Багемны “Трактар” у цені новага парадку
Прапануем вашай увазе артыкул аднаго з пераможцаў міжнароднага журналісцкага конкурса "Беларусь у фокусе". Артыкул Марыя Мартысевіч: Багемны “Трактар” у цені новага парадку апублікаваны ўпершыню ў Kultura Enter, 1 ліпеня, 2013 года.
Агітуючы жыць на Трактары, мінскія агенцыі нерухомасці прадаюць утульнасць, рамантыку і адлюднасць.
У лютым 2011 года ў Мінску выбухнуў чарговы будаўнічы скандал. У гарвыканкаме абвесцілі план па частковым зносе жылога пасёлка Трактарнага завода і пабудове на яго месцы камфортных шматпавярховікаў. Пачалося супрацьстаянне грамадзян і ўладаў, дыспазіцыя сілаў у якім патыхае кур’ёзам. Тыя мінчукі, што зазвычай становяцца жывым шчытом супраць канчатковага зносу мінскага Старога горада, вінавацячы ўлады ў савецкім падыходзе да архітэктурнай спадчыны, раптам заступіліся за сам сімвал савецкай архітэктуры — пасляваенны раён, збудаваны па загадзе Іосіфа Сталіна. У чым карані такога парадокса?
Проста горад
Свежыя сацыялагічныя даследаванні іміджавай кампаніі, якую беларускія ўлады нанялі брэндаваць беларускую сталіцу, паказалі: мінчукі ніяк не бачаць Мінск. Для большасці жыхароў Мінск — «проста горад». Не вёска.
Звязана гэта, магчыма, з тым, што адсотак мінчукоў у хоць бы трэцім пакаленні мізэрны і не ў стане асіміляваць мігрантаў — большасць карэннага насельніцтва горада 1950-х — 1980-х складалася з выжылай у Халакосце габрэйскай абшчыны, якая да канца 1990-х амаль у поўным складзе рэпатрыявалася ў Ізраіль. Былыя вяскоўцы, што запаланілі Мінск пасля Другой сусветнай вайны, уцякалі сюды ад калгаснай галечы і прыгону (вясковыя жыхары ў СССР доўгі час не мелі заробкаў грашыма і нават пашпартоў). Уладкоўваючы побыт у амаль цалкам зруйнаваным Савецкай арміяй протамегаполісе, мала хто з беларусаў задумваўся пра культурнае напаўненне прасторы, у якой апынуўся. Сапраўдны горад у разуменні сярэдняга беларуса — гэта “горад з гісторыяй”: Горадня, Нясвіж, Вільня. Касцёлы, кляштары, палацы, замкі, вузкія старасвецкія вуліцы. Амаль нічога з гэтага набору ў Мінску не засталося.
Адмаўляюць мінчукі і самае відавочнае — савецкі вобраз Мінска і Беларусі ў цэлым — першае, што кідаецца ў вочы замежнікам. Гэта таксама ясна: каб настальгаваць па савецкім мінулым, трэба, каб яно зрабілася сапраўды мінулым. Тое ж, што адбываецца ў Беларусі цяпер, нельга назваць іначай, як рэстаўрацыяй савецкай эстэтыкі і ідэалогіі. Прасцей адасобіцца ад чырвонага кумачу рэчаіснасці і лішняга разу пахваліцца дасягненнямі інфраструктуры: чысцінёй на вуліцах і зручным транспартам.
У гэтым, відаць, і палягае еўрапейскі поспех мастака і пісьменніка Артура Клінава: ён першы не забаяўся канцэптуалізаваць савецкі Мінск, параўнаўшы яго з Горадам Сонца Тамаза Кампанэлы.
