начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення Маларыцкага лясгаса Уладзімір Афанасенка пацвердзіў: так, запаліла бабуля. «Лецішча законнае, на неасноўных землях. Выгарэла 300 гектараў лесу на асноўных і 100 на неасноўных землях. Страты каля 600 тысяч беларускіх рублёў. Дабіваемся сплаты праз суд, але спадзявання мала. Па-першае, жанчына не пацягне такую суму, па-другое, нібыта трапляе пад амністыю». А лес будуць аднаўляць: «Яшчэ сёлета пастаўлена задача высадзіць новы».

Вайна ўсё спіша?

Лясы вакол вайсковага палігона «Брэсцкі» — гэта юрысдыкцыя Брэсцкага лясгаса. Сайт гэтай гаспадаркі, у адрозненне ад нейтральнага і ўцямнага сайту Маларыцкага лясгаса, збольшага распавядае пра меркаваныя пазітывы, як навіны падае савецкія святы, таксама мае беларускую версію, але дзеля яе перакладу відавочна «наняў дзядзьку Гугла». Мабыць таму адно з яго структурных падраздзяленняў называецца «ляснемся гаспадаркі і лесааднаўлення». Гэтае сакавітае беларускае слова таксама часта расквечвае сутнасна нават не прэсныя — ніякія навіны сайту. Дык колькі ж лесу «ляснулася» сёлета? Паехаў уведаць асабіста.


У аддзеле аховы лесу пацвердзілі: «Так, гарэў лес. На палігоне. Вялікі быў пажар. Згарэў і наш». Колькі, казаць наадрэз адмовіліся.
Палігон з краёў зарос хвойкамі з украпваннем бярозавых гаёў. Гэта ладная паласа, дзясяткі квадратных кіламетраў. Адрозніць, дзе палігон, а дзе «штатны» лес, неадмыслоўцу немагчыма. Допуск туды ў вольны ад вучэнняў час не закрыты. Цяпер там марсіянскі пейзаж. Таму не мог не даведацца, а дзе мяжа безгаспадарчасці, і што нам чакаць у будучым? Ці не прырасце Марсу?
У Брэсцкім лясніцтве аўтарытэтна сцвярджалі, што абаранілі «свой» лес. «Калі гарэў палігон увесну, мы паспелі адгарадзіць свой, — супрацоўнік адкрэслівае пазногцем на мапе частку белай тэрыторыі. — На палігоне тушым разам. Бо іначай нявыкрутка. У іх ёсць свой ЗіЛ, і МНС брыгады прысылае. Колькі згарэла сёлета? Цяжка сказаць. Калі ўзяць сувымерны масіў лесу пры пасёлку Мухавец, то, выходзіць, да дзвюх тысяч гектараў».

Штабель пажару

Штабель пажару

Са словаў лесніка, палігон гарыць штогод па некалькі разоў, але гэты год асабліва гарачы. «Той вялікі пажар тушылі некалькі дзён. Да гадзіны ночы ў лесе, і назаўтра зноў. Днямі зноў гарэла, у дальнім кутку. Не бачылі?»
Не, не бачыў. Але ёсць людзі, якія напэўна і трымценна адсочваюць. Найперш, гэта жыхары блізкіх ад палігона вёсак Прылукі, Страдзічы, Заказанка і дзясятка прылеглых садова-агародных таварыстваў. Палігон працягнуўся з поўначы на поўдзень уздоўж шашы Брэст — Тамашоўка на больш чым 20 кіламетраў. Межы яго мала дзе абазначаныя на мясцовасці. У сеціве ёсць карты, дзе контур палігона сягае за шашу і за чыгунку на Владаву. Людзі непакояцца, што іх, пры такіх бязладных выгараннях, або спаляць, або пазбавяць магчымасці збіраць грыбы, або «тупа адселяць на другі бок Брэста».

Палігон «Брэсцкі»

Штрыхі для паўнаты гештальту

Засталося дапоўніць гісторыю выгарання палігона «Брэсцкі» яшчэ дзвюма опцыямі.
Па-першае, прамінулая восень і сёлетні цёплы сезон прайшлі пад знакам «братэрскага» і, нельга не думаць, ментарскага ўдзелу ў вучэннях і манёўрах на палігоне «Брэсцкі» расійскіх вайскоўцаў. У жніўні мясцовы тэлеканал паведаміў пра «міжнародныя вайсковыя гульні «Полярная звезда» — дык вайскоўцы з Расіі бралі ў іх удзел, пасярод каманд «з Казахстана, Сербіі, Венесуэлы, Зімбабвэ» і дзясятка іншых краін. Інтэнсіўнасць стрэльбаў рэзка ўзрасла. Акурат напрыканцы лета з Брэста можна было назіраць у раёне палігона велізарныя слупы дыму. Нібыта, вайскоўцы, дзеля большай набліжанасці «гульняў» да ваенных умоў, палілі падручныя матэрыялы. Палілі настолькі інтэнсіўна, што мусілі ўмяшацца пажарныя — выехала адразу некалькі каманд.Па-другое, лясы вакол палігона, як ніколі, перааралі коламі вайсковай тэхнікі, перакапалі акопамі і бліндажамі. Сховы пад вайсковую тэхніку ў тамтэйшым лесе капалі апошнім разам гадоў з сорак таму пры Саветах — калі абвастралася «абарончая» прага СССР. Мы маем больш — летась увосень былі бачныя сляды імітацыйнага мініравання лясных дарог (ямы ў пяску пры дарозе, драцяныя расцяжкі), а сёлета там-сям падарвалі рэальныя фугасы. Прычым, калі пакласці земляўзрушвальныя шчыраванні вайскоўцаў на карту Брэсцкага лясніцтва, то выдае на тое, што зайшлі яны на кіламетр-два ўглыб «цывільных» лясных угоддзяў.

Падарваны на лясной дарозе фугас

Падарваны на лясной дарозе фугас

Вынікаў гэтай актыўнасці таксама два. Па-першае, палігон застаўся без «зялёнкі», і закрануты быў прылеглы масіў «цывільнага» лесу. Па-другое, вайскоўцы вывесілі на лясной дарозе пры палігоне шыльду «ВНИМАНИЕ! ГРАНИЦА ЗОНЫ БЕЗОПАСНОСТИ».
Вось і думай. Мы ў бяспецы? У небяспецы?

Шыльда пры палігоне «Брэсцкі»

Шыльда пры палігоне «Брэсцкі»

Асобна займае клопат некаторых асабліва адказных чыноўнікаў ляснога ведамства пра Курапацкі лес, у той час як у краіне згараюць тысячы гектараў. Задумваешся таксама, паглядаючы на білборды «Русский лес» — прытаранілі ж яго не «за так» раздаваць, на продаж, за тысячы кіламетраў, а свой то гарыць зыркім полымем, то ляжыць-гніе клецямі.
Напэўна, гэта асобныя тэмы, але пажары ў лясах вакол тысячагадовага Берасця\Брэста асабліва іх падсвечваюць, — вылучаюць і падкрэсліваюць.
Фота аўтара