«Беларусь мусіць быць парламенцка-прэзідэнцкай». Што з партыямі Бабарыкі, Латушкі і Дзмітрыева
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году трое беларускіх палітыкаў заявілі пра намер стварыць уласныя партыі. «Свабода» пацікавілася, як з таго часу прасунулася партыйнае будаўніцтва.
Пра стварэнне партыі Віктара Бабарыкі стала вядома яшчэ
летась у жніўні. Штаб палітыка распаўсюдзіў яго відэазварот, запісаны
напярэдадні арышту.
Павел Латушка абвясціў пра стварэнне ўласнай партыі ўвесну гэтага году і абяцаў цягам месяцаў прадставіць дэталі. Але дагэтуль кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва не расказаў падрабязнасцяў.
Таксама ўвесну пра пляны стварыць сваю партыю заявіў былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў. Ён нават агучыў яе працоўную назву — «Наша партыя».
Партыя Бабарыкі: «Большая частка дзейнасці не публічная, выключна для тых, хто прайшоў усе неабходныя этапы для ўступлення»
Каардынатар штабу Віктара Бабарыкі і аргкамітэту партыі «Разам» Іван Краўцоў расказаў, што праца над стварэннем партыі не спынілася і што каманда працуе «спакойна, зыходзячы з магчымасцяў цяперашняй сітуацыі».
Пакуль што, паводле яго, гэта практычна выключна
онлайн-актыўнасць: сустрэчы, семінары, лекцыі. Большая частка дзейнасці не
публічная, выключна для тых, хто прайшоў усе неабходныя этапы для ўступлення.
«Становішча ў Беларусі суперскладанае, галоўнае для нас —
гэта бяспека людзей. Партыя — гэта надоўга, гэта не праект, які можа даць
хуткі вынік. Самае важнае — захаваць супольнасць, якая падтрымлівае наш
палітычны парадак дня, бачанне будучыні Віктарам Бабарыкам і ягонай камандай.
Для нас саміх гэта таксама важна — мы шмат чаму вучымся дзякуючы зносінам з сябрамі партыі. Такія аб’яднанні, як наша, таксама маюць сваю «сезоннасць». У
перыяд выбарчых кампаній ёсць сэнс быць максымальна актыўнымі, у тым ліку
публічна, у міжвыбарны перыяд — гэта іншы тып працы: развіццё арганізацыі і
пабудова нефармальных кантактаў», — сказаў паплечнік Віктара Бабарыкі.
Іван Краўцоў кажа, што як толькі ў Беларусі можна будзе праводзіць
мерапрыемствы ўжывую, то штаб Віктара Бабарыкі будзе рыхтаваць устаноўчы з'езд
і падаваць дакументы на рэгістрацыю.
Партыя Латушкі: «Пастаянна працуем з актывістамі ў рэгіёнах»
Павел Латушка расказаў, што партыйнае будаўніцтва не сыходзіць з парадку дня, але цяпер ёсць абмежаванні палітычнага і адміністрацыйнага характару. Таму цяпер ягоная каманда праводзіць папярэднюю падрыхтоўчую працу для будучага стварэння партыі, калі для гэтага будуць умовы.
«На жаль, сёння цяжка гаварыць пра магчымасць развіцця
палітычнай дэмакратычнай сістэмы ў Беларусі. Фактычна адсутнічае магчымасць
рэгістрацыі новых і развіцця існых партый і палітычна-грамадзкіх рухаў.
Звязана гэта і з рэпрэсіямі ў бок грамадзтва за палітычныя погляды, і з
выкарыстаннем адміністрацыйных інструментаў, якія блакуюць магчымасць
стварэння і развіцьця партый», — кажа палітык.
Кіраўнік НАК дадаў, што яны распрацавалі адпаведныя падыходы
і матэрыялы для прыняцця праграмных дакументаў палітычнай партыі. Але
зарэгістраваць цяпер партыю ў Беларусі немагчыма, канстатуе Латушка.
«Але мы ўпэўненыя, што Беларусь мусіць быць
парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай з мінімалізацыяй функцый прэзідэнта і
моцным парламентам, які будзе фармавацца палітычнымі партыямі. І выканаўчая
ўлада будзе знаходзіцца ў палітычнай партыі альбо кааліцыі. Трэба быць гатовымі
да гэтага, — лічыць палітык. — Для нас таксама вельмі важна падтрымліваць
сувязь з патэнцыйным партыйным актывам у Беларусі. Гэта ў тым ліку неабходна,
каб быць гатовымі да стварэння рэгіянальных структур. Мы пастаянна працуем з
актывістамі ў рэгіёнах».
Партыя Дзмітрыева: «У канцы ліпеня ў рэжыме онлайн адбыўся
ўстаноўчы сход партыі»
Былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў кажа, што разам са сваёй камандай працягвае стварэнне «Нашай партыі». У канцы ліпеня ў рэжыме онлайн адбыўся ўстаноўчы сход партыі і быў сфармаваны яго аргкамітэт.
«Да партыі далучаюцца новыя людзі, і нам гэта вельмі
прыемна. Таксама мы працягваем працу над праграмай і стварэннем рэгіянальных
структур і сёння заклікаем усіх далучацца да аргкамітэту. У нас ужо ёсць
працоўныя групы. Мы не адмаўляемся ад намеру правесці ўстаноўчы сход, у якім
на патрабаванне Міністэрства юстыцыі мусяць удзельнічаць не менш за 1000
чалавек. Мы лічым, што стварэнне партыі — гэта, з аднаго боку, падрыхтоўка
людзей да выбараў, калі б яны ні адбыліся, а таксама падтрымка тых, хто хоча
заставацца актыўным і працягвае дзейнічаць нават у гэтых умовах», — гаворыць
палітык.
У інтэрнэце ўжо ёсць сайт партыі; штодня, паводле
Дзмітрыева, праходзяць онлайн-нарады і сустрэчы партыі, рэгіянальныя
спатканні. У інстаграме каманда Дзмітрыева робіць штотыднёвыя справаздачы, па
пятніцах праводзяць нефармальныя олайн-сустрэчы «Наша кухня».
Аднак у сувязі з сітуацыяй у краіне не пра ўсю дзейнасць каманда паведамляе публічна, кажа Дзмітрыеў.