І сапраўды: для той невялікай часткі інтэлектуалаў і творцаў, хто мысліць шырока і не баіцца стэрэатыпаў, Мінск прывабны такім, якім ён ёсць: манументальным — але не аж так, як Масква, безаблічным — але гэтая безаблічнасць і ёсць твар, імперскім — але на ляпных калонах псеўдакласіцызму вельмі арыгінальна выглядаюць графіці. Стары горад для такіх людзей цяпер — не толькі рэдкае барока на былой Саборнай плошчы. Такія людзі перакананыя: савецкае — таксама спадчына.
Паралельна з канцэптуалізацыяй Горада Сонца ў Мінску адбываецца фізічнае засваенне “сталінскага ампіру”.
Мода на сталінкі
Калі верыць Артуру Клінаву і гісторыкам архітэктуры, пасляваенны Мінск збудаваны на адной-адзінай цытаце з Максіма Горкага: «Чалавек — гэта гучыць горда». У супрацьвагу «буржуазнаму свету», дзе ў палацах жывуць выключна вяршкі грамадства, сталінская жыллёвая праграма прызначыла дамы-палацы найперш для простых людзей.
Цікава, што роўнасць гэтая фігуравала не толькі на паперы. Факт: у дамы на Партызанскім праспекце засялілі сем’і былых партызанаў, а пасёлак Трактарнага завода прыняў сем’і рабочых.
Вельмі хутка, праўда, савецкія горадабудаўнікі падлічылі выдаткі на камфортнае жытло і вырашылі, што чалавек, у прынцыпе, пераб’ецца. У эпоху Мікіты Хрушчова было вынайдзенае «залатое сячэнне» хрушчовак — цесных тыпавых дамоў з пакоямі-каморкамі і аб’яднаным санвузлом, якія і дагэтуль называюць сваім домам, без перабольшання, мільёны беларусаў.
Сацыёлагі і псіхолагі выказваюць меркаванне: сталенне ў інтэрнатах-маласямейках і «хрушчах» (як грэбліва іх называюць у нашы дні) — прадвызначыла рысы характару цэлага пакалення савецкіх людзей: нізкая самаацэнка, заніжаныя сацыяльныя патрэбы, паслухмянасць і безыніцыятыўнасць, адсутнасць пачуцця салідарнасці і ўзаемадапамогі. Узбіўшыся на першыя шышы, гадаванцы “хрушчоў” імкнуцца, няхай і шляхам іпатэкі, памяняць каморкі дзяцінства на прасторныя 4-5 пакаёўкі ў каменных джунглях новых спальных раёнаў. Іх стаўленне да стандартаў жыцця, такім чынам, мяняецца, але не якасна, а колькасна. Таму можна высунуць смелае меркаванне: калі ў беларускіх гарадах і пачнецца зараджэнне грамадзянскіх супольнасцяў у еўрапейскім разуменні — то інкубатарам стануць сталінскія кварталы.
Кеды на дрэве
У 2010-я ва ўсім былым СССР адбываецца змена пакаленняў, у тым ліку ў плане правоў на нерухомасць. На сцэну выходзяць дзеці бэбі-буму 1980-х, для якіх СССР — шчаслівае дзяцінства. Цяпер, калі кватэры не «атрымліваюць», а выбіраюць на рынку, жытло, збудаванае за Сталінам, у трэндзе. У моладзевым онлайн-часопісе 34mag.net ёсць рубрыка «Арт-хаўз» дзе публікуюць фота кватэраў розных крэатыўных людзей. Пасля прагляду гэтай рубрыкі складаецца ўражанне: наймаць або набываць жытло з столлю, ніжэйшай за тры метры, у Мінску — ужо маветон. У цэнтральных кварталах сталіцы, якія не выходзяць наўпрост да праспекта Незалежнасці, але ўсё-ткі могуць пахваліцца забудовамі 1940-х — 1950-х гадоў, пакрысе ўтвараюцца супольнасці маладых сем’яў з вельмі дзіўным, як на сярэдняга мінчука, разуменнем стандарту жыцця.
