Беларусь губляе Гродзеншчыну?

Пакуль беларускім уладам і сілавікам мрояцца планы Польшчы па «захопу» Заходняй Беларусі і перасоўванні мяжы пад Стоўбцы, на манер 1920–1939 гадоў, штогод сотні хлопцаў і дзяўчат з Гродзеншчыны едуць вучыцца ў Польшчу, каб развітацца не толькі з беларускай сістэмай адукацыі, але і з Беларуссю.

Святкаванне 100-годдзя Macierzy Szkolnej, фота Марыі Коц

Святкаванне 100-годдзя Macierzy Szkolnej, фота Марыі Коц

Здавалася б, што дрэннага ў тым, каб беларускія маладзёны вучыліся на Захадзе? Узровень адукацыі найчасцей там сапраўды лепшы, дый наогул — лепш на Захад, чым на Усход, праўда ж? Разам з тым, такім чынам краіна планамерна губляе найбольш таленавітую і пасіянарную моладзь. Як гэта выглядае на практыцы?

На Гродзеншчыне працуюць дзве польскія школы, якія падпарадкоўваюцца дзяржаўнай сістэме адукацыі: у Гродна ды ў Ваўкавыску. Грамадская школа таксама дзейнічае пры неафіцыйным Саюзе палякаў, які ўзначальвае Анжаліка Борыс. Пасля чарговага расколу СПБ паўстала яшчэ адна грамадская школа, якая носіць імя Яна Паўла ІІ, яе кантралюе Мечыслаў Яцкевіч. Ну і, нарэшце, знакамітая Macierz Szkolna — грамадскі ліцэй са 100-гадовай гісторыяй, у якім зараз вучацца каля 2500 дзяцей.

Навучэнцы грамадскай школы пры Саюзе палякаў

Навучэнцы грамадскай школы пры Саюзе палякаў

Усе гэтыя ўстановы маюць наўпроставую сувязь з польскай сістэмай адукацыі. Пасля заканчэння ці дзяржаўнай школы, ці грамадскага ліцэю маладзёну варта толькі прыехаць, напрыклад, у Сакулку пад Беластокам, каб здаць выпускны экзамен (matura па-польску), — і дзверы польскіх ВНУ для беларусаў адчыненыя.

Будынак польскай школы ў Гродна

Будынак польскай школы ў Гродна

У марской школе Гдыні, скажам, раней нашых суайчыннікаў бралі наогул з мінімальнымі патрабаваннямі. Гэта, лічы, самы просты варыянт для фізічна здаровых хлопцаў з-пад Ліды ці Ваўкавыску. Наогул жа, з мінулага года ў Польшчы працуе адмысловая агенцыя, якая займаецца куратарствам навучання беларусаў, якім, зазвычай, дастаюцца спецыяльнасці са стыпендыяй ад 900 злотых на месяц і вышэй.

Не застаюцца ўбаку і агульнаадукацыйныя школы горада. Скажам, у адной з гродзенскіх гімназіяў у гэтым годзе з класу, у якім навучалася 15 чалавек, шасцёра паехалі здаваць экзамены і далей вучыцца ў Польшчы. У школе, якую я сам некалі закончыў, сёлета з трох адзінаццатых класаў, калі лічыць колькасна, адзін поўнасцю з’ехаў у Польшчу…

Лінейка ў польскай школе у Гродна, фота polaki.org

Лінейка ў польскай школе у Гродна, фота polaki.org

Канешне, улада спрабуе па-свойму рэагаваць на адток моладзі: на ўзроўні аблвыканкаму, гарвыканкаму і райана педагогам ладзяць «адлупы»: маўляў, як так, чаму выпускаеце дзяцей? Атрымліваецца, што вінаватыя… настаўнікі, якія нібыта дрэнна праводзяць прафарыентацыю падлеткаў. Гэта, фактычна, усё, што можа супрацьпаставіць бюракратыя аб’ектыўнаму працэсу вымывання моладзі, якая шукае за мяжой лепшай долі.

І зараз мы кажам толькі пра адукацыю, не кранаючы пытання агромністага адсотку працоўнай эміграцыі, працы Рыма-каталіцкага касцёлу ды іншых структураў. Агульны вектар тут цалкам зразумелы: калі польская моладзь ад’язджае на Захад, найперш, у Вялікабрытанію ды ЗША, то нехта мусіць заняць яе месца.

