БелАЭС пасварыць саюзнікаў: на змену газавым і нафтавым войнам прыйдзе атамная?

Чаму Беларусі нявыгадна дабудоўваць АЭС, і як улады могуць згарнуць гэты праект без страты рэпутацыі, ацанілі эканаміст і эколаг.

aes_25.jpg

Менск спадзяецца на адтэрміноўку па выплаце крэдыту на будаўніцтва атамнай электрастанцыі, спасылаючыся на парушэнне Расіяй дамоўленасцяў па тэрмінах.
— Пакуль адкладаецца запуск першага блока аж на год. Можа быць, Расія папросіць яшчэ зрушэння гэтага тэрміну. Калі тэрміны былі сарваныя, мы дамовіліся аб тым, што тэрмін вяртання крэдыту трэба падоўжыць. І працэнтная стаўка павінна быць не горш, чым для іншых дзяржаў, — паведаміў Аляксандр Лукашэнка пасля сустрэчы з расійскім калегам.
Гэта галоўны вынік перамоў пашыранага складу дэлегацый Беларусі і Расіі і асноўная тэма дыскусій паміж Менскам і Масквой у бліжэйшыя гады, лічыць кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук.
Пакуль запуск першага энергаблока БелАЭС намечаны на 2019 г., хоць раней планавалі зрабіць гэта ў 2018-м. Кожная адтэрміноўка азначае павелічэнне кошту праекта, які першапачаткова ацэньваўся ў 11 мільярдаў даляраў. Адмова заходніх суседзяў купляць электраэнергію з Беларускай АЭС паставіла у тупік беларускі ўрад, які зараз не ведае, куды яе прадаваць.
— Аляксандр Лукашэнка справядліва заўважыў, што ні Міністэрства энергетыкі, ні Савет Міністраў не ведаюць, як ўбудоўваць гэты аб'ект у эканоміку Беларусі, і ўсе папярэднія планы выкінутыя ў сметніцу. Адзіны спосаб паводзінаў у гэтай сітуацыі, як у футболе, сушыць кошт, — іранізуе Яраслаў Раманчук.


Хутчэй за ўсё, будаўніцтва АЭС зацягнецца яшчэ на дзясятак гадоў

БелАЭС — гэта зусім відавочная інвестыцыйная памылка, якую зрабілі ў разліках ў сярэдзіне 2000-х гадоў. У 2005-2008 гадах беларуская эканоміка падвоіла ВУП у даляравым эквіваленце. Здавалася, попыт на электраэнергію будзе расці бурнымі тэмпамі і на беларускім рынку, і ў краінах Балтыі, і ў Расіі, і ў Польшчы. Зараз жа ўсе фактары, на якія рабілі разлік, зніклі. Адпаведна, грошы засвойваюцца, а перспектывы ніякай няма, — адзначае Яраслаў Раманчук.
Беларускія ўлады, на яго думку, будуць шукаць розныя падставы, каб не запускаць АЭС і не завозіць у краіну ядзернае паліва. Мінск будзе настойваць на тым, што расійскі бок нічога не робіць, можа выкарыстоўваць аргумент Літвы, каб потым казаць пра тое, што не так была праведзена экспертыза, не былі ацэненыя рызыкі пляцоўкі. У выніку праект будзе замарожаны. І яго будаўніцтва можа зацягнуцца яшчэ на 10-15 гадоў, прагназуе эканаміст.
— Гэта і трэба беларускім уладам, якія не хочуць плаціць доўг і працэнты: зрабіць доўгатэрміновы «вісяк», а ў гэты час усімі праўдамі і няпраўдамі прымушаць Расію купляць электраэнергію з Беларускай АЭС, — лічыць эканаміст.
У 2019-2020 гады пытанні вакол БелАЭС стануць ключавой праблемай у адносінах Мінска і Масквы, якая пераплюне праблемы з нафтай, газам і харчаваннем, таму што кошт пытання вельмі сур'ёзны, лічыць эксперт.


Можа быць, цяпер самы час згарнуць праект «БелАЭС»?

Рашэнне аб закрыцці праекта будзе добрым жэстам ў адносінах да Літвы і Еўрасаюзу, перакананы першы намеснік старшыні Беларускай партыі "Зялёныя" Дзмітрый Кучук. Беларусь перастане быць гульцом, які ставіць іх у рэжым падвышанай увагі да праекту, які выклікае шмат пытанняў у заходніх суседзяў.
— Так мы дакажам яшчэ і тое, што мы самастойная краіна, якая прымае рашэнні, незалежна ад палітычных рызык, — лічыць прадстаўнік «Зялёных».
Гэты крок пакажа свету Беларусь у выгодным святле як краіну, якая прызнала сваю памылку, адмовілася ад ідэі ператварыцца ў ядзерную дзяржаву і гатовая стаць на шлях развіцця "зялёнай" энергетыкі.
— Мы зможам пазіцыянаваць сябе як краіна, якая ідзе ў нагу з усім светам. У іншых краін будзе падстава паважаць Беларусь за такі ўчынак, — дадае Зміцер Кучук.
Але галоўны плюс згортвання праекта БелАЭС не ў тым, каб выгадна паўстаць перад заходнімі партнёрамі, а ў тым, што станцыю танней не дабудаваць, чым запусціць, эксплуатаваць і потым выводзіць з працы. Прыклады такіх рашэнняў ёсць. Тая ж Балтыйская АЭС, якая была зачынена прыкладна на такой жа стадыі якраз таму, што Расея не магла знайсці спажыўцоў электраэнергіі, адзначае суразмоўца.
Калі ж у будучыні Беларусі спатрэбіцца павялічыць магутнасці выпрацоўкі электраэнергіі, паступовае развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі дасць магчымасць зкрываць попыт, які расце.
— З пункту гледжання рэнтабельнасці і прыцягнення інвестыцый, вядома, «зялёная» энергетыка выгадней. Яна канкурэнтаздольная на рынку. У Германіі ёсць прыклад, калі электраэнергія, выпрацаваная альтэрнатыўнымі крыніцамі, становіцца бясплатнай, — тлумачыць Дзмітрый Кучук.
Магутнасць выпрацоўкі электраэнергіі БелАЭС параўнальная з ветрапаркам ў 2400 установак. Але калі першая намёртва прывязвае Беларусь да паставак паліва з Расеі, то стаўка на «зялёныя» тэхналогіі, наадварот, павышае энергетычную незалежнасць краіны.
— Мы можам развіваць біягазавыя ўстаноўкі ў маленькіх гарадах, ствараючы тым самым новыя высокааплатныя працоўныя месцы. Гэта добра ўвязваецца з развіццём сельскай гаспадаркі і арганічнага земляробства, — адзначае эксперт.
На яго думку, стварэнне невялікіх магутнасцяў, асабліва калі яны ўпішуцца ў прынцыпы «зялёнай» эканомікі, выгадней для сярэдняга бізнесу, кааператываў, для прыцягнення інвестыцый і працы ў рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
Паводле zautra.by