Адзін з такіх свядомых перасяленцаў — дызайнер студыі “Adliga” Анатоль Лазар: „Ёсць такая штука як „цагляна-каркасны дом” — гэта вам не панэлька, не шпакоўня цагляная… У такім доме можна смела перайначваць планіроўкі — рабіць тое, што лічыш актуальным і функцыянальным. І столі 3,5 метра — гэта проста казка. Нашыя суседзі на 70-80% пенсіянеры, якія жывуць тут з савецкага часу. Астатнія 20-30% — гэта проста паспяховыя людзі, якія нямала грошай заплацілі за такія кватэры. У мяне быў выбар — 4-5-пакаёвая ў Малінаўцы, альбо „двуха” ў цэнтры. І я купіў у цэнтры. І ані не шкадую”.
Нельга сказаць, што гэтыя раёны рэзка выраслі ў коштах: расцэнкі тут стандартныя для сталіцы (паводле сайта realt.by, кватэра ў старым доме непадалёк ад метро ў Партызанскім раёне — каштуе 1100 — 1300 USD за кв.м на снежань 2012 года). Нельга таксама сказаць, што пераезд у сталінкі набыў павальны характар. Гэта хутчэй першы этап джэнтрыфікацыі — калі ў пэўныя раёны перасяляецца багема і «прашараныя» студэнты.
Неяк так склалася, што найбольш выразна гэтыя працэсы прасочваюцца ў змене кантынгенту вакол станцыі метро «Трактарны завод». Творчыя майстэрні, прыватныя студыі гуказапісу і проста сквоты — новая падшэўка вотчыны трактарабудаўнікоў: «Калі наймаць хату, то толькі на Трактары! — гучыць за суседнім столікам у хіпстэрскай кавярні. — Там ужо ўсе дрэвы кедамі пазавешаныя, столькі там нашых».
Па выходных мясцовыя жыхары ўтвараюць тут стыхійны рынак
Мастацтвазнаўца і пісьменнік Віктар Марціновіч— адзін з “патрыётаў” Трактара. Ён жыве ў суседнім раёне, але часта сюды прыходзіць, каб паблукаць у дварах-скверах. На адзін такіх шпацыр мы выбіраемся разам: “Сталінскі ампір пачынаўся пад уплывам італьянскіх палацца. Першапачаткова гэта былі невялікія будынкі ў 2-3 паверхі, з закрытым дваром для кампактнага пражывання невялікай колькасці людзей. На вуліцы Кашавога мы бачым менавіта такія будынкі. З садочкам перад уваходам, з пляцоўкамі для дзяцей. Да гэтых кватэраў на рынку нерухомасці цяпер нават не падступіцца”.
І вось гэтую маліну ўлады горада маюць на мэце спыніць чарговым «добраўпарадкавальным» указам.
ДамыРазенфельда
Сустрэча з іншым патрыётам Трактара стала для мяне нечаканасцю. Бард і паэт Раман Абрамчук, творчасць якога відавочна натхнёная ідэаламі Вялікага Княства Літоўскага, аказаўся нашым гідам па Трактарным пасёлку падчас аднаго з Фэстаў экскурсаводаў, якія штогод ладзяцца ў Беларусі Таварыствам аховы помнікаў. Адной з мэтаў экскурсіі была пашырыць інфармацыю пра пагрозу, што навісла ў 2011 годзе над утульнымі кварталамі.
Як выявілася, Раман вырас у іншым раёне Мінска, але свядома пераехаў сюды, бо захапляецца ціхімі вуліцамі і рамантычнай атмасферай. Яго ўласныя ідэйныя перакананні падчас экскурсіі выдавала хіба гістарычная даведка: Трактар — былое Антоніеўскае ўрочышча, уладанні архіепіскапа Мінскага і Тураўскага. Таму правільна, што пасярод аднаго з піянерскіх сквераў у наш час будуюць царкву.