Вядома, што ў сучасным свеце галоўны рэсурс любой дзяржавы — не тэрыторыя, і нават не нафта з газам. Галоўны рэсурс — гэта чалавечы патэнцыял, працавітыя рукі ды светлыя галовы. Першымі, здаецца, гэта ў свой час зразумелі амерыканцы: вынік відавочны. У гэтым святле трызненні нашых ідэолагаў і сілавікоў пра нейкія базы NATA ля мяжы, «Вейшнорыю» ды «прапольскіх сепаратыстаў» — поўная лухта, узгадаваная савецкімі падручнікамі мінулага стагоддзя.

Сканчэнне 2017 навучальнага году ў грамадскім ліцэі Macierz Szkolna

Сканчэнне 2017 навучальнага году ў грамадскім ліцэі Macierz Szkolna

Здаецца, нават такі монстр, які жыве катэгорыямі мінулага, як наша ўсходняя суседка, гэта пакрысе разумее, бо не спяшаецца прымаць у свой склад тыя ж ДНР-ЛНР. Правільна, а навошта Расіі разбураны вайной дэпрэсіўны і ўбытачны рэгіён, які пацягне на сябе купу грошай з бюджэту? Тое самае і з Заходняй Беларуссю. Навошта яна Польшчы як тэрыторыя, забудаваная савецкімі прадпрыемствамі, з купай сацыяльна-эканамічных праблемаў? Без патрэбы. А вось выцягнуць з гэтай тэрыторыі больш-менш сэнсоўную моладзь — гэта вельмі мудра і перспектыўна.

Але не варта вінаваціць у чымсьці Польшчу, якая цалкам сыходзіць са сваіх прагматычных інтарэсаў. Праблема ў тым, што Беларусь пакуль нічога не можа супрацьпаставіць гэтаму працэсу. Пагадзіцеся, што пагрозлівыя мантры на нарадах у гарвыканкаме ці ўпраўленні адукацыі — гэта спроба заткнуць анучай дзірку ў тонучым «Тытаніку».

polska_macierz_szkolna.jpg


З вышэйсказанага напрошваецца некалькі высноў. Працэс, з якім мы маем справу, аб’ектыўны для ўсяго свету, людзі цягнуліся і будуць цягнуцца да лепшага жыцця. Беларусы едуць у Польшчу, палякі — у Вялікабрытанію, а брытанцам, відаць, застаецца ехаць толькі на Месяц альбо, ужо ў пенсійным узросце, на Маёрку. Адначасна месцы з’ехаўшых беларусаў у перспектыве будуць займаць рускія, чые месцы ўжо зараз займаюць кітайцы альбо каўказцы. Атрымліваецца такі сабе чалавечы Гальфстрым, які, не ведаючы межаў, працінае акіяны і прастору.

У якасці прамежкавай высновы можна задумацца пра лёс і перспектыву Саюза палякаў у Беларусі. Падтрымліваючы польскія адукацыйныя праграмы і накіроўваючы тутэйшых дзяцей ва Вроцлаў ці Кракаў, Саюз палякаў планамерна працуе на самазнішчэнне. Чаму? Бо такімі тэмпамі ў перспектыве палякі і тыя, хто пажадаў імі стаць, наўпрост скончацца ў нашым рэгіёне.

Польская патрыятычная выстава мастакоў на офісе Саюзу палякаў, фота Анджэя Пачобута

Польская патрыятычная выстава мастакоў на офісе Саюзу палякаў, фота Анджэя Пачобута

Ну і галоўная выснова: Заходняя Беларусь — гэта не «Гродна-Азот», «Лідскае піва», і нават не замкавыя муры ў Наваградку. Заходняя Беларусь — гэта людзі, моладзь, і пра гэты капітал трэба клапаціцца найбольш. Адміністратыўнымі мерамі вышэйзгаданы «Гальфстрым» у сучасным свеце адкрытых межаў спыніць наўпрост немагчыма: атрымаецца антыўтопія — чытай, Паўночная Карэя. А значыць, адзіны сродак пакінуць моладзь на сваёй зямлі — зрабіць Беларусь больш прывабнай і камфортнай у плане навучання, атрымання прафесіі, бізнесу і пражывання. А яшчэ — нарэшце навучыць моладзь любіць сваё. І гэтаму акурат у палякаў варта было б павучыцца!