“Пасёлак Трактарнага завода быў задуманы не проста як жытло для рабочых МТЗ — у канцы 1940-х ён зрабіўся сімвалам адбудовы СССР пасля вайны, — расказвае і паказвае Раман Абрамчук. — Ура-рэпартажы адсюль трансляваліся на ўсю савецкую імперыю, а сама будоўля пазіцыянавалася савецкімі ідэолагамі як падарунак Савецкага Саюза беларускаму народу, што прыняў на сябе асноўны цяжар нямецкай акупацыі. Замоўчваўся хіба немалаважны факт, што “Трактар”, як і палову сталінскага Мінска, будавалі палонныя нямецкія жаўнеры, а таксама інтэрнаванае грамадзянскае насельніцтва Нямеччыны, якое такім чынам “сплочвала доўг” савецкаму народу. Працоўны лагер на 5000 рабочых месціўся акурат на сучаснай тэрыторыі Трактарнага завода”.
Невядома, што цяпер робіць двух- і трохпавярхоўкі Трактара прывабнейшымі для фанатаў старой архітэктуры: рука архітэктара Зіновія Разенфельда, што шчодра рассыпала па “рабочых хацінках” ляпніну і скульптуры, або знакамітая нямецкая акуратнасць, на якой гэтыя дамы трымаюцца ўжо 70 гадоў без капітальнага рамонту.
У сталінцы на Трактары кожны чалавек можа адчуць сябе царом: найперш такому эфекту спрыяюць высокія столі. Але самыя чароўныя формулы для вуха “трактарафагаў” апісваюць структуру самога квартала. Гаворка пра “нормы азелянення і інсаляцыі”, закладзеныя ў праект хлопцамі Разенфельда. Колькасць бульвараў і сквераў а таксама аб’ём сонечнага святла, што прыпадае на душу насельніцтва ў раёне, не толькі адпавядае сучасным нормам, але істотна іх пераўзыходзіць.
Вокны і балконы сталінак могуць шмат расказаць пра сваіх гаспадароў
У кожным двары Трактара біў фантан і стаяў які-небудзь гіпсавы піянер з трубой — цяпер на гэтую экзотыку палююць фатографы з усяго свету, якім удаецца атрымаць беларускія візы. Што, на жаль, не відавочна ўладам Мінска: “Прагматызм, пасрэднасць і безгустоўе сёння, як і ва ўсе часы, спрабуюць узяць уладу над прыгажосцю ў свае нязграбныя рукі, хуткія на разбурэнне, — падсумоўвае наш натхнёны гід. — Але хто абароніць маўклівы стары дом, як не самі яго жыхары, або тыя, каму дадзена бачыць яго каштоўнасць? Толькі самім гараджанам вырашаць, што ў іх горадзе — вартае дэмантажу, а што — уключэння ў спіс помнікаў…”
Джэнтрыфікацыя па-беларуску
Розачка, Грушаўка, Трактар — сучасны рэжым, апантаны маніяй “Мінск — чысты горад”, паволі, але верна выпампоўвае “атмасферу” з самых рамантычных раёнаў Мінска. Мэта — сягнуць такога вакууму, у якім магчымае стэрыльнае кланаванне законапаслухмянага насельніцтва: лаяльнасць у абмен на выгоды. У першыя два модныя колісь сярод студэнтаў і творцаў раёны — ваколіцы вуліцы Розы Люксембург і былую вёску ў рысе Мінска — нядаўна праклалі метро. Драўлянай забудове Грушаўкі ўжо капцы, а хрушчоўкі Розачкі абшываюць дарагім пластыкам. Тое, што да 2011 года не чапалі пасёлак Трактарнага, які даўным-даўно забяспечаны метрапалітэнам, на гэтым фоне выглядае проста цудам.
Чыноўнікі — тыя ж “дзеці хрушчовак” — заяўляюць: аднаўляць двухпавярховікі там, дзе можна паставіць дом у 10 паверхаў, немэтазгодна. Так, замест жытла для 4 200 чалавек галоўны архітэктар неа-Трактара Марк Шумячар абяцае мінчукам 25000 койка-месцаў. “А гэта — тысячы машынаў!” — жахаюцца старажылы раёну. Аматарам адлюднасці больш не будзе дзе хавацца.
І праўда: матэрыяльных бонусаў ратаванне дома на 8 кватэраў з драўлянымі перакрыццямі не мае. А лічыць культурны капітал і бачыць аддаленую перспектыву беларускае чынавенства не навучанае. Новае жыццё, паводле дзяржплана, Трактар мае распачаць да 2015 года.
Іншы сцэнар джэнтрыфікацыі, пры якім прыватны інвестар будзе разумець, як важна для турызму і гарадскога мікраклімату захаваць у горадзе хоць нейкі лапік старой урбаністыкі, у Мінску немагчымы. “Дзяржава лічыць, што мае манаполію на мецэнацтва, старонняя спонсарская падтрымка крыўдзіць людзей наверсе”, — дзеліцца назіраннямі Марціновіч. Патэнцыйныя спонсары культуры расказваюць, як спрабавалі займацца дабрачыннасцю ў пачатку 2000-х, але пасля публічнай падзякі ад падшэфных іх бізнес зазвычай бываў атакаваны дзяржаўнымі праверкамі. Калі падтрымка культуры і адбываецца, бізнесоўцы дзейнічаюць кропкава і цалкам ананімна. У такім умовах пра тое, каб ператварыць закінуты дзіцячы садок на Чабатарова у, напрыклад, прыватны цэнтр дзіцячай творчасці, тутэйшыя хіпстэры могуць толькі марыць.
Чытаць па снезе
Іншы тормаз развіцця пасёлка ў новым кірунку — той казус, што большасць заводаў Мінска дагэтуль працуюць на поўную моц у рысе гораду. Тое ж з Трактарным: насельніцтва (часткова) з’ехала, але завод застаўся. Як сведчыць Марціновіч, “перспектыва Трактара азмрочваецца вялікімі тусамі трактаразаводцаў. Чалавек у багемным шаліку і акулярах можа тут банальна атрымаць па пысе. Тут цяжка ўявіць сабе модны клуб ці галерэю, бо тут дагэтуль канцэнтруюцца цэлыя цэхі рабочых. Бачыш праз дарогу тэнт? Гэта піўнуха, дзе яны збіраюцца пасля зменаў. Шпацыр паўз яе для інтэлігента — сур’ёзны іспыт на маскуліннасць…”
Кепская экалогія — яшчэ адзін фактар, які ставіць крэс на светлай будучыні раёна. Генеральны план па вынасе прадпрыемстваў за рысу горада на сёння здаецца такім жа нерэальным, як чартары на Марс. Але Віктар Марціновіч перакананы, што жыць у сталінках не так шкодна, як можа здавацца на першы погляд:
Наташа і Васіль — мясцовыя жыхары. Васіль прадставіўся “ўдарнікам ліцейнага цэху”, а сваю сяброўку рэкамендаваў як “вядомую трактарыстку”. З размовы, аднак, стала ясна, што яны хутчэй нашчадкі рабочых Трактарнага без акрэсленага занятку. Даведаўшыся, што я даследую жыццё раёна, Васіль хмыкнуў і сказаў, што я “рана прыйшла”. “Або наадварот — позна,” — дадаў ён, падумаўшы
“Кварталы сталінак узводзіліся паводле ружы вятроў. Заўжды глядзі на снег. Ён падкажа, дзе можна гуляць, а дзе не варта. Калі падысці бліжэй да прахадной Трактарнага завода, можна адчуць пах перагарэлага жалеза. Снег там чорны. Самая забруджаная вуліца Мінска — Уральская: туды дзьме вецер з Завадскога раёна. Але пасёлак МТЗ праектавалі па загадзе Сталіна і таму не шкадавалі грошы на даследаванні. Калі ты бачыш недзе сталінкі, часцей за ўсё яны пастаўленыя ў тых месцах, дзе за Сталінам забруджання не было. Зірні на снег. Ён белы. Паводле ружы вятроў, завод дасюль не дабівае”.
Кубічныя сны Галіны
Архітэктарка Галіна Залеская наўрад ці падпісалася б пад снегавой тэорыяй Марціновіча. Яна вырасла ў кубіку на вуліцы Сацыялістычнай, якая мяжуе з тэрыторыяй Аўтазавода. Паблізу яшчэ і смярдзючы “Мінскдрэў”. У 2009 яе сям’я і іх суседзі былі пераселеныя ў іншы канец горада — мікрараён Малінаўка. Жыхары вуліцы шмат гадоў дамагаліся новага жытла праз тое, што ў іх двары было немагчыма дыхаць.
„Там былі шыкоўныя прасторы паміж дамамі — курданеры з дзіцячымі пляцоўкамі. У маленстве мы разыгрывалі там шыкоўныя тэатральныя пастаноўкі”, — згадвае яна. „Кура што?” — „Курданеры — так архітэктары называлі на сваім слэнгу парадныя двары. Толькі ў нас не парадна было, а міла і ўтульна. Уражанне, што ты абаронены”.
Галіна жыве ў Малінаўцы, але ёй часта сніцца родны пакой на Аўтазаводзе: „Разумееш, я вырасла ў кубіку. Тры на тры на тры. А цяпер мяне нібы ўвапхнулі ў шуфлядку”. Галіна настальгуе па родным раёне, часам наведваецца ў паўразбураныя дамы, але разумее, што з’ехаць было неабходна. Яна не забыла, як там пахне.
Але такі выпадак змушанай міграцыі — хутчэй выключэнне. “Беларускі сярэдні клас не імкнецца жыць у сталінках. Іх вабяць новабуды, — мяркуе Марціновіч. — Я расказваю, што жыву ў сталінцы на “Аўтазаводзе” — калегі жахаюцца: прадаў бы, пераехаў у прыстойны раён. Мурашнік кшталту Малінаўкі для мінчука больш крута. Сталінкі — для псіхаў, памяшаных на архітэктуры. І праблема не ў тым што жыць у панэльным новабудзе для чалавека прэстыжна — гэта для яго таксама прыгожа. Да таго ж, людзі, якія пераехалі з вёсак у першым пакаленні, бачаць адсутнасць ліфта і смеццеправода ў доме як праблему. Іх каштоўнасць — стандарт жыцця, а не ляпная столь. Так што сярэдні клас на Трактар не сунецца. Яго “кліенты” — багема, якая не баіцца стаяць у адной чарзе з пралетарыямі”.
І наастачу: добрая навіна пра беларускі валютны крызіс 2011 года. Перабудова пасёлка Трактарнага завода і большасць іншых сапраўды фаўстаўскіх планаў па знявечанні вуліц і цэлых кварталаў Мінска была замарожаная праз брак фінансавання. Але заклапочаныя станам архітэктурнай спадчыны мінчукі не надта аптымістычна глядзяць на будучыню: новыя крэдыты, якія выцыганіць прэзідэнт у Расіі ці Захаду, новыя злачынныя продажы зямлі Венесуэле і арабскім краінам — і запланаванае зрушыцца з месца, на радасць усім аматарам закупіцца ў шкляным парніку гандлёвага молу раскошнай фурнітурай для новай пяціпакаёўкі. Усё ў імя таго, каб наступныя жыхары Мінска таксама маглі з годнай, узведзенай іміджмэйкерамі ў статус мясцовай фішкі абыякавасцю адказаць на запыт сацыёлага: “Мінск? Не ведаю. Проста горад”.